Унівэрсытэты не жадаюць рыхтаваць знаўцаў беларускай мовы
Па ўсёй краіне спыняюцца наборы на спэцыяльнасьці, зьвязаныя зь беларускай мовай. У Магілёве больш ня будуць рыхтаваць пэдагогаў беларускай, а ў Менскім пэдагагічным закрытыя адразу 4 спэцыяльнасьці беларускай філялёгіі.
У Беларускім дзяржаўным пэдагагічным унівэрсытэце вялікая рэформа — зачыняюцца сем пэдагагічных спэцыяльнасьцяў. Дзіўным чынам атрымалася, што на чатырох зь іх рыхтавалі менавіта філёлягаў беларускай мовы. Пры гэтым набор на спэцыяльнасьці, па якіх рыхтуюцца выключна расейскамоўныя філёлягі, не скарочаны.
У прыватнасьці, у наступным годзе ў БДПУ вырашылі адмовіцца ад падрыхтоўкі пэдагогаў па спэцыяльнасьцях «Беларуская мова і літаратура», «Беларуская мова і літаратура. Нямецкая мова», «Беларуская мова і літаратура. Ангельская мова», а таксама спэцыялістаў у беларускамоўнай журналістыцы. Акрамя гэтага, ва ўнівэрсытэце прыпыняюць навучаньне
Цяпер галоўны пэдагагічны ўнівэрсытэт краіны будзе рыхтаваць настаўнікаў беларускай мовы толькі па двух спэцыяльнасьцях. Расейскай мове будуць навучаць на трох спэцыяльнасьцях, дзьве зь якіх зьвязаныя для прэстыжнасьці яшчэ і з кітайскай і італійскай мовамі.
Замест гісторыкаў і філёлягаў у БДПУ будуць рыхтаваць біёлягаў і лягапэдаў — менавіта такія спэцыяльнасьці адчыняцца ў 2012 годзе ва ўнівэрсытэце.
«Плян прыёму застаўся прыблізна на ўзроўні 2011 года», — заявіў Interfax.by адказны сакратар прыёмнай камісіі БДПУ Сяргей Якавенка. У 2012 годзе, паводле яго словаў, на дзённую форму навучаньня возьмуць каля 2630 чалавек (915 на бюджэт і 1715 платнае).
Магілёўскі ўнівэрсытэт таксама пазбаўляецца ад беларускай
Выпадак з БДПУ — не адзіны. Напрыклад, Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Аркадзя Куляшова нядаўна абвясьціў, што зьбіраецца адмовіцца ад прыёму студэнтаў на шэраг гуманітарных спэцыяльнасьцяў. У лік зачыненых трапіла і спэцыяльнасьць з профільнай беларускай мовай.
Як піша «Народная Воля», сёлета ня будзе прыёму студэнтаў на «беларускую і расейскую мовы», «гісторыю рэлігіязнаўства», «пачатковую адукацыю і выяўленчае мастацтва».
З рэкамэндацыі Мінадукацыі, магілёўскі ўнівэрсытэт таксама плянуе скараціць лік бюджэтных месцаў для эканамістаў, юрыстаў, журналістаў і настаўнікаў фізкультуры.
Беларускамоўныя філёлягі непатрэбныя?
Дык чаму ж тады ўнівэрсытэты адмаўляюцца ад набору на спэцыяльнасьці, зьвязаныя менавіта зь беларускай мовай?
Нядаўна Міністэрства адукацыі запатрабавала ад ВНУ скараціць набор на пэдагагічныя спэцыяльнасьці на 14%. Гэтым можна патлумачыць агульны трэнд на адмову ад прыёму будучых выкладчыкаў. Але аналіз папулярнасьці настаўніцкіх спэцыяльнасьцяў дае несуцяшальную карціну.
У тым самым пэдагагічным ўнівэрсытэце ўступная кампанія мінулага году на факультэце беларускай і расейскай філялёгіі скончылася фактычным правалам. Не знайшлося жадаючых вучыцца на пяці бясплатных месцах па спэцыяльнасьці «Беларуская мова і літаратура. Нямецкая мова» і чатырох чалавек на бюджэт для спэцыяльнасьці «Беларуская мова і літаратура. Расейская мова і літаратура». Дарэчы, менавіта ад набору на гэтыя спэцыяльнасьці сёлета адмаўляюцца ў БДПУ.
Ня лепей сытуацыя і ў іншых ВНУ краіны. Напрыклад, у Берасьцейскім дзяржаўным унівэрсытэце: там на спэцыяльнасьць «Беларуская мова і літаратура. Замежная мова (ангельская)» філялягічнага факультэту ў 2011 ніводзін абітурыент так дакумэнты і не падаў. Вучыцца на выкладчыка ніхто не пажадаў, і 9 бюджэтных месцаў засталіся вольнымі. Верагодна, у 2012 годзе БрДУ таксама адмовіцца ад набору на гэту спэцыяльнасьць.