Беларускія студэнткі ў Кітаі: «Яны не адрозніваюць брунетак і бландзінак»

Беларускія студэнткі ў Кітаі


Кітай — краіна дастаткова экзатычная для беларусаў, і наважыцца паехаць туды вучыцца не вельмі лёгка. Да еўрапейцаў у Кітаі ставяцца, мякка кажучы, з цікаўнасцю: паказваюць пальцам ды бягуць фатаграфаваць. Кітай — краіна, дзе шмат людзей, нязвыклай для нас ежы ды незразумелых традыцый. Тры беларускія студэнткі, што наважыліся на такі challenge, расказалі Generation.by пра сваё жыццё, навучанне і працу ў краіне Канфуцыя, фэн-шуя ды камуністычнай дыктатуры.

Культура дзіцячага какання на вуліцах

Алеся

  • МДЛУ, перакладчыцкі факультэт
  • 2011-2013, горад Куньмін
  • 6000 юаній за семестар (1 000$)

На ежу сыходзіць ад 20 юаній (3 долара), калі сілкавацца ў сталоўках: 7 юаній за сняданак (2 ёгурты, шклянка соевага малака, мусульманскі піражок), 6-7 юаній (1 долар) на абед і столькі ж на вячэру (рыс, 2-3 віды гародніны, мяса я не ем). 

Мне вельмі тут падабаецца. Я яшчэ да Кітаю скончыла міжнародныя курсы выкладчыкаў англійскай мовы TESOL, працую ў некалькіх школах. Увогуле, вельмі шмат магчымасцяў працаваць. Часцей за ўсё, нешта звязанае з камерцыяй. Шмат знаёмых працуе пасярэднікамі ў бізнесе, напрыклад, ажыццяўляюць закупкі. Карацей, рабі, што хочаш.

Я жыву ў Куньміне. Многія замежнікі прыязджаюць сюды пасля таго як начыталіся артыкулаў у «Вікіпедыі» і моцна абламваюцца, асабліва, калі прыязджаюць напрыканцы вясны альбо ў пачатку восені (паўгады — сезон дажджоў). Што мяне вельмі здзівіла, дык гэта тое, што ў Кітаі вельмі распаўсюджаная культура дзіцячага какання на вуліцах. А паколькі Куньмін — горад вечнай вясны, то дзеці какаюць на вуліцы цэлы год. Яны какаюць паўсюль: на ходніку,  у парку, у краме. Аднойчы я бачыла дзяўчынку, якая прысела ў банку. Мама ёй паклала сурвэтачку. Акурат фота на вокладку «Вакол свету». 

Яшчэ кітайцы шмат кураць і п’юць. Першы час мяне гэта вельмі шакавала. Калі сярэднестатыстычны кітаец есць, то звычайна ён плюецца і кідае смецце на падлогу. Хаця бываюць выключэнні. 

Калі я здымала кватэру ў адной з псеўда-еўрапейскіх камун, мой дзень пачынаўся з кукарэкання за вакном. Жывучы ў горадзе, нават забяспечаныя кітайцы, мяркуючы па ўсім, сумуюць па вёсцы, таму шмат людзей трымае кур. 

«Яны не адрозніваюць брунетак і бландзінак»

Інга

  • БДУ, філфак
  • 2010-2011, горад Далянь
  • 6000 юаній за семестр (1 000$)

Працэс навучання крыху адрозніваецца: мы навучаемся, навучаемся, а потым за тры дні мусім здаць усе іспыты, то бок часу для падрыхтоўкі не даюць, удзень бывае па два-тры іспыты. Заняткі праходзяць так: з раніцы пары, потым у абед звычайна кітайцы спяць, таму перапынак на дзве гадзіны, і потым яшчэ адна пара. Ну і там стобальная сістэма. 

Я тут вывучала кітайскую ў БДУ, вось мы тут вучылі нейкія выразы, але мы мала размаўлялі. І калі я прыехала ў Кітай, мяне не разумелі спачатку. Прыязджаем у аэрапорт, думаю: «Ай, англійскую ўсе ведаюць, разбярэмся». Апынулася, што элементарна нават у аэрапорце ніхто па-англійску не размаўляў. 

У першыя дні хацелася дадому, думала: «Што я тут раблю?». Яшчэ было неяк страшна нешта там есці, і мы спачатку елі нешта накшталт «Ралтону», а потым звыкліся з ежай. Вельмі смачная садавіна ёсць, напрыклад, драконавае вока, гэта кшталту вінаграду ці яблыка. Ёсць смачныя цукеркі таксама — «маодзэдункі». А ўвогуле там своеасаблівыя прысмакі, напрыклад, марозіва з гарохам ці кукурузай.

У іх вельмі цэніцца сям’я. Калі, напрыклад, на вячэру рыба, то галава мусіць дастацца главе сям’і. Пэўная рассадка за сталом таксама. 

Кітайцы падымаюцца а шостай і кладуцца а дзявятай. У нас з імі вельмі не супадаў графік, і суседзі на нас скардзіліся.

Калі прыехала ў Беларусь, у мяне быў шок: «Дзе людзі?». Бо там так шмат людзей на вуліцах, а тут так пуста. А калі прыходжу ў свой універсітэт, часам бывае адчуванне, што я ў Кітаі — так шмат кітайцаў на філфаку.

Для іх мы ўсе на адзін твар. Нягледзячы на тое, што я брунетка, а мая сяброўка бландзінка, нас часта блыталі, казалі: «Вы такія аднолькавыя». 

«Гэта лічыцца класна, калі ў кітайца ёсць сябар-еўрапеец»

Валерыя

  • Скончыла біафак БДУ
  • 2011-2013, горад Цяньдзінь
  • атрымала стыпендыю 6 000 юаній (1 000$)

Я ў Беларусі пасябравала з хлопцам з Турэччыны, неяк яго сустракаю, кажу: «Як справы?», а ён мне: «Вось іду ў Цэнтр кітайскай адукацыі, хачу паехаць у Кітай». Я падумала «Гм, Кітай, цікава» і пайшла з ім, так я апынулася ў Кітаі.

Каб вывучыць добра кітайскую, ехаць лепей за ўсё ў Пекін, ці гарады якія побач, бо ў астатніх гарадох дыялекты кітайскай. Але Пекін — шматнацыянальны горад, таму, каб цалкам пагрузіцца ў кітайскую культуру, варта ехаць у меней распаўсюджанае сярод замежнікаў месца, таму мы абралі Цяньдзінь.

Вучыцца ў Кітаі цяжка. Прыязджае вельмі шмат еўрапейцаў, і пасля першага семестру з’язджаюць, бо не вытрымліваюць нагрузкі, ладу жыцця. 

Ежа вельмі адрозніваецца. Вельмі шмат лапшы, нават не рысу. Але амаль няма малочных прадуктаў, няма тварагу, сыру. З іншага боку крэветак шмат, гародніны, садавіны таннай. Яшчэ яны ядуць галубоў, вераб’ёў. У іх яшчэ ёсць такая тэорыя цэласнасці, таму ўсе прадукты гатуюцца цэлымі. Калі гэта верабей, то і падаецца ён з галавой і лапкамі, то бок цэлая птушка, толькі засмажаная. Яшчэ ёсць такі дэлікатэс для дзяўчат: засмажаныя курыныя лапкі, яны проста з пазногцямі. Лічыцца крута, калі дзяўчына ідзе па вуліцы і есць такую лапку.

Вельмі дзіўныя звычкі. Кітайцы бачаць еўрапейца і адразу падбягаюць: «Ого, еўрапеец!». А калі яшчэ бландзінка з блакітнымі вачыма, то лепей апрануць паранджу і не паказвацца. Калі жывеш у вялікім горадзе, яшчэ куды не ішло, а вось, калі прыязджаеш у нейкую вёску — то ўсё. Да гэтага проста трэба прызвычаіцца. Кітайцы заўсёды імкнуцца пасябраваць, гэта лічыцца класна, калі ў кітайца ёсць сябар-еўрапеец. І часам гэта вельмі настойліва робіцца. 

У 2012 годзе ў Беларусі навучалася болей за 2 тысячы кітайскіх студэнтаў. А ў самім Кітаі паводле афіцыйнай статыстыкі — болей за сотню беларусаў.


Наста Darteco 23:50, 05.03.2013 | Артыкулы |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0477 seconds.