У Менску пройдзе адборачны канцэрт фестываля «Бардаўская восень 2014»

14 верасня адбудзецца адборачны канцэрт фестываля «Бардаўская восень 2014». Фестываль, які ў мінулым годзе адсвяткаваў 20-ці гадовы юбілей, працягвае шукаць новыя імёны і адкрыцці ў беларускай музыцы. За гады існавання «Бардаўская восень» прымала на сваёй сцэне такіх выканаўцаў, як Кася і Алесь Камоцкія, Лявон Вольскі, Аляксандр Памідораў, Зміцер Вайцюшкевіч, Віктар Шалкевіч, праект «Народны альбом»і іншыя. Між маладых беларускіх музыкаў, імёны якіх сталі вядомымі шырокай публіцы дзякуючы перамогам на фэсце, гурты «BosaeSonca», «Re1ikt», «Нельга забыць», Таццяна Беланогая, Яўген Барышнікаў, Паліна Рэспубліка.

14 верасня ў мінскім бары «ДК» свае моцы ў адборы на конкурсную праграму фэсту паспрабуюць маладыя выканаўцы, якія прадставяць па аднаму твору на суд журы і публікі. У гэты ж вечар журы фестывалю вызначыць пераможцаў адбору, якія пазмагаюцца за лаўрэацтва «Бардаўскай восені 2014» у Бельску Падляшскім у Польшчы. Менскі адборачны канцэрт «Бардаўскай восені» традыцыйна не абыйдзецца без спецыяльных гасцей, якімі стануць пераможцы мінулага конкурсу «Бардаўскай восені», гурт «Нельга забыць».

Заяўкі на ўдзел у адборы на конкурс «Бардаўскай восені 2014» прымаюцца да 12-га верасня ўключна. Для ўдзелу дастаткова даслаць арганізатарам свой дэма-запіс, фота і кантактную інфармацыю на адрас vosien2014@gmail.com

Арганізатары таксама абяцаюць для наведвальнікаў канцэрту адмысловы сюрпрыз, які пакуль трымаецца ў сакрэце. Адбудзецца мерапрыемства 14 верасня а 18:00 у бары «ДК» па адрасе вул. Талбухіна 4, 3-ці паверх. Уваход на канцэрт вольны.

13:25, 03/09/2014 | Анонсы |
comments powered by Disqus
 
In 0.1938 seconds.