Яшчэ на 5.3% скароцяць колькасць бюджэтных месцаў у ВНУ

У 2013 навучальным годзе колькасць бюджэтных месцаў у ВНУ ізноў будзе скарочаная. А за мінулы навучальны год выключылі 19 тысяч студэнтаў.

Інфармацыйныя агенцыі цытуюць сёння чарговыя заявы міністра адукацыі Сяргея Маскевіча наконт скарачэння колькасці бюджэтных месцаў у ВНУ ў 2013 годзе. Летам ён ужо выказваўся на гэты конт.

«У 2013 годзе на 1.700 месцаў скароціцца прыём абітурыентаў у ВНУ на навучанне за сродкі бюджэту, у тым ліку на дзённай форме навучання — на 800 месцаў,» — заявіў Маскевіч сёння.

У 2012 годзе колькасць бюджэтнікаў-першакурснікаў ужо змяншалі на амаль такую ж колькасць месцаў. Але агулам за апошняе дзесяцігоддзе лічба прыёму «на бюджэт» мянялася не значна.

Маскевіч таксама распавёў сёння, што плануецца пераразмеркаванне бюджэтных месцаў з «незапатрабаваных» на «запатрабаваныя высокатэхналагічныя спецыяльнасці». Падрабязнасцяў пра тое, якія менавіта спецыяльнасці гэта закране, пакуль няма.

Адбудзецца таксама павялічэнне ніжняга парогу для ўдзелу ў конкурсе пры паступленні ў ВНУ да 15 балаў па рускай і беларускай мовах, фізіцы, матэматыцы, хіміі, біялогіі, да 20 балаў — па гуманітарных прадметах. Паводле разліку міністра, у сувязі з гэтым сёлета зменшыцца аб'ём прыёму і на платную форму навучання.

Маскевіч таксама паведаміў, што ў 2011/2012 навучальным годзе з ВНУ Беларусі па розных прычынах было адлічана 19 тысяч чалавек.

Пераважна беларуская вышэйшая адукацыя цяпер з'яўляецца платнай. Студэнты, якія будуць адпрацоўваць сваю «бясплатную» адукацыю на размеркаванні складаюць каля трэці ад агульнай колькасці.

Уні Вера 21:17, 06/02/2013 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.277 seconds.