«Басовішча» змяняецца, старыя пытанні пакуль застаюцца

Басовішча

Фестываль «Басовішча» атрымлівае другое дыханне дзякуючы большаму фінансаванню і новым-старым арганізатарам. Але многія пытанні за 2.5 месяцы да падзеі застаюцца пакуль без адказаў. Сюрпрызам застаецца не толькі поўны спіс выступоўцаў, але і ўмовы атрымання візаў для наведвання фестывалю. 

Самы сталы беларускі музычны фестываль, які ладзіцца ў польскім Гарадку ў пары дзясяткаў кіламетраў ад Беларусі, традыцыйна пройдзе пасярод лета. Дакладней, 19-20 ліпеня. Усе выступоўцы яшчэ не названыя, але вядома, што сярод іх будуць беларускія Akute, The Toobes, Dzieciuki, Pomidor/off, а таксама некалькі ўкраінскіх і польскіх гуртоў: Перкалаба (UA), Indios Bravos (PL), Orkiestra Klezmerska Teatru Sejneńskiego (PL).

Поўны склад выступоўцаў арганізатары абяцаюць раскрыць праз тры тыдні. Але на днях прыйшла галоўная пазітыўная навіна фэсту: польская дзяржава вяртае арганізатарам «Басовішча» паўнавартасную фінансавую падтрымку, ад якой ім было адмоўлена год таму.

Фінансаванне ад польскай дзяржавы значна павялічылася

Апошнія гады фестываль адчувае сур’ёзныя фінансавыя праблемы. Пасля таго, як у 2011 годзе «Беларускае аб’яднанне студэнтаў у Польшчы» (БАС) не здолела падаць належную фінансавую справаздачу аб чарговым фэсце, польскае міністэрства, што раней выдзяляла грошы на фэст, вырашыла адмовіць у ягонай падтрымцы.

Тады загаварылі нават аб магчымым пераносе «фэсту музыкі маладой Беларусі» ў іншае месца. У выніку дзяржава ўсё ж падтрымала «Басовішча», але вылучыла на яго на 40% меней сродкаў, чым звычайна. Арганізатарам, у якасці якіх выступілі ўжо новыя аб’яднанні (хаця і з удзелам БАСу), давялося шукаць сродкі ў іншых месцах.


Ілона Карпюк на сцэне Басовішча-2012

Як паведаміла Generation.by Ілона Карпюк (старшыня БАС у 2004-2007, якая сёлета вярнулася да арганізацыі «Басовішча»), фэст зноўку атрымае паўнавартаснае фінансаванне польскай дзяржавы. Грошы, як і ў нулявыя, дасць польскае Міністэрства адміністрацыі і інфарматызацыі. Падтрымка таксама прыйдзе ад Міністэрства замежных спраў Польшчы і Маршалкоўскай управы Падляшскага ваяводства. Але адказным за справаздачнасць будуць не студэнты, а мясцовы фонд Villa Sokrates.

Цяпер арганізатары могуць карыстацца бюджэтам у болей за 50 тыс. еўра. Такая сума (большая за мінулагодні бюджэт) дазваляе ім з аптымізмам глядзець на перспектывы адной з галоўных музычных падзеяў Беларусі.

На пытанне пра візы адказу пакуль няма

Па словах Ілоны Карпюк, тое ж Польскае МЗС «вельмі прыхільна ставіцца да фестывалю». І згадзілася «дапамагчы з візамі» для яго наведвальнікаў. Але нягледзячы на тое, што да «Басовішча» засталося 2.5 месяцы, фармат падтрымкі пакуль «высвятляецца».

Між тым вопыт папярэдніх фестываляў, якія адбываліся пасля далучэння Польшчы да Шэнгенскай прасторы, нагадвае аб пагрозе знікнення спадзеву новых фанатаў трапіць на фэст менавіта з-за візавых абмежаванняў. Вельмі часта падтрымка польскага МЗС прыходзіла надта позна, і патэнцыйныя наведвальнікі замест таго, каб тусавацца перад сцэнай у польскім Гарадку, бавілі летнія дні ў чарзе ля польскага консульства.

Польшча ўжо адпрацавала схему бясплатных візаў для наведвальнікаў канцэртаў у Падляшскай оперы ў Беластоку. Але з операй усё ж лягчэй: квіткі туды прадаюцца заранёў. А вось квіткоў на бясплатнае «Басовішча» у прыродзе пакуль не існуе.

Фестываль «змяняецца»

Каманда, якая сёлета зоймецца фэстам разам з беластоцкімі студэнтамі, была ўцягнутыя ў арганізацыю «Басовішча» і дзесяць гадоў таму. Між тым, за 23 гады, што прайшлі з часу першага фестывалю, ужо вырасла цэлае пакаленне, якое можа заняць не толькі месцы бацькоў пад сцэнай, але і за ёй:

«Мы хочам, каб вярнуліся людзі, якія гадамі прыязджалі ў Гарадок з ваколіцаў і ўсяго ваяводства. Але хутчэй за ўсё цяпер прыедуць іхнія дзеці, — кажа Ілона Карпюк. — Фестываль змяняецца», — дадае яна. І прызнаецца, што «глядач фэсту яшчэ не ўсталяваны».

«Але мы імкнемся, каб гэта былі людзі з Польшчы і Беларусі, якія цікавыя адзін аднаму, і якіх натхняе музыка і атмасфера „Басовішча“. Хочам, каб „Басовішча“ быў вядомы дзякуючы якаснай музыцы, каб на сцэне ішло спаборніцтва жанраў. І каб на ім былі прэзентаваныя лепшыя выканаўцы з Беларусі».

Яшчэ адна задача, якую традыцыйна ставяць арганізатары: падтрымка беларускай мовы па абодвух баках мяжы:

«Мы хочам, каб надалей мова яднала. І імкнемся заахвоціць жыхароў польскага баку мяжы слухаць па-беларуску і ствараць па-беларуску. Гэта самае складанае, але „Басовішча“ павінен быць форумам для такіх узаемных прэзентацыяў музыкаў з абодвух бакоў мяжы».

Што да бліжэйшых планаў, то цяпер арганізатары займаюцца не толькі падборам гуртоў для фэсту, але і пошукам маладзейшых выканаўцаў з Беларусі і Польшчы.

«Напачатку чэрвеня традыцыйна адбудзецца Before у Беластоку, у час якога знойдзем гурт, які выступіць на сцэне „Басовішча“», — кажа Ілона.

Акрамя гэтага, на сёлетняе «Басовішча» змогуць трапіць і некалькі маладых беларускіх гуртоў. Фармат конкурсу пакуль не вызначаны. Адна з магчымых вопцый: для ўдзелу ў конкурсе гурты мусяць прадаставіць журы ўласнае музычнае відэа. Хаця гэта яшчэ не канчатковы варыянт.



Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0464 seconds.