«Рок за Баброў 2006»: фотарэпартаж

Выбар, на які фэст “Баброў” ехаць – “Рок за Баброў” ці “Beatles Forever” – выпаў на першы варыянт. І сам горад Бабруйск згуляў тут не апошнюю ролю. Аўтобусам, машынаю, аўтастопам, але добрая кампанія studenty.by наведала мэрапрыемства. Глядзіце фотарэпартаж з фэсту, а таксама з заводу, дзе і варыцца "Баброў". 

Рэпартаж варта падзяліць на дзьве часткі: завод па вытворчасьці “Баброва” і непасрэдна сам фэст.

Што да “Баброва” – то тут цяжка пісаць якіясьці камэнтары. Таму ўсё адлюстроўваю праз фота. Запомніць працэс вытворчасьці на словах апынулася не такім простым, як падавалася.  

За сьценамі вось гэтага сымпатычнага будыначка і варыцца піва.

Ня ведаю, дзе быў увесь пэрсанал - піва варылася сабе, налівалася, пакавалася, закручваліся коркі. Толькі пару чалавек мы заўважылі. Вось гэты хлопец на фота, кіроўца машынкі па перавозцы пакетаў з півам і яшчэ пару жанчынак. Поўная аўтаматыка.

Мара калекцынэраў піўных этыкетак ;). 

Далей ідзе проста без камэнтароў - бо сам працэс проста заварожвае. Цяпер я ведаю: чалавек можа вечна глядзець на тое, як льецца вада, як гарыць агонь і... як варыцца піва.

Наступныя два здымкі ў якасьці доказаў, што мы там былі! (піва пілі... ц-с-с...)

Адразу па прыезьдзе на пляц пад Палац мастацтваў нас чакаў сюрпрыз. На сцэне выступалі Indiga, як і было заяўлена ў анонсе, зь іншымі харошымі людзьмі (на фота) ;).

Шадзько з "Сястрою" запаліў народ "Марусяю" і іншымі вядомымі сьпевамі гурта.

ТТ-34 сярод іншых сьпеваў выканаў кавэр на "Blood" Gods Tower.

Пасьля невялікага перапынку на сцэну выйшлі галоўныя госьці вечару - "БИ-2". Яны выканалі ўсе вядомыя хіты гурта. Сюпрызам быў выхад на сцэну Вольгі Пятрыкінай, вакалісткі бабруйскага гурта "Сонечны бок". Лева, вакаліст "БИ-2", распавёў, што гурт нарадзіўся якраз у Бабруйску недзе ў 88-м годзе. Але пачынальнікамі рок-музыкі ў горадзе ён лічыць "Сонечны бок". "БИ-2" і Вольга Пятрыкіна разам выканалі некалькі песень, у тым ліку "Мой рок-н-рол".

Мы якраз абмяркоўвалі, зь якімі пачуцьцямі зараз выступае тут "БИ-2". Напэўна ж некалі іх ганялі тут за тое, што былі патлатымі, музыку ўсялюкую слухалі ды гралі. А зараз увесь горад схіляецца перад імі. Ці гэта не перамога? І якраз у гэты момант Лева перадаў прывітаньне ўсім бабруйчанам і асабліва 19-й школе. Народ верашчаў. А ён адзначыў, што ўсіх любіць, хоць яго і выгналі з гэтай 19-й школы :).

Канцэрт скончыўся, хоць усе чакалі працягу - і людзі і гурты. Але стражы міліцыя таксама былі на канцэрце. Таму ўсё! Канец. Едзем дадому. Хто аўтобусам, хто стопам, а хто цягніком.

 

У заключэньне - некалькі мінусаў і плюсаў сёлетняга "Року за Баброў".

- Нечаканы мінус, які ніяк не залежыў ад арганізатараў канцэрту, гэта забарона піць піва на вуліцы. Мясцовыя жыхары, напэўна, да гэтага былі гатовыя, а вось госьці зь іншых гарадоў чакалі на сьвяце піва ўволю напіцца піўком. Але чалавечая вынаходлівасьць ня мае межаў, таму многімі піва было знойдзена і выпіта, але не на тэрыторыі правядзеньня канцэрту :) 

- Сьвята нечым нагадвала сьвята горада. Абсалютная большасьць людзей была з самога Бабруйску. Дзесьці ў сярэдзіне канцэрту над натоўпам падняліся тры бээрэсэмаўскія сьцягі, якія, праўда, хутка былі прыбраныя. У той жа час пасьля фэсту быў арыштаваны малады хлопец, які ў заплечніку меў бела-чырвоны-белы сьцяг.

+ З боку арганізатараў фэст быў зладжаны выдатна. Тэхнічна ўсё было арганізавана сапраўды на ўзроўні. Прыемна, што нягледзячы ні на што, у Беларусі можна правесьці рок-канцэрт на належным узроўні. "Баброву" - рэспэкт! ;)

+ Музыкі. Прыемна з такой вялікай сцэны чуць беларускую рок-музыку. Расейскія "БИ-2" распавядалі пра сваё беларускае дзяцінства і любоў да Бабруйска. У выніку атрымалася цёплая местачковая атмасфэра.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0893 seconds.