Бардаўская восень у рэжыме LIVE

Бардаўская восень

Фестываль «Бардаўская восень 2015» абвясціў дату адборачнага канцэрту ў Менску. Імпрэза адбудзецца ў сталічным бары «ДК» 13 верасня а 18-й гадзіне. Усе ўдзельнікі адборачнага канцэрту прэзентуюць свае творы на суд прафесійнага журы і гледачоў. Вынікам стане абвяшчэнне ўдзельнікаў конкурснай праграмы сёлетняга фэста, якія пазмагаюцца за ўзнагароды і лаўрэацтва «Бардаўскай восені 2015» на галоўнай фестывальнай сцэне ў Бельску Падляшкім у Польшчы.

Прыём заявак на ўдзел у адборачным канцэрце «Бардаўскай восені 2015» будзе доўжыцца да 10 верасня. Для ўдзелу ў адборачным канцэрце неабходна запоўніць анкету і даслаць яе разам з фотаздымкам і дэма-запісам на адрас vosien2015@gmail.com.

Спецыяльным госцем канцэрту стане лаўрэат леташняга фестываля, Аляксандр Ясінскі. Музыка, раней вядомы як баяніст гуртоў BosaeSonca i Fratres, прадставіць частку сваёй сольнай песеннай праграмы, анансуючы дэбютны сольны альбом. Адмысловы выступ на адборачным канцэрце «Бардаўскай восені 2015» прадставіць таксама гурт Leibonik на чале з Сяргеем Башлыкевічам, якіх можна смела назваць фаварытамі глядацкіх сімпатый мінулагодняга фестываля. Канцэрт распачнецца пунктуальна а 18:00, 13 верасня. Уваход на мерапрыемства вольны.

Усю інфармацыю пра ўдзел у адбрачным канцэрце «Бардаўскай восені 2015» можна атрымаць, напісаўшы на мэйл vosien2015@gmail.com, альбо звярнуўшыся да арганізатараў праз суполкі фестывалю ў сацыяльных сетках.


17:30, 03.09.2015 | Навіны |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.053 seconds.