Беларускіх студэнтаў вывучаць за 4 гады
Міністар адукацыі афіцыйна заявіў аб пераходзе навучаньня ў беларускіх ВНУ на чатырохгадовы тэрмін. Тэрмін навучаньня ў многіх магістратурах будзе павялічаны на год, а самі іх зробяць «практыкаарыентраванымі». Праграмы ўжо скарочаныя за кошт гуманітарных дысцыплінаў. Верагодна, гэта пацягне за сабой і масавыя звальненьні выкладчыкаў.
Мінадукацыі лічыць, што беларускім студэнтам хопіць і 4 гадоў
Большасьць ВНУ Беларусі зь верасьня 2012 года пяройдуць на чатырохгадовы тэрмін навучаньня. Аб гэтым БелТА заявіў міністар адукацыі Сяргей Маскевіч.
Цяпер, каб атрымаць дыплём спэцыяліста, большасьці студэнтам будзе дастаткова вучыцца чатыры гады замест пяці. Ва ўнівэрсытэтах будзе менш гуманітарных дысцыплінаў, затое больш практыкі.
Зьменяцца і тэрміны навучаньня ў магістратурах. Цяпер яе пераважна сканчаюць за год. Але паводле новых праграмаў на гэта спатрэбіцца 2 гады. Магістратуры таксама «будуць больш арыентаванымі на практыку». Цяпер дыплём магістраў у Беларусі атрымліваюць толькі некалькі адсоткаў студэнтаў.
Ужо прынятыя «новая канцэпцыя выкладаньня
Па некаторай інфармацыі, у тэхнічных ВНУ значна зьменшыцца выкладаньне такіх дысцыплінаў, як гісторыя Беларусі, сацыялёгія, псыхалёгія. Пры гэтым некалькі гадзін беларускай мовы ў беларускіх унівэрсытэтах усё ж пакінуць. Гэтак сама, як і ідэалёгію беларускай дзяржавы. Верагодна, зьмены ў праграмах і тэрмінах навучаньне прывядуць да значнага скарачэньня выкладчыкаў.
«Усе студэнты павінны быць на палях»
Скараціць тэрмін навучаньня да чатырох гадоў для сельскагаспадарчых спэцыяльнасьцяў прапанаваў Лукашэнка у жніўні 2011 году.
Тады б пяты год студэнты, на яго погляд, маглі «быць на палях», бо звычайна студэнты мала сутыкаюцца зь сельскай гаспадаркай.
«Магчыма, варта скараціць тэрмін навучаньня на год. Альбо пяты год, я настойваю на гэтым, усе студэнты павінны быць на палях», — сказаў тады Лукашэнка.
Адносна палёў сытуацыя застаецца пакуль няяснай. Аднак ужо зразумела, што ад новага тэрміну навучаньня выйграюць ваенкаматы, якія змогуць забіраць хлопцаў у войску на год раней. Зэканомяць таксама платнікі і тыя студэнты, што не пажадаюць адпраўляцца на прымусовую адпрацоўку, а захочуць пасьля заканчэньня ВНУ выплаціць увесь кошт навучаньня.
Зь іншага боку, новы тэрмін навучаньня зробіць беларускую сыстэму адукацыі больш падобнай да эўрапейскай. Але ў большасьці краін Балоньскай сыстэмы гуманітарныя дысцыпліны, якія цяпер скарачае Мінадукацыі, выкладаюцца яшчэ ў школах. А працягласьць навучальня ў іх звычайна большая, чым беларускія 11 гадоў.
Акрамя гэтага, важным дапаўненьнем да дыплёму бакаляўра (4 гады) ёсьць магістэрская ступень (яшчэ 2 гады). Але ў Беларусі ў магістратуру пасьля сканчэньня першай ступені адукацыі ідуць 1–3% выпускнікоў.