Прыгоды беларускіх студэнтак у В’етнаме


Беларускія студэнткі ў В’етнаме — яшчэ большая экзотыка, чым сама краіна для беларусаў. Як жывецца нашым дзяўчатам у Сацыялістычнай Рэспубліцы, дзе роля кампартыі афіцыйна замацаваная ў Канстытуцыі. Алена, Вераніка і Наста распавялі Generation.by пра тое, што «сабакі — гэта не танная ежа», як не выйсці замуж за в’етнамца і экстрым тамтэйшых вуліц.

Сабакі — не танная і не штодзённая ежа


Вераніка

24 гады,
вучылася ў 2009/2010, 
жыве там і цяпер, выкладае англійскую, 
Ханой


Першы раз патрапіла ў Ханой, калі мне было 21. На той час вучылася на 3-м курсе Лінгвістычнага Мінскага. У адзін дзень у сакавіку сяброўка зусім выпадкова распавяла пра стажыроўку ў В'етнаме, на якую яна збіраецца падаць дакументы. Тут я «загарэлася», і мы пачалі разам распрацоўваць план уцёкаў ды спіс неабходных дакументаў. 

Заняткі в’етнамскай 5 дзён па 3 гадзіны ва ўніверсітэце, наша група ў складзе з манголаў, рускiх, парачкі вугорцаў, колiсь ірландзец адзiн быў. Жылi ў iнтэрнаце для замежнікаў, пакой на 3 чалавекі з суседкай з Вугоршчыны, гаўбцом, пальмай за ім ды пакаёўкай штодня. 

На стыпендыю (100 даляраў) пражыць было можна, але ўсё ж гэта мiнiмум. А хацелася ж яшчэ і павандраваць па краiне. Так што знайшла працу інглiш тычарам у мясцовай школе, як агулам і ўсе знаходзяць падобную працу. Ехаць да школы трэба было далёка, на той час на скутэр мне страшна было сесцi, так што ехала на аўтобусе, дзе ўсе глядзелі на мяне як на снежнага чалавека з Гімалаяў. Аўтобусы, дарэчы, вельмі пацешнае месца, калі назіраць і параўноўваць з аўтобусам у Мінску. Аўтобус не чакае усіх па паўгадзіны: спыняецца, 5 сек прайшло, усе ўскочылі — паехалі! Улазіць значна больш людзей, кандуктар часам сам размяркоўвае пасажыраў (куды каму стаць ці сесці), здараецца так, што незнаёмыя людзі дзеляць 1 месца паміж сабой (2 дзяўчыны, 2 хлопца, пажылая жанчына і маладая, але ніколі 2 асобы рознага полу).

Другі від транспарту гэта мота-таксі (xe om), што перакладаецца як «транспарт абдымкі» :D Напэўна таму што, калі едзеш на такім транспарце, сядзіш ззаду ды абдымаеш троху кіроўцу. Кіроўцы — старыя мужыкі, якія хочуць зарабіць крыху грошай. Усё ж танней, чым таксі, але прыйдзецца гандлявацца спачатку, а потым абдымаць дзядзьку ці яшчэ падтрымліваць гутарку. 

У Ханоі вельмі сумавала па адсутнасці прасторы. Не тое што ў нас, выйшаў на праспект з сяброўкамі ды гуляй сабе, размаўляй і нават пасядзі на лавачцы. Тут пешаходам туга. Вуліцы разлічаныя на крамы, кавярні з мясцовай ежай ды дарогі. Ходнікі для таго, каб паркаваць байк. Пешаход вымушаны лавіраваць пасярод гэтага. А перасякаць вуліцу — гэта асабліва цікава. Святлафоры ёсць, але мала дзе. Ды нават там, дзе яны ёсць, прыярытэт аддаецца транспарту. Таму даводзіцца перасякаць дарогу, павольна віруючы ў плыні, і не чакаць, што хтосьці спыніцца.

Сярод напояў самае папулярнае — піва, «Біа» па-іхняму. «Хай біа!» — крычым мы, сеўшы за стол. Гэта не значыць «прывітанне піва», а «два піва». Ёсць папулярныя ды велізарныя піўныя рэстарацыі па ўсім горадзе, дзе кожны абед і вечар ужываецца яго шмат пад розныя стравы. На пачатку я падазравала, што нават кіроўцы аўтобусаў п’юць трохі піва за абедам, а потым водзяць па горадзе, як ашалелыя. Яшчэ ёсць гарэлка «Ханой», якая чамусьці не дацягвае да 40 градусаў (толькі 39,5).

В'етнамцы ядуць сабак, так. Таксама змей, чарапах, жаб, вугроў. Сабакі — не танная і не штодзённая ежа. Гэта таксама ўспрымаецца як нешта асаблівае. Каштавала. Больш не буду. Хацелася ванітаваць ды добра запіць ўсё гарэлкай. 

Яшчэ в'етнамцы вельмі рамантычныя, асабліва ў перыяд да замужжа. Яны любяць розныя песні пра каханне, вельмі любяць бавіць час у розных кавярнях, выпіваюць мясцовую каву сiнь то (фрэш па-нашаму), фатаграфуючыся на прыродзе ў рамантычных сукенках ды касцюмах. Пасля вяселля выглядае ўсё прыблізна так: дзецi з’яўляюцца ў першы ж год, жанчыны ходзяць у пiжамах па вуліцы, кормяць дзяцей з лыжачкi, а мужы наведваюць піўныя рэстарацыі.

На трэці дзень мяне збіў нейкі в’етнамец

Анастасія

22 гады,
2011/2012,
Ханой


У В’етнам патрапіла па стажыроўцы. Патэлефанавалі з дэканата, прапанавалі абраць з групы трох чалавек — кандыдатаў на паездку ў В’етнам, а ў нас агулам толькі тры выклікалася. Па прыездзе, здала іспыты экстэрнам, таму адлічвацца на год не давялося.

Трафік там вар’яцкі. На трэці дзень мяне збіў нейкі в’етнамец. Абышлася разбітымі каленкамі. І гэта пры тым, што я на зялёнае святло пераходзіла. Скутэры па дарогах пруць такой плынню, што пераходзіць страшна. Потым навучылася. 

Колькасць в’етнамцаў, якія валодаюць англійскай, на інфармацыйных сайтах дакладна перабольшаная. На ёй у асноўным моладзь размаўляе і прасунутыя жыхары, якія жывуць у цэнтры горада. 

Не раз хапалі за рукі, за валасы скублі, сфатаграфавацца прасілі. У іх свой «бзік» да белай скуры: яна лічыцца самай прыгожай і арыстакратычнай. 

Ежа недарагая. Усё можна купіць на вуліцы, а яшчэ і паназіраць за працэсам гатавання. Аднак кажу адразу: гэта не для грэблівых. Бачыла працэс мыцця посуду наўпрост на дарозе ў тазіках. Але гатуюць смачна. Ёсць таксама месцы амаль еўрапейскага ўзроўню, але пераважна ў цэнтры. 

Неяк у пачатку стажыроўкі не магла растлумачыць мясцоваму ахоўніку, што ракавіна ў ваннай адвалілася. Ён па-англійску не разумеў. Палезла ў Гугл, пераклала, запісала, паказала яму свае каракулі. Не зразумеў. Пайшла за слоўнікам. Пачала ў яго на вачах шукаць патрэбнае слова і тыкаць па чарзе ў словы «ракавіна», «ламаць», «рамантаваць». А ён рагоча. Ну я тады па-англійску кажу, што ў мяне праблема і трэба ў пакой падняцца. Прычым тлумачыла так настойліва, што падаецца, ён мяне няправільна зразумеў: пачаў свой заручальны пярсцёнак паказваць, кшталту, жанаты. Давялося клікаць перакладчыка.  

Важна, каб дзеці вучылі англійскую з белым чалавекам


Алена

24 гады, 
2009/2010 і 2011/2012,
Ханой


Ілюстрацыі: Animatarka

Ёсць міжнароднае пагадненне паміж Беларуссю і В’етнамам, што яны дасылаюць 10 студэнтаў у Беларусь і наадварот. В’етнамцаў шмат прыязджала, а беларусы неяк не хочуць ехаць. 

Перасоўваліся на скутэрах, арэндавалі іх. На іх, па ідэі, патрэбныя правы, але ў замежнікаў не правяраюць. Нават, калі спыняць, заўсёды можна зрабіць выгляд, што ты не разумееш, і цябе адпусцяць. 

Падпрацоўвала настаўніцай англійскай мовы. Для в’етнамцаў важна, каб іх дзеці вучылі англійскую з носьбітам мовы, нават не столькі з носьбітам, колькі з белым чалавекам. Нават дакументы ў нас не прасілі. Зарабіць можна недзе 15-18 долараў за гадзіну.

В’етнамцы вельмі ветлівыя, асабліва да замежнікаў. Яны спытаюць усё: хто я, што рабіла, дзе мой хлопец і распавядуць пра ўсю сваю дзейнасць, нават, калі ты проста набываеш макароны. 

За 1 долар можна паесці нармальна на вуліцы і яшчэ і піва папіць. Часта ў рэстарацыях усе сурвэткі і смецце кідаецца на падлогу, потым гэта ўсё прыбіраецца. Палачкі ў іх драўляныя, але шматразовыя, яны іх мыюць, і тыя аблазяць. Аднак можна папрасіць і аднаразовыя. Калі я збіралася ў В’етнам, узяла з сабой металічныя. А мама мяне спытала: «Навошта табе палачкі ў В’етнаме?» Ну вось, спатрэбіліся. 

В’етнамскія жанчыны вельмі прыгожыя, а мужычыны ўсе страшныя. У нас была выкладчыца в’етнамскай. Калі яна ўпершыню зайшла, усе падумалі, што яна студэнтка. А ёй 35 гадоў і ў яе двое дзяцей. У в’етнамскіх мужчын часта чорныя зубы і яны любяць даўгія пазногці, на мязінцах, напрыклад. Раней лічылася, што калі ў мужычыны даўгія пазногці — значыць ён не працуе на зямлі, ён вышэй статусам. І ў в’етнамскіх мужчын першых тры пытанні: «Як цябе завуць?», «Ты адкуль?» і «Хочаш за в’етнамца выйсці замуж?»

Калі прыехала назад у Беларусь, мне патэлефанавалі і прапанавалі падпрацаваць перакладчыцай в’етнамскай. І ўлічваючы, што мяне запрасілі як самага кваліфікаванага спецыяліста, значыць з в’етнамскай тут усё вельмі дрэнна. Яе нідзе не выкладаюць, адзіная магчымасць — гэта самі в’етнамцы, але яны вельмі кепска размаўляюць па-руску.

*** 

Таксама: Беларускія студэнткі ў Кітаі

Калі вам ёсць што распавесці пра навучанне і прыгоды ў экзатычных (і не вельмі) краінах – пішыце, нам цікава.


Наста Darteco 23:10, 24.04.2013 | Артыкулы |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0473 seconds.