Беларускую мову няма каму вучыць

Спэцыяльнасьці беларускай філялёгіі цягам сёлетняй уступнай кампаніі аказаліся ў ліку найменш папулярных. У некаторых ВНУ быў нават недабор на бюджэтныя месцы белфілёлягаў, а іншыя вырашылі зьнізіць плату за навучаньне, каб хоць троху набраць платнікаў. Сытуацыя ў будучыні пагражае выліцца ў недахоп настаўнікаў беларускай мовы. Зрэшты, з расейскай філялёгіяй сытуацыя ў беларускіх унівэрсытэтах ня надта лепей.

Правалам скончылася ўступная кампанія 2011 году на факультэце беларускай і расейскай філялёгіі менскага Пэдагагічнага ўнівэрсытэту. Не знайшлося жадаючых вучыцца на цэлых пяці месцах па спэцыяльнасьці «Беларуская мова і літаратура. Нямецкая мова» і 4 чатырох чалавек для спэцыяльнасьці «Беларуская мова і літаратура. Расейская мова і літаратура» (на апошнюю пры пляне набору 10 чалавек падалі дакумэнты толькі 6 абітурыентаў).

Ня лепей сытуацыя ў Брэсцкім дзяржаўным унівэрсытэце: там на спэцыяльнасьць «Беларуская мова і літаратура. Замежная мова (ангельская)» філялягічнага факультэту ніводны абітурыент так дакумэнты і не падаў. Вучыцца на выкладчыка ніхто не пажадаў, і 9 бюджэтных месцаў засталіся вольнымі.

«Адзін у адзін» уклаўся ў плян набору Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт. На спэцыяльнасьці беларускай філялёгіі набор быў 27 чалавек, а падалі дакумэнты… таксама 27 абітурыентаў. Зрэшты, каб стаць студэнтамі, ім яшчэ трэба прайсьці творчы іспыт.

Каб прыцягнуць філёлягаў, унівэрсытэты зьніжаюць плату за навучаньне

Нядзіўна, што ў такой сытуацыі ўнівэрсытэты спрабуюць усімі сіламі прыцягнуць абітурыентаў на непапулярныя спэцыяльнасьці беларускай і троху менш дэпрэсіўнай расейскай філялёгіі. Гэтак, ГрДУ вырашыў нават зьнізіць кошт аплаты за навучаньне расейскай і беларускай філялёгіі на 700 тысячаў у год (гэта прыкладна 10% ад платы).

Філялёгія на расейскай мове (а найчасьцей у спалучэньне зь нейкай іншай замежнай) крыху болей папулярная ў цяперашніх абітурыентаў, чым беларуская, хаця і не карыстаецца вялікай павагай. У БДУ нават атрымаўся нейкі конкурс з 1.2 чалавекі на месца супраць 1.1 на беларускай філялёгіі. А ў БДПУ дык увогуле конкурс на навучаньне на расейскай зашкальваў (мабыць, з-за таго, што другой мовай тут была італьянская ці кітайскай).

Як у будучыні адаб’ецца гэта сытуацыя на выкладаньні беларускай мовы (а менавіта настаўнікаў найперш выпускаюць філялягічныя факультэты), пакуль не зразумела, але ідэй у Міністэрства адукацыі па пералому тэндэнцыі недабору няма. Як піша «Народная газэта», змагацца зь недаборам па шэрагу спэцыяльнасьцей дэпутат Здановіч прапануе падвышэньнем стыпэндый альбо павелічэньнем тэрмінаў прыёму дакумэнтаў. Зрэшты, турбуецца ён толькі за недабор на фізычным факультэце, па накірунку якога сам калісьці навучаўся.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1965 seconds.