Басовішча-2012 пад пагрозай: няма грошаў і арганізатараў

Фэстываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча», які адбываўся ўжо болей за 20 гадоў, сёлета пад сур’ёзнай пагрозай адмены. Польскае міністэрства, што раней выдзяляла грошы на фэст, вырашыла адмовіць у падтрымцы яго заснавальнікам і традыцыйным арганізатарам з-за хібаў з справаздачнасьцю.

Скандал з нагоды небясьпекі адмены штогадовага фэстывалю «Басовішча» абмяркоўваецца ў польскіх СМІ з пачатку году. Прычынай стала адмова ў падтрыманьні заяўкі арганізатараў на фінансаваньне 23-га фэсту. Міністэрства адміністрацыі і інфарматызацыі адмовілася выдзяліць «Беларускаму аб’яднаньню студэнтаў у Польшчы» 150 000 злотых (каля 44 тыс. даляраў). Як паведамляе беластоцкае выданьне Gazeta.pl, прычынай міністэрства назвала нядобрасумленнае стаўленьне арганізатараў да фінансавых справаздачаў.

У той жа час старшыня БАС Кася Кузьміч адрэагавала на гэту інфармацыю заявай, што яны не здадуцца і будуць шукаюць іншыя магчымасьці для фінансаваньня. 

Рашэньне па адмове па заяўцы БАСу ад міністэрства канчатковае. Аднак прымаючы да ўвагі праблемы заяўніка і выключную важнасьць фэсту для разьвіцьця культурнай самабытнасьці беларускай меншасьці ў Польшчы міністэрства вырашыла правесьці асобны адкрыты конкурс сярод мясцовых арганізацыяў на правядзеньне рок-фэстывалю. БАС у сваю чаргу адзначыў, што прыме ўдзел і ў гэтым конкурсе і дзеля гэтага будзе шукаць дасьведчанага партнэра, які дапаможа ім у арганізацыі.

Сваю дапамогу ў правядзеньні фэсту ўжо агучыў дырэктар опэры і філярмоніі Рабэрта Скалмоўскі. На мінулым тыдні ён сустрэўся з прадстаўнікамі мясцовых беларускіх таварыстваў. Гаворка ішла пра ўратаваньне фэсту і магчымасьці дапамогі арганізатарам: правядзеньне некалькіх фэстывальных імпрэзаў у амфітэатры і дапамогу ў лагістыцы ды бугальтэрыі.

«Опэра працягнула нам руку. Нам патрэбная дапамога і партнэры, а гэта сур’ёзная і аўтарытэтная ўстанова. Калі ёсьць магчымасьць уратаваць фэстываль, дык чаму б ёй не скарыстацца», — пракамэнтавала Кася Кузьміч, галоўная арганізатарка двух апошніх «Басовішчаў».

«Басовішча» — унікальны беларускі музычны фэстываль, які ўжо болей за 20 год ладзяць розныя пакаленьні студэнтаў беларускай нацыянальнай меншасьці ў Польшчы, аб’яднаных у «Беларускае аб’яднаньне студэнтаў». Назоў фэсту паходзіць ад абрэвіятуры арганізацыі — «БАС». Праз тое, што фэстываль рабіўся студэнтамі, пакаленьні якіх зьмяняюцца рэгулярна, музыкі і журналісты часта выказвалі заўвагі і парады да арганізацыі імпрэзы. Часам заўвагі ўлічваліся, аднак праз пэўны час недахопы паўтараліся. Тым ня менш «Басовішча» застаецца адной з самых знакавых культурных падзеяў для беларусаў Падляшша і самым вялікім фэстывалем беларускай незалежнай музыкі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0754 seconds.