Навошта яны гэта робяць: поспехі онлайн-петыцый у Беларусі

«Спынім знішчэнне беларускіх балот!», «Патрабуем пачаць перамовы з ЕС аб спрашчэнні візавага рэжыму!», «Мы хочам паўнавартаснай беларускай мовы ў прыладах Андроід», — з нядаўняга часу акаўнты сацсетак беларусаў захлынулі дзясяткі паведамленняў такога кшталту.  Нехта прагортвае заклікі, каб працягнуць штодзённы сёрфінг, нехта спыняецца і чытае сутнасць звароту, многія нават ставяць свой электронны подпіс пад імі. Ці паўплывалі гэтыя петыцыі на нешта? 

Як здабыць поспех у інфармацыйным шуме сацыяльных сетак з чарговай грамадскай ініцыятывай. Ці здольныя паўплываць усе гэтыя онлайн-петыцыі апошняга часу на нешта ў краіне шматгадовай вертыкальнай стабільнасці. Generation.by прасачыў за лёсам некалькіх найбольш гучных беларускіх онлайн-петыцый і сабраў рэцэпты поспеху і натхненя ў іх аўтараў.

* * * 

28-гадовы супрацоўнік менскай камунальнай установы Зміцер Курза падыходзіць да інфакіёску Беларусбанку, устаўляе туды пластыкавую картку і перад ім з’яўляецца надпіс «Приглашаем выиграть автомобиль». Ён націскае на экран і бачыць цалкам рускамоўнае меню.

«Глядзі, беларускую мову сюды дадаць вельмі проста. Але яе няма».

У словах Змітра гучаць ноткі крыўды: ён лічыць, што Беларусбанк хітрыць, калі кажа, што буйнейшы банк краіны нічога зрабіць, каб беларусізаваць свае банкаматы-інфакіёскі, не можа. Месяц таму, пабачыўшы паспяховыя прыклады, Зміцер вырашыў стварыць онлайн-петыцыю на сайце change.org з заклікам дадаць беларускую мову ў інфакіёскі Беларусьбанку.

«Я падумаў, што калі маўчаць, нічога ніколі не зменіцца».

Петыцыю за гэты час паспелі падпісаць такія вядомыя карыстальнікі Сеціва, як Аляксандра Герасіменя і Уладзімір Арлоў, а таксама яшчэ прыкладна 1 800 чалавек. Але болей за ўсё, на думку Змітра, напружылі банк не вядомыя людзі, а журналісты, што на хвалі з’яўлення петыцыі пачалі званіць у Беларусбанк і распытваць пра пазіцыю ўстановы адносна петыцыі.

«Безумоўна, у банку сочаць за колькасцю чалавек, што падпісалі петыцыю», — кажа Зміцер.

Адзіны законны спосаб «дагрукацца» да ўлады

Петыцыя звычайнага супрацоўніка камунальнай гаспадаркі Мінска далёка не адзіная на папулярным сайце «глабальнай платформы грамадскіх кампаній» change.org. З’явіўшыся пяць гадоў таму і пачаўшы працаваць з Беларуссю год таму, гэты міжнародны непрыбытковы праект стаў платформай для болей як 250 петыцый, створаных беларусамі. Болей за 60 тысячаў беларусаў актыўна карыстаюцца платформай, ставячы подпісы пад петыцыямі з заклікамі да дзяржаўных інстытуцый і прыватных кампаній, атрымліваюць навіны пра перамогі і паразы грамадскіх кампаній, што ўзнікаюць на базе такіх петыцый, і часам, нечакана для сябе, ператвараюцца ў аўтараў падобных заклікаў.

Іншы прыклад — вядомая петыцыя з заклікам да адміністрацыі прэзідэнта пачаць перамовы з Еўрапейскім саюзам аб спрашчэнні візавага рэжыму. Яе стварыў 21-гадовы бармен Аляксандр Вялітчанка. Гісторыя пачалася звычайна для многіх маладых беларусаў: неяк хлопцу давялося цэлы дзень мокнуць пад польскім консульствам і назіраць сваркі паміж суседзямі па чарзе, каб пачуць у запаветным «візавым» акенцы словы: «прыходзьце ў наступны дзень, у нас надта шмат заяваў».

«У мяне Шэнгенская віза ёсць, дарога ў Еўропу адкрытая. А вось у маёй дзяўчыны — няма, збіраем грошы, бо трэба паказаць каханай дэмакратычныя краіны», — усміхаецца Аляксандр. Паводле ягоных словаў, калі ён здолее дамагчыся таго, чаго патрабуе ад уладаў, то ўжо праз некалькі гадоў за шэнген трэба будзе плаціць не 60, а 35 еўра, і нагодаў мокнуць пад польскім консульствам стане нашмат меней.

«Я вырашыў стварыць гэту петыцыю, таму што бачу нашу ізаляцыю ад Еўропы. Беларусы жадаюць падарожнічаць, ці проста набыць сабе лядоўню танней, але адразу ж узнікаюць праблемы з візай. Вось я і падумаў: „а чаму б не паспрабаваць вырашыць гэту праблему, чаму б не падштурхнуць нашу ўладу на дыялог з Еўропай?“», — кажа Аляксандр.

«Я не бачу ніводнага іншага законнага спосабу „дагрукацца“ да нашай улады», — дадае Аляксандр. Цяпер пад «антывізавай» петыцыяй болей за 8.8 тысячаў подпісаў. Аляксандр збіраецца дачакацца 10-тысячнага падпісанта, пасля гэтага раздрукаваць подпісы і занесці іх адрасату.

«Галоўнае — псіхалагічны момант»

Зрэшты, беларускія ўлады, у адрозненні ад, напрыклад, амерыканскіх, не абавязаныя адказваць на петыцыі, колькі б людзей іх не падпісалі. Іншая справа — індывідуальныя звароты грамадзян, у тым ліку электронныя, якія можа адпраўляць кожны. Дастаткова зайсці на сайт патрэбнага міністэрства ці іншай дзяржаўнай установы, і запоўніць невялікую электронную форму. Хаця ў адрозненні ад change.org, ананімнасць не вітаецца. Інакш на ліст у адказ ад прэзідэнта спадзявацца не варта.

«Петыцыі не патрапляюць пад закон аб зваротах, — кажа аўтар іншай гучнай петыцыі супраць зносу аўтавакзалу „Маскоўскі“ 26-гадовы Дзяніс Кобрусеў. — Дзяржаўныя органы маюць права ніяк не рэагаваць на яе».

«Сутнасць петыцыі зводзіцца да таго, каб паказаць, што праблема рэальна хвалюе людзей. Галоўнае — псіхалагічны момант», — тлумачыць Дзяніс сваё бачанне пытання. У канцы студзеня ён вырашыў падтрымаць намаганні мясцовага жыхара Віктара Таўмачова, які спрабаваў спыніць планы расійскай карпарацыі «Газпрам» знесці аўтавакзал «Маскоўскі» на Ўсходзе Мінску і пабудаваць на ягоным месцы свой офіс. Менш чым за месяц атрымалася сабраць электронных подпісаў у два разы болей, чым «у жывую» адолеў мясцовы актывіст.

Пабачыўшы актыўнасць жыхароў Мінска ў Інтэрнэце, чыноўнікі пачалі супакойваць людзей, казаць, што будынак не будуць зносіць. Газпрам адмовіўся ад сваіх планаў.

«Верагодна, вакзал усё ж будзе зачынены, але я спадзяюся, што будынак атрымаецца захаваць», — кажа Дзяніс. Тыя 3 600 подпісаў, якія ў яго атрымалася сабраць у Інтэрнэце, Дзяніс збіраецца далучыць да «жывых» подпісаў, сабраных Віктарам Таўмачовым на самім аўтавакзале, каб перадаць іх у мінскую мэрыю.

Пытанне не ў колькасці подпісаў, а ў працы з людзьмі

«У выніку збору подпісаў пачынаецца даволі вялікая інфармацыйная актыўнасць, — кажа Дзяніс. — Падпісанты, можа, і не гатовыя выходзіць на вуліцы з плакатамі, але яны падпісваюць петыцыю, расшарваюць яе сярод сваіх знаёмых у сацыяльных сетках, ствараючы такім чынам грамадскі рэзананс».

«Людзі падпісваюць петыцыі, таму што суперажываюць ці хочуць дапамагчы. Але нават першы крок — подпіс — вельмі важны», — лічыць каардынатар change.org па Усходняй Еўропе 26-гадовы Дзмітры Савёлаў.

«Петыцыя онлайн дазваляе сабраць людзей, якіх цікавіць нейкая праблема, распачаць і скаардынаваць супольнае дзеянне дзеля яе вырашэння, а таксама публічна ціснуць на прыватных людзей, кампаніі альбо дзяржаву. Таму пытанне не ў тым, колькі подпісаў сабрала тая ці іншая петыцыя, а ў тым, як яе стваральнікі працуюць з людзьмі, як арганізуюць сваю працу», — кажа Дзмітры.

Эксперт у петыцыях нават распрацаваў механізм, які дазваляе найлепшым чынам скарыстацца з актыўнасці тых, хто падпісаў петыцыю.

«Па-першае, вельмі важна прыцягнуць да кампаніі прэсу, бо яна сапраўды патрабуе нейкай публічнай ўвагі ад людзей, якія паўплывалі на сітуацыю. Другі крок — адначасова адаслаць свае лісты праз інтэрнэт-прыёмную. І па-трэцяе, мы заўжды заклікаем сустракацца з чыноўнікамі ці прадстаўнікамі кампаній, каб, напрыклад, фізічна перадаць петыцыю. Але ніколі няма аднаго адзінага механізму, які можа дапамагчы. Гэта заўжды шлях спробаў і памылак».

Як бакланы забаранілі паляванне на беларускую рысь

Change.org таксама спрабуе кансультаваць актывістаў, звязваць іх з экспертамі ў галінах, з якімі яны працуюць. Але галоўнае — праца онлайн-супольнасці:

«Усе петыцыі, якія перамаглі ў свеце, — кажа Дзмітры, — перамаглі таму, што людзі працавалі разам».

Сапраўды, ёсць некаторыя звароты, што набіралі па мільёну подпісаў. Але многія сусветна вядомыя не сабралі і 100 тыс. падпісантаў (парогу, які неабходна пераадолець, напрыклад, у ЗША, каб на петыцыю далі афіцыйны адказ улады). Але яны ўсё роўна сталі нагодай для пачатку дыскусіі ў грамадстве і моцных зменаў.

«Людзі ставяць подпісы, бо бачаць, што кампаніі выйграюцца: вельмі шмат перамогаў па ўсім свеце». Ён прыгадвае некалькі гучных грамадскіх кампаній у нашым рэгіёне, што скончыліся перамогамі. Адну з іх распачаў 17-гадовы хлопец, які выступіў супраць закрыцця дзіцячага анкалагічнага шпіталя ў Пецярбургу дзеля патрэбаў расійскіх чыноўнікаў. Літаральна за тыдзень да пытання, пра якое ніхто раней і не чуў, атрымалася ўзняць такую ўвагу, прыцягнуць прэсу і вулічных актывістаў, што гарадскія і федэральныя ўлады былі вырашаныя перадумаць і адмовіцца ад закрыцця шпіталя. Канешне ж, увага суправаджалася зборам 112 тысячаў подпісаў карыстальнікаў Сеціва, кожны з якіх мог атрымаць навіны пра тое, якіх поспехаў дамаглася кампанія.

Магчымасцямі рассылкі інфармацыі падпісантам скарысталіся стваральнікі беларускай петыцыі, адной з нешматлікіх пакуль, якая дамаглася поўнай перамогі. Усё пачалося з гучнай кампаніі з патрабаваннем да ўладаў знайсці і пакараць тых, хто адрэзаў дзюбы ста птушанятам бакланаў. Пад адпаведнай петыцыяй паставілі подпісы болей за 16 тысячаў чалавек. Перамога была дасягнутая, а мясцовы жыхар пакараны сур’ёзным штрафам.

Але галоўным дасягненнем кампаніі стала магчымасць звярнуць увагу грамадскасці на больш значнае пытанне палявання на жывёлаў. Распачалася новая кампанія і новая петыцыя, да якой далучыліся тыя, хто раней быў заклапочаны лёсам бакланаў. Арганізацыя «Ахова птушак бацькаўшчыны» запатрабавала зменаў у законах, якія б зменшылі колькасць жывёлаў, на якіх можна паляваць. Ахоўнікі птушак нават дамагліся сустрэчы з чыноўнікамі з Міністэрства лясной гаспадаркі і перадалі петыцыю. І адпаведныя прапановы ў заканадаўства былі ўрэшце распрацаваныя чыноўнікамі. Новую петыцыю падпісалі толькі 4 тысячы чалавек, але перамога была дасягнутая.

Адзін у полі?

Трэндам апошняга часу Дзмітры Савёлаў, які сам паходзіць з Беларусі, называе хвалю петыцый, звязаных з беларусізацыяй: дэвайсаў Apple (1,309 подпісаў), Android (5 247 подпісаў) ці таго ж Беларусбанку (1 832 подпісы).

Зміцер Курза, што адзін спрабуе змяніць вялізную структуру непаваротлівага банка з сотнямі аддзяленняў па ўсё Беларусі, таксама заўважыў гэта. Ён звязвае рост колькасці петыцый і кампаній у абарону беларускай з «паступовай русіфікацыяй» нашага грамадства. А выбар актывістамі такога інструменту, як онлайн-петыцыі, — з іхнім маладым узростам. Зміцер ужо выдатна разбіраецца ў тым, у якім банкамаце можна знайсці хоць троху беларускай мовы, а ў які лепей ўвогуле картку не ўстаўляць. Аднак тэхнічных ведаў усё ж не хапае:

«Я не праграміст, і не вельмі разумею ўсё тонкасці працы банкаўскіх інфармацыйных сістэм», — кажа ён. Між іншым, немагчымасцю ўнесці змены ў агульнанацыянальную банкаўскую сістэму, якая падтрымліваецца Нацбанкам, і тлумачыць Беларусбанк адмову ў выкананні просьбы Змітра і яшчэ больш за 1 800 чалавек.

Зрэшты, першыя перамогі ўжо дасягнутыя. Змітра запрасілі на сустрэчу з кіраўніцтвам банка, дзе ён пачуў «прынцыповую згоду на выкарыстанне беларускай ў інфакіёсках». І запэўніванні ў тым, што банк дапаможа ў лабіраванні ідэі на вышэйшым узроўні. Зварот Змітра перанакіравалі ў Нацбанк, і цяпер ён чакае на адказ адтуль.

«Калі Нацыянальны банк адмовіць, то буду ўпарта ісці „дабіваць“ Беларусбанк. Раздрукую і перадам подпісы, а таксама каментары пад імі. У любым разе, у мяне ўжо ёсць база з двух тысячаў чалавек, якія падпісаліся пад петыцыяй. У любы момант я магу заклікаць іх аказаць ціск іншым чынам», — кажа Зміцер і дадае: «Я буду змагацца да канца. Да перамогі».

Малюнкі і інсталяцыі: Воля Кузьміч, фота: Юра Сідун



Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0546 seconds.