Якія гуманітарныя дысцыпліны выкінуць з ВНУ

Са скарачэньнем працягласьці навучаньня ў беларускіх унівэрсытэтах на год моцна зьменшыцца колькасьць гуманітарных дысцыплінаў, якія абавяжуць вучыць студэнтаў. Ня стане такіх раней абавязковых прадметаў, як асновы права, сацыялёгія, псыхалёгія і пэдагогіка. З раскладаў студэнтаў зьнікнуць таксама экалёгія, ахова працы і абарона насельніцтва.

Больш за траціну беларускіх студэнтаў з 2012 году будуць вучыцца 4 ці 4.5 гады. Прычым тэрміны навучаньня ў ВНУ скароцяць найперш празь зьмяншэньне выкладаньня гуманітарных дысцыплінаў.

Пазбавіцца ад гуманітарных прадметаў, што быццам «дублююць» школьную праграму, загадаў Лукашэнка ў жніўні 2011 году. Цяпер Міністэрства адукацыі падрыхтавала праект канцэпцыі «аптымізацыі зьместу, структуры і аб’ёму сацыяльна-гуманітарных дысцыплінаў», якая мусіць быць неўзабаве зацьверджаная. Мяркуецца, што яе дзеяньне на сабе адчуюць найперш першакурсьнікі набору 2012 году.

Гісторыя Беларусі, паліталёгія, філязофія і эканоміка — абавязковыя

Галоўная ідэя чыноўнікаў — скараціць працягласьць выкладаньня гуманітарных дысцыплінаў за кошт аб’яднаньня іх у модулі. Такім чынам зьявяцца 4 асноўныя модулі, якія абавяжуць вывучаць кожнага студэнта. Гэта гісторыя Беларусі, паліталёгія, філязофія і эканоміка. У іх склад увойдуць многія іншыя скасаваныя дысцыпліны. Напрыклад, у межах эканомікі будуць вывучаць яшчэ і мінікурс сацыялёгіі з 4 лекцый.

Ва ўнівэрсытэтах пакінуць курсы беларускай і замежных моваў. А вось усе астатнія гуманітарныя дысцыпліны перастануць быць абавязковымі. Зьнікнуць, напрыклад, псыхалёгія і пэдагогіка, права і лёгіка, асобныя курсы па Вялікай айчыннай вайне і ідэалёгіі.

Замест дысцыплінаў «Аснова экалёгіі», «Аснова энэргазьберажэньня», «Абарона насельніцтва», «Радыяцыйная бясьпека», «Ахова працы» ўвядуць інтэграваную дысцыпліну «Бясьпека жыцьцядзейнасьці чалавека».


Праект навучальнага пляну гуманітарнага цыклу ў беларускіх ВНУ

Выбар за студэнтамі?

Пры гэтым Мінадукацыі прапануе студэнтам права выбару: ад 2 да 4 гуманітарных дысцыплінаў, у залежнасьці ад працягласьці іх навучаньня, студэнты змогуць выбраць самастойна. І тут ужо зноўку паўстае магчымасьць троху павучыць псыхалёгію ці нават Вялікую айчынную вайну.

Але ў правілах выбару ёсьць адна норма, якая зробіць яго існаваньне вельмі сумнеўным: «прадмет па выбару» можа выкладацца ня меней за 20 слухачам. Гэта значыць, што калі два ці тры студэнты раптам захочуць вывучаць курс міжкультурных камунікацый, але больш жадаючых вучыць гэты прадмет ня знойдзецца, то навучэнцам прыйдзецца далучыцца да іншых слухачоў. Такім можа аказацца той самы быццам зьніклы курс па Вялікай айчыннай вайне.

Ідэалёгія таксама ня сыдзе з ВНУ зусім: яе злучаць з абавязковым курсам паліталёгіі.

Але і гэтыя чатыры абавязковыя і два дататковыя гуманітарныя курсы ў беларускіх ВНУ — кропля ў параўнаньні зь цяперашнім памерам гуманітарнага блёку. У выніку рэформы 2012 году працягласьць вывучэньня гуманітарных дысцыплінаў у беларускіх унівэрсытэтах скароцяць у 2 разы для тых, хто будзе вучыцца 5 гадоў і на 40% для тых, хто атрымае дыплём за 4 гады.

У выніку, гісторыю Беларусі студэнтам прапануюць вывучыць за 8 лекцый і столькі ж практычных заняткаў. А на паліталёгію ў беларускіх ВНУ увогуле патрацяць у 2 разы менш часу.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0624 seconds.