Па-беларуску гісторыю Беларусі здае толькі кожны 5-ы абітурыент

Толькі 160 чалавек з болей як 8.3 тысячаў абітурыентаў будуць здаваць цэнтралізаванае тэставанне па грамадазнаўству, неабходнае для паступленне на юрыдычныя спецыяльнасці, па-беларуску. У іншых дысцыплінах, нават раней традыцыйна беларускамоўных, сітуацыя не нашмат лепей.

Чарговую сумную статыстыку колькасці зарэгістраваных на ЦТ апублікаваў Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў. Чаканае скарачэнне абітурыентаў — адразу на 26 тысячаў (да ўзроўню 90-х), падмацавалася гэтаксама чаканым падзеннем колькасці тых, хто збіраецца здаваць тэсты па-беларуску.

Суадносіны абітурыентаў, што здавалі расейскую і беларускую мову ў 2007-2012

Працягнулася тэндэнцыя мінулых гадоў: на 3% у параўнанні з мінулым годам скарацілася колькасць жадаючых здаваць моўны тэст па-беларуску. Расейскую будзе здаваць на 50 тыс. болей абітурыентаў. У выніку, цяпер 71% абітурыент здае тэст па расейскай. Шэсць гадоў таму такіх было толькі 58%.

Тое ж і з гісторыяй Беларусі: на беларускай мове тэст пажадалі праходзіць усяго 18.8%. У 2011 годзе такіх было каля 33%. Геаграфію, частку праграмы якой калісьці таксама выкладалі па-беларуску, — 4.5% ці 85 чалавек.

Калі падобная тэндэнцыя захаваецца, то да сярэдзіны 2020-х беларускую мову на ЦТ здаваць не будзе каму. Зрэшты, і гэтага моманту мы можам не дачакацца: Мінадукацыі выношвае планы скарачэння выдаткаў на ЦТ і адмены тэстаў па беларускай увогуле. Да прыкладу, будуць не асобныя тэсты па мовам, а адзін тэст па расейска-беларускай мове. Ён можа выглядаць прыкладна гэтак: 50% заданняў будзе па расейскай мове, а іншыя 50% — па беларускай.

comments powered by Disqus
 
In 0.087 seconds.