У Полацку забаранілі канцэрт Змітра Вайцюшкевіча

Чыноўнікі таксама намагаюцца звольніць дырэктарку Цэнтру рамёстваў, у якім мусіў адбыцца канцэрт Вайцюшкевіча.


Зміцер Вайцюшкевіч трапіў у «Спіс забароненых» увесну 2011 году. Фота з арт-праекту «Забароненыя музыкі выступілі на буйнейшых пляцоўках Менску» 

У Полацку забаранілі праводзіць канцэрт Змітра Вайцюшкевіча. Канцэрт мусіў адбыцца ў Полацкім Цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур і першапачаткова быў узгоднены з начальнікам аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкаму Віктарам Палушкіным. Аднак напярэдадні канцэрту ў райвыканкам патэлефанавалі з вобласці і ладзіць канцэрт забаранілі.

Па звестках праваабарончага сайту «Віцебская вясна», які распаўсюдзіў інфармацыю пра забарону, у райвыканкаме тэрмінова правялі нараду-разборкі, з высвятленнем хто арганізаваў канцэрт «апазіцыянера». Намеснік старшыні па сацыяльных пытаннях райвыканкаму Пётр Пяткевіч спрабаваў абвінаваціць у палітычнай недальнабачнасці дырэктара Цэнтру рамёстваў і нацыянальных культур Валянціну Крук, абвінавачваючы яе ў тым, што з ім, «гэтакім вельмі важным начальнікам», не ўзгаднілі правядзенне канцэрту. Піткевіч запатрабаваў звольніць Валянціну Крук з пасады дырэктара Цэнтру.

Дырэктар Цэнтру рамёстваў адказала, што канцэрт, як звычайна, узгадняўся з аддзелам культуры райвыканкаму, наконт яе працы да яе ніякіх прэтэнзій няма і сама звальняцца яна не будзе. Полацкія прыхільнікі творчасці Змітра Вайцюшкевіча абураныя паводзінамі полацкіх уладаў, якія сарвалі іх сустрэчу з папулярным беларускім артыстам.

14:44, 22/11/2013 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.1042 seconds.