Прыгоды беларускіх студэнтаў у Японіі

Японскія працаголікі надзвычай здзіўляюцца, што такое магчыма, каб большасць насельніцтва не размаўляла на дзяржаўнай мове краіны. Экзатычныя для японцаў беларусы расказваюць Generation.by, чым яшчэ здзівіць свет, як там вучацца і вучаць, пра звычайныя землятрусы, чыстыя японскія вуліцы і сваю місію распаўсюджваць веды пра радзіму.

«Японцы па змоўчванню ідэнтыфікуюць нас як амерыканцаў»

Сяргей, 25 год,
г. Осака

Я вырашыў паехаць у Японію яшчэ ў школе. Шчыра кажучы не ведаю, чаму я так вырашыў, але мэта была пастаўленая. Напэўна, Японія мяне ўразіла яшчэ на ўроках гісторыі: там я даведаўся, што Японія ледзьве не адзіная азіяцкая краіна, якая не была каланізаваная. Да таго ж на той момант шмат чаго мяне не задавальняла ў нашым грамадстве і я па-свойму шукаў шляхі выйсця. Адзінае я ведаў: у Еўропе ці Амерыцы адказаў я не знайду. Заставалася толькі Азія.

Хацеў вывучаць японскую ва ўніверсітэце, але ў год майго паступлення набору не было. Таму прыйшлося пайсці на факультэт міжнародных адносін вывучаць эканоміку. Я знайшоў рэпетытара па японскай і пачаў вывучаць мову самастойна. Пасля даведаўся пра стыпендыю японскага ўраду, здаў паспяхова іспыты і паехаў у Японію. Японскі ўрад пакрываў выдаткі на вучобу, а таксама плаціў мне стыпендыю, трохі больш за тысячу долараў. 

Мне падавалася, што за час вывучэння японскай у Беларусі, я дазнаўся шмат пра краіну, дзе мне выпадала правесці 5 наступных год. Але, калі я сышоў з трапу самалёта, скеміў: гэта іншая планета. Тут усё па-іншаму: дарогі, крамы, дамы, чалавечыя стасункі... Усё выклікала дзікае захапленне: навокал акуратна і чыста, людзі ветлівыя і бесканфліктныя. На кантрасце з тым, да чаго я прызвычаіўся дома, гэта пакідала самае прыемнае ўражанне аб гэтай краіне.

Ежа тут незвычайная, але смачная і крыху больш здаровая чым дома. Соя — адзін з галоўных прадуктаў: яна прадстаўленая на стале і ў выглядзе соўса і ў выглядзе супа з бабовай пасты «місо», і ў выглядзе соевага тварагу. Для еўрапейцаў самая дзіўная страва з-за яго спецыфічнага паху будзе напэўна «натто» — соевыя бабы, якія перабрадзілі. Зрэшты, гэта справа звычкі, на смак яны не такія ўжо і кепскія, да таго ж карысныя для стрававання. Агулам смак японскай кухні мяккі, нярэзкі і спецыі тут асабліва не любяць, аддаюць перавагу натуральнаму смаку інгрэдыентаў. Таму, калі японцы едуць за мяжу, у іх часта псуюцца страўнікі, бо яны не звыклыя да заморскіх прыпраў.

Жыць у Японіі даволі дорага, і калі не было б у мяне стыпендыі, я наўрад ці змог бы тут пражыць. Прадукты каштуюць нямала, асабліва садавіна і гародніна. Іх прадаюць паштучна, што для нас, якія прывыклі купляць кілаграмамі, спачатку падаецца смешным. З іншага боку, японцы ядуць даволі мала, так што ім, бадай што, хапае. Тут нават ёсць выраз, які абазначае ідэальную ступень насычэння ежай: «адна восьмая страўніка». Але калі гаворка заходзіць пра прысмакі, то «для іх ёсць асобны страўнік». 

Японія — монанацыянальная дзяржава, 99% насельніцтва — японцы. Еўрапейцы для мясцовых жыхароў усё яшчэ дзівота: колькі разоў мне даводзілася лавіць на сабе цікаўны позірк дзяцей, якія мяне разглядалі з адкрытым ротам. Дзіўным чынам склалася так, што японцы па змоўчванню ідэнтыфікуюць нас як амерыканцаў. Відаць, вельмі глыбокі след пакінула іх знаходжанне тут падчас пасляваеннай акупацыі. 

Японцы — вялікія працаголікі. Яны літаральна жывуць на працы, што нярэдка даводзіць да таго, што дзеці не бачаць сваіх татаў. Магчыма карані гэтай з’явы знаходзяцца ў тым, што для японца жыццёва важна адчуваць сваю прыналежнасць да якой-небудзь сацыяльнай групы. А паколькі ў большасці такой застаецца толькі працоўны калектыў, то ўсё жыццё чалавек замыкаецца на працы. Магчыма і японскае «эканамічнае дзіва» шмат чым абавязана і такой вялікай колькасці працы. У японскай нават існуе такі панятак «карошы» — смерць ад перапрацоўкі. Пры найме на працу шматлікія кампаніі прад'яўляюць патрабаванні не да ўменняў і навыкаў, а да трываласці. Сістэма пажыццёвага найму пачала руйнавацца апошнім часам, але тым не меней, пры паступленні на працу японскі выпускнік усё яшчэ мяркуе, што будзе працаваць там усё жыццё.  

Японская мова — сама па сабе складаная, бо тут выкарыстоўваецца тры віды сімвалаў: складавая азбука хірагана, складавая азбука катакана (выкарыстоўваецца ў асноўным для запісу запазычаных слоў), «кітайскія» іерогліфы, якія хоць і былі некалі запазычаныя ў кітайцаў (праз карэйцаў — вось як бывае), былі спрошчаны на японскі капыл і нярэдка маюць іншы сэнс у параўнанні з кітайскім аналагам. 

«Беларусы нідзе не прападуць»

Юля, 28 год,
г. Кіёта

Маё знаёмства з Японіяй пачалося каля 10 год таму, калі нешта ці нават нехта падштурхнуў мяне паступіць на аддзяленне «лінгвакраіназнаўства» факультэта міжнародных адносін БДУ. Часам пытаю сябе: а ці нельга было, даражэнькая Юля, выбраць якую краіну бліжэй да Беларусі?! Першы раз прыехаць у Японію мне пашанцавала яшчэ студэнткай 3 курса БДУ. Тады гэта была шасцітыднёвая азнакамляльная праграма ў прэфектуры Осака. Дзякуючы ёй, мне давялося паглыбіць свае веды ў японскай мове і павітаць сінтаісцкіх багоў з Вялікім Буддай ў такіх гарадах, як Кіёта, Нара, Осака і Хірасіма. 

Прыблізна праз год мяне паклікала ў госці Токіа. Што тут казаць: сталіца — яна і ў Афрыцы сталіца... Год навучання ва ўніверсітэце Васэда выдаўся вельмі і вельмі пладавітым у плане авалодвання японскай мовай. Кожны дзень — заняткі толькі па мове ў розных аспектах. Наваколле выключна японскае, большасць сяброў – таксама...Што тычыцца грошай, то стыпендыі хапала і каб за жыллё заплаціць (у Токіа я жыла ў інтэрнаце), і на харчаванне, і на розныя дробязі.

А вось прывыкнуць да тутэйшых цягнікоў нават за год не атрымалася: «звычайныя» цягнікі, «хуткія», «хуткія-прыхуткія»... адзін спыняецца на гэтым прыпынку, другі — не... дзяржаўныя лініі, прыватныя... садзішся ў адным канцы горада, а трапляеш зусім у іншы, нават, калі зусім і не планаваў туды ехаць... Аднак, я не адмаўляю верагоднасць таго, што у гэтым вінаватыя зусім не цягнікі:)

Скончыла я БДУ, крыху папрацавала ў Амбасадзе Японіі, дзе набыла багаты вопыт і прыемных знаёмых, і вырашыла ізноў паўдзельнічаць у конкурсе на стыпендыю. Такім чынам я і трапіла нарэшце ў Кіёта, дзе жыву ўжо 3,5 гады. За гэты час паспела прайсці курс стажора-даследчыка ў галіне мовазнаўства, а потым паступіць у магістратуру, якую і збіраюся скончыць у наступным годзе.

Кіёта — гарадок адносна невялікі і вельмі камфортны для жыцця і навуковай дзейнасці. Канешне, да усяго трэба прывыкаць напачатку, без гэтага аніяк. Але мы ж «гайдзіны» («гайдзін» па-японску азначае «іншаземец, чалавек звонку»), адкуль нам што ведаць?! Таму японцы цярпліва ўсміхаюцца і тлумачаць ўсё, што нам не зразумела.

Заняткі ва універсітэце праходзяць даволі проста – слухаеш лекцыі, а напрыканцы семестру здаеш даклад, ці робіш на занятках некалькі вусных паведамленняў (напрыклад, вынікі твайго даследавання), па якіх цябе і ацэньваюць. Таксама ёсць спецыяльны пакой-лабараторыя, дзе можна займацца самастойна.

З ежай праблем амаль што няма – прыелася рыба — купляй мяса (яно, на жаль, не вельмі таннае), захацелася нечага «нашага» — можна замовіць буракоў з Хаккайда і прыгатаваць боршч ці вінегрэт. Бывае, што не хапае малочных прадуктаў, напрыклад, тварагу. Але яго можна і самому зрабіць, было б жаданне! Беларусы нідзе не прападуць! :)

Назву нашай радзімы многія з японцаў нават і не чулі, але гэта толькі яшчэ болей прабуджае цікавасць да Беларусі. Я з гонарам распавядаю і японскім дзецям у школах, і дарослым пра незвычайную прыгожосць беларускай прыроды і заўсёды запрашаю да нас у госці!

«Даўно думала пра выкладанне беларускай мовы японцам»

Тася, 27 год,
Токіа

Я пачала вывучаць японскую мову, калі пасля школы паступіла на спецыяльнасць «Лінгвакраіназнаўства» («Усходазнаўства») факультэта міжнародных адносін БДУ.  На 2-ім курсе я даведалася, што існуе праграма Міністэрства адукацыі Японіі, якая дазваляе атрымаць ступень бакалаўра ў любым іх дзяржаўным універсітэце з забеспячэннем стыпендыяй на ўсе 5 гадоў навучання. Я апынулася другім чалавекам з Беларусі, хто быў прыняты  на навучанне па гэтай праграме. Пасля аднаго году інтэнсіўнага курсу японскай мовы я паступіла ў Такійскі Універсітэт на спецыяльнасць «Міжнародныя адносіны», дзе правучылася 4 гады. 

Акурат, калі на поўначы Японіі здарыўся землятрус у сакавіку 2011 году, я заканчвала універсітэт (навучальны год у Японіі сканчаецца ў студзені-лютым, пачынаецца ў красавіку). Я павінна была працягваць навучанне ў магістратуры таго ж самага унівэрсітэта, але параіўшыся з сям’ёй, вырашыла, што надышоў час з’язджаць. За 5 гадоў я ўжо больш-менш прызвычаілася да землятрусаў, але невядомасць наконт таго, што можа адбыцца з атамнай станцыяй у Фукусіме, вельмі непакоіла. У той час многа іншаземцаў з’ехала з Японіі, ці часова ці назусім. Ужо вярнуўшыся ў Беларусь, я падала дакументы ў Лейдэнскі Універсітэт у Нідэрландах, дзе цяпер навучаюся ў магістратуры па спецыяльнасці «Япаністыка» (Японія ніяк не адпускае мяне))). Праграма ў Лейдэне прадугледжвае адзін год навучання ў японскім універсітэце па студэнцкім абмене. 

Так я апынулася ізноў у Токіё, але на гэты раз у Сафійскім універсітэце (універсітэт заснаваны езуітамі, адсюль і такая назва). Падчас навучання ў Такійскім універсітэце ўсе заняткі адбываліся па-японску, прыходзілася часта прасіць канспекты ў японскіх аднагрупнікаў ці самастойна шукаць інфармацыю на ангельскай ці расейскай мове, каб дасканальна зразумець змест лекцыі. У Сафійскім універсітэце, наадварот, заняткі па спецыяльнасці адбываюцца па-ангельску і больш таго з замежнымі выкладчыкамі. Атрымоўваю стыпендыю Jasso — арганізацыі, якая была створана пры Міністэрстве адукацыі Японіі. Стыпендыі хапае на асноўныя патрэбы: аплату інтэрнату, харчаванне, студэнцкі праязны. Замежным студэнтам не цяжка знайсці падпрацоўку ў Японіі, гэта можа быць выкладанне замежных моваў, праца ў ангельскамоўных лагерах для японскіх школьнікаў ці ў кампаніях, якія ізноў жа патрабуюць валоданне мовамі.

Калі ў гэты раз ляцела ў Японію, было адчуванне, што еду не за 9 тысяч км, а дадому. Але ёсць моманты, якія даюць зразумець, што я ўсё ж такі не прыналежу да гэтага месца. Напрыклад, іншы раз не стае шчырасці, адкрытасці ад японцаў. Усе навокал вельмі ветлівыя, часам гэтая ветлівасць здаецца празмернай і хочацца звычайных чалавечых эмоцыяў, нават калі гэта будзе раздражненне ці незадаволенасць. Таксама калі-нікалі здзіўляе, як японцы могуць жыць строга па правілах, прынятых у грамадстве, ні кроку ў бок. У мяне склалася ўражанне, што японцы надта не любяць слова «выключэнне», да якога мы так звыклыя ў Беларусі. І, калі ўсё ж робяць выключэнне, успрымаецца гэта як нешта вельмі надзвычайнае. Таксама часам мне асабіста не стае таго, што незнаёмыя людзі не размаўляць адно з адным у краме ці ў цягніку, а маладыя людзі не робяць кампліменты дзяўчынам на вуліцы :) Але японцы кажуць, што гэта чыста такійская з’ява.

З пазітыўнага — часам японцы здзіўляюць «салідарнасцю з заклапочанымі іншаземцамі», якую я таксама адчула на сабе. Ніколі не забуду як гадоў 6 таму па дарозе дамоў я патрапіла пад дождж. Каля скрыжавання ля мяне спынілася машына, адкуль японка проста так працягнула мне свой парасон. І яе, пэўна, не турбавала тое, што яна ўжо, вядома, ніколі не атрымае яго назад, бо мы адна адной зусім незнаёмыя людзі. Ці самы распаўсюджаны выпадак, які здараецца, мусіць, з усімі іншаземцамі ў Японіі, калі падыходзіш да інфармацыйнай мапы (такія мапы расстаўленыя паўсюдна ў горадзе), каб упэўніцца, што рухаешся менавіта туды, куды хацеў, ні стуль ні ссюль з’яўляецца які-небудзь мінак і намагаецца папытацца на ломанай ангельскай мовай, ці не патрэбна дапамога. І, калі яна ўсё ж такі патрэбна і шлях да мэты пакручасты, нярэдка той самы мінак пойдзе паказваць дарогу, часам не гледзячы на тое, што сам накіроўваўся ў іншы бок.

Наколькі мне вядома, беларускую мову нідзе дагэтуль у Японіі не выкладалі, таму я даўно думала пра яе выкладанне японцам, яшчэ калі навучалася на бакалаўра. Штуршком з’явіліся курсы «Мова ці кава», распачатыя сёлета ў Маскве. Курсы ў Токіа я бачу не толькі як перадачу ведаў жадаючым авалодаць нашай мовай, але і як дзейсны спосаб распаўсюджвання інфармацыі пра Беларусь, пра нашу культуру, сучаснае становішча беларускасці. Японцаў з’дзіўляе, як такое магчыма, каб большасць насельніцтва не размаўляла на дзяржаўнай мове краіны. Нашы курсы наведваюць два студэнты-японцы, якія акурат даследуюць моўныя і палітычныя абставіны ў Беларусі. Акрамя японцаў, на курсы прыходзяць украінцы і нават грамадзянін Перу! (На жаль, беларусы да нас яшчэ не завітвалі).

Увогуле, наведвальнікі курсаў вельмі розныя і па ўзросце і па роду дзейнасці, але іх аб`ядноўвае зацікаўленасць у нашай краіне, што не можа не цешыць. Мы сустракаемся штотыдзень, распачыналі з альфабэту ды простых вітанняў, цяпер патроху знаёмімся з граматыкай ды ўзбагачаем слоўнікавы запас. Усе наведвальнікі курсаў ужо валодаюць ці расейскай ці польскай мовай, таму звычайна не мае патрэбы тлумачыць асноўныя граматычныя моманты. 

Звычайны японец, які адмыслова не цікавіцца славянскай культурай, мовамі, палітыкай краінаў Усходняй Еўропы і г.д., нават не ведае, дзе знаходзіцца Беларусь ці як правільна вымаўляецца назва нашай краіны. Але гэта не дзіва, з такой з’яваю я сустракалася і ў Еўропе (вядома, радзей чым у Японіі). Але з іншага боку, гэта не так ужо й кепска, бо калі ў чалавека няма ўжо створаных, напрыклад, СМІ стэрэатыпаў, значыцца, можна ствараць такое ўяўленне аб Беларусі, якое я сама лічу дакладным, і можна не турбавацца аб тым, што нас і тутака будуць лічыць часткай Расеі ці з’дзіўляцца, што існуе такая мова як беларуская. 

Яшчэ:

Беларускія студэнты ў Паўднёвай Карэі
Беларускія студэнткі ў Кітаі
Беларускія студэнткі ў В’етнаме

Калі вам ёсць што распавесці пра навучанне і прыгоды ў экзатычных (і не вельмі) краінах – пішыце, нам цікава: team@generation.by

Малюнкі: Sakuma shigeru


Наста Darteco 17:24, 07.10.2013 | Артыкулы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0532 seconds.