У Басовішча-2012 можа зьмяніцца арганізатар і зьменшыцца бюджэт

Сёлета ўпершыню за 23 гады ладзіць фэстываль «Басовішча» верагодна будзе не Беларускае аб’яднаньне студэнтаў, а арганізацыя «Культурна-грамадзкая хуткая дапамога». Прынамсі, гэта адзіная ініцыятыва, якая заявіла аб жаданьні выступіць арганізатарам музычнага фэсту пасьля адмовы беластоцкага ўраду вылучыць грошы папярэднім арганізатарам.


На здымку пераможца конкурсу Басовішча ў 2010 годзе магілёўскі гурт Akute з прызом — 1000 даляраў ды запіс на студыі

Фэстываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча», які адбываецца ўжо болей за 20 гадоў, сёлета аказаўся пад сур’ёзнай пагрозай адмены. Польскае міністэрства, што раней выдзяляла грошы на фэст, вырашыла адмовіць у падтрымцы яго заснавальнікам і традыцыйным арганізатарам з-за хібаў з справаздачнасьцю.

Міністэрства адміністрацыі і інфарматызацыі адмовілася выдзяліць «Беларускаму аб’яднаньню студэнтаў у Польшчы» (БАС) 150 тысячаў злотых (каля 44 тыс. даляраў). Прычынай называецца нядобрасумленнае стаўленьне арганізатараў да фінансавых справаздачаў.

Быў абвешчаны конкурс на пошук новага арганізатара. Адзінай ініцыятывай, што падала заяўку на ўдзел у ім, стала невялікая культурніцкая арганізацыя «Культурна-грамадзкая хуткая дапамога», што з 2007 году ладзіць канцэрты і іншыя культурныя імпрэзы ў Польшчы.

Па словах аднаго зь яе кіраўнікоў Марэка Літвіна, прадстаўнікі папярэдняга арганізатара — Беларускай асацыяцыі студэнтаў — зьвярнуліся да «Культурна-грамадзкай хуткай дапамогі» з просьбай аб дапамозе ў арганізацыі фэсту. Аб гэтым піша Gazeta.pl.

Фэст за $28 тыс.

Ініцыятыве стала «шкада» даўняга фэстывалю, і яна згадзілася дапамагчы. Пры гэтым БАС будзе супрацоўнічаць з «Хуткай дапамогай», захоўваючы ўсе правы на «Басовішча». Па словах прадстаўніцы БАС Ганны Пекарскай, цягам наступных месяцаў падрыхтоўкі да фэсту студэнты спадзяюцца навучыцца, «як і што рабіць», каб у 2013 годзе правесьці фэст самастойна.

Калі ўлады дазволяць «Культурна-грамадзкай хуткай дапамозе» ладзіць фэст, перад арганізатарамі паўстане новая праблема: дзе знайсьці дадатковае фінансаваньне на фэст — дзяржава вылучае толькі 90 тысячаў злотых замест 140–150 тысячаў патрэбных. «Хуткая дапамога» спадзяецца знайсьці адсутныя грошы ў спонсараў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0629 seconds.