На антываенны зварот украінскіх студэнтаў адказалі фальшывыя расійскія студэнты

Расійскія студэнты адказалі ўкраінцам традыцыйным наборам словаў пра «грамадзянскую вайну» ва Ўкраіне, але таксама сказалі чамусьці, што украінцам будзе сорамна, што яны страляюць ў расіян.

Антываенны зварот украінскіх студэнтаў да іх аднагодкаў з Расіі сабраў на Youtube за тыдзень амаль 2 млн праглядаў. У адказ у Расіі запісалі свой зварот, які таксама прыцягнуў моцную ўвагу. Аднак расійскія журналісты высветлілі, што маладыя людзі, якія называюць сябе студэнтамі, не маюць дачынення да ўніверсітэтаў, ад імя якіх выступаюць.

Маладыя людзі з Расіі, якія называюць сябе студэнтамі, гавораць пад драматычную музыку пафасныя выразы, якія аднак пярэчаць адзін аднаму.

«У нашай краіне паміраюць і вашы, і нашы салдаты», – звяртаюцца да расіян украінскія студэнты.

«У вашай краіне ідзе грамадзянская вайна», – адказваюць расіяне ўкраінцам ў пачатку роліка. Але ў канцы нечакана супярэчаць самі сабе:

«Вам прыйдзецца тлумачыць сваім дзецям, чаму вы стралялі ў нас».

Высвятляецца, што людзі, якія зняліся ў звароце моладзевага праекта «Сеть», на дадзены момант не з'яўляюцца студэнтамі ні Калінінградскага дзяржаўнага тэхнічнага універсітэта, ні Балтыйскай дзяржаўнай акадэміі рыбапрамысловага флоту. Пра гэта карэспандэнту «Нового Калининграда.Ru» у панядзелак паведаміў рэктар КГТУ, у склад якога ўваходзіць акадэмія, Уладзімір Валкагон.

«Я хачу вам сказаць, што не лічацца ў нас такія студэнты. У акадэміі ў нас наогул няма прафсаюзнай студэнцкай арганізацыі. Дзяўчына, якая называе сябе студэнткай універсітэта, не вучыцца ў навучальнай установе. Я яшчэ не паспеў разабрацца. Па астатнім студэнтам высвятляем. Пакуль яснасці няма», – распавёў Валкагон.

Не гледзячы на шматлікія доказы, афіцыйныя расійскія ўлады цяпер прызналі толькі выкарыстанне сваіх салдат і ўзбраення для акупацыі размяшчанага на поўдні Украіны Крымскага паўвострава, але ўдзел іх у вайне на ўсходзе Украіны працягваюць адмаўляць.

comments powered by Disqus
 
In 0.2623 seconds.