Украінцы прымусілі міністра адукацыі Маскевіча размаўляць па-беларуску

У часе свайго візыту ў Кіеў міністар адукацыі Беларусі Сяргей Маскевіч сустрэўся са студэнтамі Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту, якія вывучаюць беларусістыку. Студэнты размаўлялі па-беларуску, чым прымусілі расейскамоўнага Маскевіча перайсьці на родную мову.


Міністар Маскевіч (у цэнтры) на сустрэчы са студэнтамі беларусістыкі размаўляў па-беларуску

Цэнтар беларускай мовы і культуры КНУ — адзінае месца ва Ўкраіне, дзе вывучаюць беларускую мову. Робяць гэта два гады, і за гэты час студэнты настолькі добра авалодалі беларускай, што прымусілі перайсьці на яе і міністра адукацыі Маскевіча, калі той прыйшоў да іх на сустрэчу.

Апошнія дзевяць месяцаў — час, які Маскевіч займае міністэрскую пасаду, — доктар фізыка-матэматычных навук камунікаваў пераважна на расейскай мове.

У час сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі Цэнтру Маскевіч пацікавіўся, калі адбудзецца студэнцкая стажыроўка ў Беларусь і кім яны стануць пасьля сканчэньня ўнівэрсытэту. Студэнты адказалі, што ўпэўненыя, што стануць «высокакваліфікаванымі перакладчыкамі, выкладчыкамі і навукоўцамі». А вандроўка ў Беларусь адбудзецца ўжо ў лістападзе, паведамляе прэс-служба КНУ.

Пры новым міністры адукацыі працягнулася тэндэнцыя на скарачэньне выкладаньня на беларускай. Аднак у часы рэктарства ў ГрДУ стаўленьне Маскевіча да беларускай мовы было іншым:

«Унівэрсытэцкія саветы Маскевіч праводзіў толькі па-беларуску. Размаўляў сам і для астатніх быў прыкладам», — прыгадвае прафэсар ГрДу Вячаслаў Швед.

Добрае стаўленьне Маскевіча да беларускай адзначае і старшыня «Таварыства беларускай мовы» Алег Трусаў. «Больш прадметаў выкладалася па-беларуску, больш абвестак было па-беларуску, — адзначае Трусаў. — Праўда, нядаўна там адбыліся зьмены станоўчыя — зьявілася беларускамоўная вэрсія сайта. На жаль, сёньня вельмі мала унівэрсытэтаў маюць беларускамоўную вэрсію сайта».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0681 seconds.