«Суржык + трасянка = тражык»: як украінскі інжынер-канструктар заснаваў белразмоўны клуб у Кіеве

У Кіеве ўжо 5 гадоў дзейнічае клуб аматараў беларускай мовы. Зацікаўленыя ды ахвочыя да беларускай мовы сустракаюцца раз на два тыдні для вывучэння ды паляпшэння ўзроўню беларускай мовы праз жывое стасаванне.

Дэйка Бугай жыве ў Кіеве, працуе інжынерам-канструктарам, акрамя тэхнікі захапляецца мовамі, роварам, часам удзельнічае ў валанцёрстве ды этнаграфічных экспедыцыях па Гомельшчыне. Аднойчы ён падумаў: «Было б крута, калі б існаваў нейкі размоўны клуб беларускай мовы». Пра тое, як шалёная моўная думка ўвасобілася ў пяцігадовую практыку і чаму ўкраінцы цяпер вучаць беларускую, малады ўкраінскі інжынер распавёў Generation.by.

Было б крута, калі б быў нейкі размоўны клуб беларускай мовы ў Кіеве

Клуб узнік у 2009 годзе. Я да таго часу ўжо некалькі гадоў цікавіўся беларускай мовай, ужо пару гадоў стасаваўся пісьмова з беларусамі, ездзіў двойчы на фэст БіФры і бываў у Беларусі, таму канешне ж стасаваўся з беларусамі яшчэ і ўжывую... і вось кожны раз мне было цяжка пачынаць размаўляць па-беларуску. Таму круцілася думка, што было б крута, калі б быў нейкі размоўны клуб беларускай мовы ў Кіеве, каб можна было падтрымліваць узровень беларускай паміж фэстамі ды наведваннямі Беларусі. 

Вырашыў – варта пачынаць

Пра тое, што ў Кіеве ёсьць аматары беларускае мовы, і нават нейкі фан-клуб N.R.M. існуе – я ўжо чуў, таму ідэя падавалася не такой ужо і нерэальнай. Але тым не менш доўгі час я не верыў у стабільнасьць такога клубу, таму не займаўся гэтай ідэяй. Але калі неяк, учуўшы пра гэтую ідэю, адна мая сяброўка сказала, што хадзіла б на такі клуб, я вырашыў, што варта пачынаць. Так недзе напачатку лета 2009 стварыў старонку ўкантакце БЕЛРАЗМОЎКЛУБ / БІЛРОЗМОВКЛУБ, і думаў у пачатку верасня правесьці першую сустрэчу клубу. 

Нулявая сустрэча

Але здарылася нечаканае: у верасні я вымушаны быў з'ехаць у камандзіроўку, і нечакана атрымалася, што менавіта ў гэты час адбылася, як я яе называю, нулявая сустрэча нашага белразмоўклубу. Атрымалася, што існуе нейкі лінгвафорум, і там ёсьць нейкія людзі, зацікаўленыя, акрамя іншых моваў, і ў беларускай. І вось яны сабраліся на такую сустрэчу, нават не ведаючы пра тое, што я збіраўся арганізоўваць падобнае.

Праўда пашэнціла, і адзін хлапец з той кампаніі неяк натрапіў на суполку белразмоўклубу, і напісаў, што яны сустракаліся. Я з імі скантакатаваўся, і ўжо на пачатку кастрычніка 2009 мы сустрэліся ўжо ўсе разам». 

Разбярыся крыху ў мове – і ты адкрываеш для сябе гэты свет

Філасофія нашага клубу - свабоднае, ненапружнае вывучэнне мовы. Праз размовы, бо размоўны клуб жа ж, праз слуханне музыкі, праз стварэнне сяброўскіх кантактаў украінцаў з беларусамі.

Беларуская найбольш падобная да ўкраінскае мова – і так мала мы пра яе ведаем. А гэта ж – цэлы свет песень, вершаў і прозы, такі блізкі па менталітэце ды мове – але ж крыху іншы. Разбярыся крыху ў мове – і ты адкрываеш для сябе гэты свет. 

Штосьці іх спанукала вывучыць мову беларускую

Дакладна ведаю, што шмат ёсць яшчэ людзей у Кіеве, пра якіх я нават і ня чуў, а яны ня чулі пра нас, і пры гэтым штосьці іх спанукала вывучыць мову беларускую, і яны яе нават вывучылі. Недзе гады паўтары таму выпадкова зусім даведаўся пра чарговага такога кіяніна. Зараз ён, праўда, недзе ў Польшчу з'ехаў :) 

У нас не курсы; курсы – не ў нас

У нас не курсы; курсы – не ў нас :) У нас няма канкрэтнага моманту «вывучыў», тут кожны сам сабе вырашае. З тых, хто хадзіў доўга і перастаў – шмат перасталі, калі дзяцей пазаводзілі. Шмат – калі зразумелі, што дасяглі нейкага ўзроўню, і зацікавіліся нейкімі іншымі мовамі ці заняліся якімі іншымі справамі –валанцёрствам, напрыклад, некалькі чалавек займаюцца. 

Скампанавалі «суржик» і «трасянку» ды атрымалі «тражык»

Запрашаць носьбітаў атрымліваецца не так часта, як хацелася б, але дзякуючы таму, што маем беларусаў у клубе, то ад носьбітаў мову чуем ужо значна часцей, чымсці ў 2009-2010 гадах, калі ў нас нават праз адсутнасць беларусаў у клубе з часам стварылася мова-мяшанка беларуска-ўкраінская. Думалі, як назваць, бо ж і слова такого няма – вырашылі скампанаваць «суржик» і «трасянку» ды атрымалі «тражык». Але як беларусы з'явіліся, то ўжо прасцей сачыць за чысцінёй мовы.

Уся інфармацыя аб сустрэчах аператыўна абнаўляецца на старонцы ў BK, таксама старонка ёсць і ў FB.


Юля Сакалоўская 13:10, 07.07.2015 | Артыкулы |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.1821 seconds.