Конкурсная праграма «Бардаўcкай восені» вяртаецца

Фестываль «Бардаўская восень», які ў мінулым годзе адсвяткаваў 20-ці гадовы юбілей, распачынае прыём заяваў на конкурсную праграму.

Бардаўская восень

«Бардаўская восень» цягам апошніх год працягвае спалучаць традыцыі і сучаснасць і адкрываць новыя імёны ў беларускай музыцы. Фэст з адметнай атмасферай і багатай гісторыяй у гэтым годзе пройдзе традыцыйна ў апошнія выходныя катрычніка ў Бельску, Беластоку ды навакольных мятэчках Падляшскага рэгіёну Польшчы.

Каб узяць удзел у конкурсе «Бардаўскай восені 2014», трэба даслаць 1-2 песні ў дэма-запісах, фота і сваю кантактную інфармацыю на афіцыйную скрыню конкурснага адбору vosien2014@gmail.com. Да ўдзелу ў конкурсе прымаюцца выключна аўтарскія музычныя творы на беларускай мове на ўласныя вершы, альбо на вершы беларускіх паэтаў, выкананыя ў акустычным фармаце. Першы этап конкурснай праграмы сёлеташняй «Бардаўскай восені» традыцыйна пройдзе ў фармаце адборачнага канцэрту ў Менску, які адбудзецца 14-га верасня ў бар-клубе «ДК» (Мінск, вул. Талбухіна 4, 3-ці паверх). У гэты вечар кожны з заяўленых канкурсантаў прадставіць адзін са сваіх твораў на суд публікі і журы. Па выніках канцэрту будуць вызначаныя канкурсанты, якія пазмагаюцца за перамогу на фестывалі ў Польшчы. 

«У мінулым годзе фестываль святкаваў юбілей і з гэтае прычыны конкурс не праводзіўся, - кажа каардынатар фестывалю ў Беларусі, Алесь Кот-Зайцаў, - але ў гэтым годзе традыцыя вяртаецца і мы, як і заўжды, запрашаем усіх ахвочых узяць удзел у конкурснай праграме фэсту, якая безумоўна з’яўляецца самай важнай падзеяй кожнай «Бардаўскай восені». У сувязі з перапынкам у цэлы год, мы чакаем шмат заявак ад канкурсантаў і спадзяемся, што ўдасца адкрыць сапраўды цікавых і яскравых маладых беларускіх музыкаў і ў гэтым годзе.» 

Заяўкі на ўдзел у конкурснай праграме прымаюцца да 12-га верасня. Надалей кожны з канкурсантаў мусіць узяць удзел у адборачным канцэрце 14-га верасня, па выніках якога і будуць вызначаныя ўдзельнікі конкурснага канцэрту «Бардаўскай восені 2014» у Бельску Падляшскім. Вызначаць пераможцаў, як і заўжды, будзе кваліфікаванае журы фэсту. Але не абыйдзецца і без прыемных цікавостак, адной з якіх стане прыз глядацкіх сімпатый на адборачным канцэрце і, безумоўна, запрошаная зорка вечару, якая пакуль трымаецца ў сакрэце.

Любыя пытанні звязаныя з удзелам у адборы на конкурсную праграму «Бардаўскай восені 2014», а таксама свае заявы на ўдзел можна дасылаць да 12-га верасня на скрыню vosien2014@gmail.com.

14:20, 26/08/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0894 seconds.