Міністр адукацыі загаварыў пра змяншэнне колькасці бюджэтных месцаў у ВНУ
Міністр адукацыі Сяргей Маскевіч спасылаючыся на дэмаграфічную сітуацыю заявіў сёння, што колькасць бюджэтных месцаў у беларускіх вышэйшых навучальных установах можа быць зменшаная.
Паводле дадзеных Мінадукацыі ў 2010 годзе было 87 тыс. выпускнікоў школаў, у 2011-м — 75 тыс., а сёлета школы скончылі толькі 64 тысячы чалавек.
«Пры такім значным памяншэнні колкасці выпускнікоў прыём на бюджэт застаецца аднолькавым — у раёне 24 тыс. Між тым у наступным навучальным годзе ў Беларусі будзе толькі 60 тысяч выпускнікоў, далей — 54 тысячы,» — распавёў Маскевіч у часе онлайн-канферэнцыі на сайце БелТА.
Беларускія ВНУ пачалі скарачаць планы набору ў 2011 годзе. Пераважна беларуская вышэйшая адукацыя з’яўляецца платнай. Студэнты, якія будуць адпрацоўваць сваю «бясплатную» адукацыю на размеркаванні складаюць цяпер каля трэці ад агульнай колькасці.«У гэтай сітуацыі мы будзем безумоўна, арыентавацца на патрэбы эканомікі, сацыяльнай сферы ў кадрах з вышэйшай адукацыяй. Калі не будзе неабходнасці ў тым, каб падтрымаць такую вялікую колькасць бюджэтных месцаў, то думаю, можна будзе зменшыць набор».