Бела Рускія

Днямі беларускаму класіку Максіму Багдановічу споўнілася б 121 год. Таленавіты паэт выхоўваўся ў Расіі, але вырас беларусам. Сёння ў серыі «Размаўляй са мной па-беларуску» чатыры рускія хлопцы распавядаюць пра сваю любоў да беларускай мовы: нехта з іх піша вершы па-беларуску, нехта марыць ажаніцца з беларускай дзяўчынай, хтосьці прыехаў у Беларусь даказваць, што наша мова не памерла, а камусьці было проста шкада.

Аляксандр Дарковіч: «Дзетак гадаваць буду па-беларуску»

22 гады,
нарадзіўся ў Белгарадзе,
жыве ў Маскве

Нягледзячы на тое, што я ніколі ня жыў у Беларусі і не гадаваўся ў беларускіх традыцыях (мне нічога не казалі ані пра гісторыю, ані пра мову і культуру), я меў патрэбу адчуваць сябе не такім, як усе. Не ведаю, ці то гены спрацавалі (нейкія сваякі па таце паходзяць з Беларусі), ці проста ўпартасць. Але прозвішча ў мяне дакладна не рускае, тады хто я? Калі беларус, дык і гаварыць трэба на мове беларускай. Тут і выбару няма. Да ўсяго, я неяк не застаў (бо не жыў у Беларусі) усе гэтыя здзекі з мовы, непавагу.

Раней хацеў змяніць пашпарт на беларускі, але прыйшоў да высновы, што я беларус па крыві, гэта ў мяне ніхто не адбярэ. Калі ажанюся з беларускай дзяўчынай, тады і дзетак гадаваць будзем беларусамі, па-першае, на беларускай мове. І пашпарт мне не патрэбны цяпер. Не ён вызначае нацыянальнасць людзей.

Дзіўна мне, што ў беларускай шмат германізмаў і францызмаў. Любімае слова «навошта». Вось дзіўнае: «парасон». Чаму ў рускай мове гэты прадмет зусім па іншаму называецца? Ведаю, што яно з французскай, але чаму на ўсход не дайшло? 

У Беларусі я сябе адчуваю чужым. Невыгодна ўвесь час гаварыць па-беларуску. То бок, я, вядома, буду гэта працягваць, але, шчыра кажучы, калі мяне не разумеюць, робяць штораз квадратныя вочы, і кажуць: «Чаго ты да нас прыехаў?» — гэта не тое, чаго чакаеш, вяртаючыся ў бацькоўскі край.

Аляксей Арцёмаў: «Беларуская стане адзінай дзяржаўнай мовай»

21 год,
нарадзіўся і жыве ў г.Тула,
піша вершы па-беларуску

Блізу 5 гадоў актыўна цікаўлюся беларускамоўным асяроддзем, пачаў вучыць мову трохі раней. Спачатку было цікава, чым беларуская адрозніваецца ад украінскай (у дзяцінстве ездзіў у Крым, балакаў на суржыку, дый родзічы некаторыя на Украіне жывуць, отож). І чытаў кнігі — Караткевіч мяне тады абеларусіў. Хаця я не магу сказаць, што неяк дужа старанна вучыў, сядзеў уначы са слоўнікам. Нешта прачытаў, нешта праслухаў па радыё — так і фармавалася «валізка з ведамі».

Маці вельмі радуецца, калі на пошту прыходзіць чарговы часопіс з маімі вершамі ці перакладамі, збірае ўсе гэтыя асобнікі.

Ведаю абодва правапісы, часцей карыстаюся наркамаўкай. Зрэшты, абое рабое — ідэальнага правапісу няма, дый не трэба. Было б няблага, відаць, прыйсці да кампраміснага варыянту з пазначэннем асімілятыўнай мяккасці зычных. Але хіба гэта прынцыповае пытанне, калі сфера ўжывання беларускай мовы страшэнна звужаецца? Правапісныя пытанні — для будучыні, калі вернецца ў Канстытуцыю адзіная дзяржаўная мова, калі адбудзецца паспяховая беларусізацыя хаця б паловы насельніцтва. Тады без беларускай мовы будзе немагчыма пражыць у Беларусі, і пытанне правапісу стане сапраўды істотным. Пакуль гэтага няма, усе спрэчкі наконт правапісу будуць тэарэтычнымі практыкаваннямі для філолагаў, а не патрэбай грамадства.

Калі беларуская мова будзе адзінай дзяржаўнай (а я веру ў гэта), у найлепшым выпадку атрымаецца нешта кшталту Усходняй Украіны — Данецку, Луганску. Беларуская мова будзе выкладацца ў школах і ВНУ, без яе немагчыма будзе ўладкавацца ў сур'ёзныя ўстановы, на вуліцах будуць беларускія назвы і шыльды (а ў некаторых гарадах і гэтага цяпер няма — дастаткова паглядзець на шыльды і назвы вуліц Бабруйска), у кіно будуць фільмы з беларускімі субтытрамі, але большасць застанецца рускамоўнай. І гэта найлепшы варыянт на бліжэйшыя гады, бо пакуль і да гэтага далёка.

Айцец Даніла: «Вельмі падабаюцца словы, якіх няма ў слоўніках»

26 год,
нарадзіўся ў Пярмі,
апошнія паўтары гады жыве ў Паставах (Віцебская вобласць)

Пачаў вучыць мову, бо хацеў служыць для беларусаў у Беларусі і лічу, што мая штодзённая беларускамоўнасць з'яўляецца добрай «рэкламай» для каталіцкай царквы.

Cтараюся выкарыстоўваць тыя словы, якія як мага больш адрозніваюцца ад польскіх ці расейскіх. Таксама вельмі падабаюцца словы, якіх няма ў слоўніках, але якія кажуць бабулькі (напрыклад, «служыць імшу» яны кажуць «імшаваць», а «рэкалекцыі» яны часта называюць «рукулекцыі»). 

Апошнім часам зацікавіўся тапанімікай беларускіх вёсак. Аказваецца, у Беларусі ё свая Манголія, Палестына, Газа, Косава. І часта смяшу знаёмых пытаннем: «Як называюцца жыхары вёскі Яя (Браслаўскі раён)»?

Вельмі забаўляюць беларускія праклёны: «Каб у цябе ўсе зубы павывальваліся, ды толькі адзін застаўся і той, каб балеў». 

Адно магу сказаць з упэўненасцю: пакуль буду жыць, дык буду даказываць усім, што беларуская мова жывая. Буду патрабаваць абслугоўваць мяне на пошце, у шпіталі, у дзяржкрамах па-беларуску. Напрыклад, у сваім мястэчку я ўжо дамогся гэтага ў цырульні і ў краме з кветкамі.

Мікалай Каламійцаў: «У беларускай мовы выключна жаночы твар»

25 гадоў,
нарадзіўся і жыве ў г. Саратаў

Мае адносіны з беларускай мовай завязаліся вельмі дзіўным чынам. У канцы першага тыдня знаходжання ў Мінску я зразумеў, што нідзе не чуў беларускай мовы. Я лічыў, што яна павінна была сустрэць мяне самай першай. Прыехаўшы дадому, я пачаў чытаць у інтэрнэце інфармацыю аб сучасным становішчы спраў з мовай. Я спецыяльна прафільтраваў інтэрнэт на прадмет беларускамоўнай інфармацыі. Большая частка сайтаў, што я знайшоў, былі страшна палітызаваныя і інфармацыя, якая знаходзіцца на іх, была вельмі «напружанай» для чытача. 

З дзяцінства атрымалася так, што мне заўсёды хацелася дапамагчы адкінутым людзям. Па ўсёй бачнасці, нешта падобнае спрацавала ў мяне і ў плане беларускай мовы. Мне проста стала яе шкада, як маленькага самотнага дзіцяці, які гуляе ў баку ад астатніх дзяцей у пясочніцы.

Беларуская чамусьці нагадвае мне спевы ластаўкі . На мой погляд, беларуская мова — лёгкая і спакойная мова. Мая беларуская — мова песень «Сяброў», шолах лісця Палесся, шоргат хваляў азёр і гукаў крокаў па Мірскаму замку. Гэта мова вечара, маленькіх кафэ і спакойных гутарак. Гэта не мова бітваў і гераічных перамог, а мова спакою і заміранасці. Іншымі словамі, у беларускай мовы выключна жаночы твар. На ёй не гавораць пра крызісы і нацыяналізм, не шукаюць правых і вінаватых, а атрымліваюць асалоду ад жыцця. Яна не ўрываецца ў тваё жыццё з сайтаў той ці іншай партыі, не віскоча з таго ці іншага мітынгу. Мая мара — беларуская мова, вольная ад штампаў палітыкі, супрацьстаяння савецкаму мінуламу і іншых цэтлікаў. 

 → Болей беларускамоўных замежнікаў у серыі «Размаўляй са мной па-беларуску»

Нямецкі студэнт вывучыў беларускую мову, каб лепей разумець Статут ВКЛ
Дызайнер з Вялікабрытаніі вывучыў напамяць вершы Янкі Купалы
Беларускамоўны баск: «Нам таксама прыемна, калі замежнікі вывучаюць нашу мову»


Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0648 seconds.