Галоўная метадыстка БДУ: вучыць беларускую — «сацыяльна непрэстыжна»

Начальніца Галоўнага ўпраўлення навучальнай і навукова-метадычнай работы БДУ Людміла Хухлындзіна заявіла, што беларуская філалогія адносіцца да стратных спецыяльнасцяў, бо цяпер вучыць яе не вельмі прэстыжна. Універсітэт трымае беларусістаў толькі таму, што клапоціцца пра будучыню нацыі.

«Бывае так, што спецыяльнасць сацыяльна значная, але тым не менш яна сацыяльна непрэстыжная, — тлумачыць спадарыня Хухлындзіна ў інтэрв’ю tut.by. — У апошнія гады ёсць праблемы з філалагічным факультэтам».

«Мы выдатна разумеем, што нам неабходна рыхтаваць спецыялістаў у галіне беларускай філалогіі. Бо без беларускай мовы немагчымае развіццё нацыі. Але невялікая колькасць ахвотных, на жаль [вучыць беларускую філалогію]. Мы паставілі мінімальны кошт платнай формы навучання па беларускай філалогіі».

Паводле галоўнай метадысткі БДУ, беларуская філалогія прыносіць універсітэту не прыбыткі, а адныя страты. Такая ж сітуацыя і з некаторымі іншымі спецыяльнасцямі. Напрыклад, з «сацыяльнай працай».

На кітайскую філалогію ў БДУ набор вышэйшы за беларускую


Людміла Хухлындзіна і Сяргей Абламейка турбуюцца за самаідэнтыфікацыю беларусаў

Зрэшты, БДУ не вельмі падабаецца працаваць сабе ў страту. Таму, мабыць, за апошнія тры гады ён скараціў набор на беларускую філалогію больш як ў два разы. Калі у 2010 набіралі 60 студэнтаў, то ў 2012 — толькі 25. Верагодна, адыграцца БДУ спадзяецца на прыбытковых спецыяльнасцях, напрыклад, кітаязнаўстве. Цяпер на кітайскую філалогію ў БДУ набор вышэйшы за беларускую.

Набор на спецыяльнасці беларускай філалогіі значна скараціўся ў апошнія два гады і ў іншых універсітэтах Беларусі. У прыватнасці, сёлета ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце вырашылі адмовіцца ад падрыхтоўкі педагогаў па спецыяльнасцях «Беларуская мова і літаратура», «Беларуская мова і літаратура. Нямецкая мова», «Беларуская мова і літаратура. Ангельская мова», а таксама спецыялістаў у беларускамоўнай журналістыцы. У гэтым годзе набіралі толькі 2 спецыяльнасці, звязаных з беларускай філалогіяй, і па 3 — з філалогіяй расейскай.

Ад спецыялістаў у беларускай мове у 2012 годзе «пазбавіліся» і ў Магілёўскім ўніверсітэце імя Аркадзя Куляшова, у Берасцейскім дзяржаўным універсітэце. Міністр адукацыі тлумачыць скарачэнне набору на беларускую філалогію агульным трэндам у змяншэнні колькасці выпускнікоў педагагічных ВНУ і спробаю зрабіць гэтыя спецыяльнасці прэстыжнымі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0574 seconds.