На шляху да нанаБеларусі: набор у беларускія ВНУ ўпадзе да ўзроўню 90-х

Так мала студэнтаў у беларускія ВНУ у 21-м стагоддзі набіраць яшчэ не планавалі. Міністэрства адукацыі абвясціла, што студэнтамі змогуць стаць троху болей за 72 тысячы чалавек. Гэта менш за колькасць паступіўшых у ВНУ у 2001 годзе. Скарачэнне адбудзецца не толькі ў сувязі з неверагодна малым выпускам у школах, але і праз сур’ёзныя бар’еры на ўступных іспытах.

Яшчэ некалькі гадоў таму кожны, хто быў здольны здаць цэнтралізаванае тэставанне на станоўчую адзнаку, мог разлічваць на статус студэнта-платніка завочнага аддзялення амаль любога з паўсотні беларускіх універсітэтаў і інстытутаў. Бралі ўсіх і колькасць тых, каго бралі, даходзіла да 100 тысячаў (столькі чалавек стала студэнтамі ў 2010 годзе).

Аднак неўзабаве Беларусь абрынулася ў дэмаграфічную яму, і шэрагі выпускнікоў школаў пачалі імкліва радчэць. Сёлета з іх выйдуць толькі 60 000 11-класнікаў. Гэта ўсё роўна меней за колькасць месцаў у ВНУ. Аднак кантраст відавочны: ва ўніверсітэтах вучыцца хутка не будзе каму.

Таму дзяржава вырашыла перанакіраваць нешматлікія «свежыя» мазгі ў тыя накірункі, якія падаліся ёй найбольш прыбытковымі. А гэта, як сёння заявіў Сяргей Маскевіч, «высокатэхналагічныя спецыяльнасці, прыродазнаўчыя навукі, спецыяльнасці архітэктуры і будаўніцтва».

Ужо немалыя наборы ў IT-сектары павялічаць яшчэ на 10–15%. За кошт гуманітарных і эканамічных спецыяльнасцяў. Набор педагогаў скарацілі летась — тады ад многіх беларускамоўных спецыяльнасцяў у БДПУ проста пазбавіліся. Цяпер, выглядае, надышоў час іншых гуманітарных дысцыплін.

Дадатковым бар’ерам для абітурыентаў мусіць стаць прахадны бал па ЦТ. Для паступлення па рускай і беларускай мовах трэба будзе набраць мінімум 10 балаў, па фізіцы, матэматыцы, хіміі, біялогіі — 15, і да 20 балаў — па гісторыі Беларусі і іншых гуманітарных прадметах.

Міністр адукацыі кажа, што прахадныя балы па ЦТ адсеяць кожнага трэцяга абітурыента. І апошніх з радасцю «прымуць» у ПТВ і іншых падобных месцах. Толькі ўстановы гэтыя зрабіць папулярнымі не атрымалася за апошнія дзесяцігоддзі. З чаго раптам школьнікі, якія мараць аб дыпломе ўніверсітэта, пойдуць у вучэльню? Многія з большай ахвотай паедуць вучыцца за мяжу, напейперш у Расію. Тым больш умовы паступлення ў расійскія ВНУ штогод становяцца ўсё больш спрыяльнымі для беларусаў, і колькасць беларускіх студэнтаў у гэтай краіне ўжо перавышае лічбу ў 30 тысячаў.

Афіцыйныя мэта гэтай чарговай рэформы Мінадукацыі — знайсці сродкі для падрыхтоўкі спецыялістаў у IT, нана-, атамных- і касмічных тэхналогіях. НанаБеларусь не за гарамі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0776 seconds.