Беларускія ВНУ рэзка скарачаюць пляны набору

Найбольшае скарачэньне адбудзецца на факультэтах завочнага навучаньня, найперш у прыватных ВНУ, а таксама на пэдагагічных спэцыяльнасьцях.

У 2012 годзе Міністэрства адукацыі плянуе набраць у ВНУ каля 91 тысячы абітурыентаў. Такія лічбы прыводзіць interfax.by. У мінулым годзе пляны Мінадукацыі сягалі за лічбу ў 100 тысячаў.

«Па ўсіх формах навучаньня плян прыёму ў бягучым годзе паменшыўся. Гэта тычыцца як бюджэтнага аддзяленьня, гэтак і платнага», — кажуць у Міністэрстве адукацыі.

Сёлетнія «сьціплыя» пляны набору сьведчаць аб вяртаньні да лічбаў прыёму шасьцігадовай даўніны. Апошні раз ніжэй за 91 тысячу студэнтаў было прынята ў 2006 годзе. Але дынаміка скарачэньня плянаў набору кажа аб адным: рэкордных за ўсю гісторыю лічбаў 2010 году, калі студэнтамі ВНУ першы і апошні раз сталі болей за 100 тысячаў чалавек, Беларусь дасягне ня хутка.

Найперш пазбавяцца ад «завочкі»

Скароцяць найперш набор на завочныя аддзяленьні прыватных ВНУ.

«З году ў год мы будзем скарачаць набор студэнтаў на 1-ы курс прыблізна на 1 тыс. чалавек, пакуль плян прыёму не складзе арыенціровачна 4 тыс. чалавек. Выйсьці на гэты паказчык можна будзе ўжо ў час уступнай кампаніі 2015 году», — кажуць у Міністэрстве адукацыі.

У 2012 годзе на завочную форму навучаньня прыватныя ВНУ плянуюць прыняць прыблізна 7 600 чалавек, а ў 2015 годзе — толькі 4 000.

У выніку суадносіны паміж залічанымі на завочную і дзённую формы навучаньня павінныя будуць складаць 25 на 75. У 2011 годзе гэтыя лічбы суадносяцца як 70/30. Задачу значна скараціць набор на «завочку» паставіў міністар адукацыі Сяргей Маскевіч амаль адразу пасьля свайго прыходу на пасаду.

У якасьці кампэнсацыі прыватным ВНУ дазволяць троху болей набраць студэнтаў на дзённыя аддзяленьні. Канешне, калі ў іх гэта атрымаецца. Бо галоўную прычыну скарачэньня набору — адсутнасьці абітурыентаў — Міністэрства адукацыі вырашыць ня здольнае. З кожным годам колькасьць выпускнікоў школаў падае. Нараджаецца таксама ўсё менш дзяцей: у 2010 годзе колькасьць нованароджаных амаль супала з колькасьцю першакурсьнікаў.

Платных месцаў як заўжды болей за бясплатных

Скароцяць месцы і ў дзяржаўных ВНУ. Гэтак, студэнтамі бюджэтных аддзяленьняў змогуць стаць толькі прыкладна 32.4 тысячы чалавек (у мінулым годзе ў амаль 34 тысячаў). На 3 тысячы чалавек скароцяць набор на платныя аддзяленьні дзяржаўных ВНУ.

У такой сытуацыі адзіным ратаваньнем для Мінадукацыі становіцца эканомія сродкаў: ужо абвешчана аб глябальнай рэформе вышэйшай адукацыі і скарачэньні працягласьці навучаньня ва ўсіх унівэрсытэтах (але не па ўсім спэцыяльнасьцям) на год ці паўгады. Істотна зьменшыцца таксама працягласьць вывучэньня гуманітарных дысцыплінаў. Моцна скароцяць наборы ў пэдагагічныя ВНУ, найперш на беларускамоўныя філялягічныя спэцыяльнасьці. Верагодна пройдуць звальненьні выкладчыкаў.

Яшчэ адной крыніцай фінансаваньня беларускай адукацыі чыноўнікі бачаць замежных студэнтаў, найперш кітайцаў і туркмэнаў. Агулам у 2011 годзе студэнтамі беларускіх ВНУ былі болей за 12 тысячаў замежных грамадзян. А ў 2015 годзе ў Мінадукацыі хацелі б бачыць у нашых унівэрсытэтах каля 30 тысячаў замежных студэнтаў. Аднак плянам па павелічэньні набору замежнікаў можа моцна перашкодзіць гучны правал беларускай заяўкі на далучэньне да Балоньскай сыстэмы: замежнікі з большай ахвотай заплацяць за дыплём, які больш-менш гарантавана будзе прызнавацца ня толькі ў Беларусі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.06 seconds.