Нямецкі студэнт вывучыў беларускую мову, каб лепей разумець Статут ВКЛ

 Рубэн Більвар

Нямецкі студэнт Рубэн Більвард першы раз наведаў у Беларусь у 2012 годзе. А ужо з верасня 2014 вярнуўся вывучаць беларускую мову на філалагічным факультэце БДУ. Прычына для вывучэння беларускай мовы была незвычайнай – жаданне лепей разумець Статут Вялікага Княства Літоўскага. У чэрвені гэтага году Рубэн развітаўся з Беларуссю і працягне навучанне ў Дрэздэне ў магістратуры.

Generation.by распытаў Рубэна Більварда пра асаблівасці яго досведу ў межах серыі гісторый беларускамоўных замежнікаў «Размаўляй са мной па-беларуску».

Пачаў вучыць беларускую, каб лепш разумець Статут і іншыя прававыя тэксты ВКЛ на старабеларускай мове

Мая матывацыя да вывучэння беларускай мовы – інтарэс у гісторыі. Калі я пісаў бакалаўрскую работу на тэму Магдэбургскага права на беларускіх землях у час ВКЛ і Рэчы Паспалітай, я займаўся Статутам ВКЛ і прававымі тэкстамі ВКЛ, напісанымі на старабеларускай мове. Каб лепш разумець гэтыя тэксты, я вывучаю беларускую.

Практыка

Працэс вывучэння мовы ў асноўным у Беларусі – практыка. У мяне ёсць сябры, якія размаўляюць толькі па-беларуску, з імі я часта практыкаваў беларускую мову. Зараз у Нямеччыне я чытаю тэксты ў інтэрнэце і слухаю беларускую музыку, каб не забыцца пра яе.

Мне беларуская мова адразу спадабалася, хаця на ёй мала людзей размаўляе

Я ўжо часта бываў у Беларусі. Першы раз у 2012 годзе, калі мы з сяброўкай і аднакурсніцай ездзілі ў Брэст, каб пазнаёміцца з Беларуссю. Потым я праходзіў практыку ў Брэсцкай крэпасці ў 2013 годзе і нарэшце я зноў прыехаў адмыслова, каб вывучаць беларускую мову. Мне беларуская мова адразу спадабалася, хаця на ёй мала людзей размаўляе. Сітуацыя ў Беларусі, канешне, складаная. Але я хачу дапамагчы палепшыць яе.

Калі б я быў беларусам, я бы толькі з людзьмі з Расіі размаўляў на рускай

Калі б я быў беларусам, я гаварыў бы ўвесь час на беларускай мове. Толькі з людзьмі з Расіі я бы размаўляў і на рускай. Я пагаджаюся, што беларуская мова падобная на рускую, але больш падобная за чэшскую, якую я таксама вывучаю, але яны не аднолькавыя. Я таксама лічу, што беларуская – «мілагучная» мова. Фанетыка вельмі зручная, як і лексіка для немцаў, бо шмат нямецкіх слоў у беларускай мове.

Беларуская мова – мова-партызан

Беларуская мова – бедная мова. Бедная ў тым, што мала людзей ёй карыстаюцца. Яна як кветка, якую выкідаюць, таму што яна не выглядае вартай для захавання, бо ў яе ёсць моцны канкурэнт – руская мова. Але яна таксама партызан. На ёй мала гавораць, але яна ёсць, яна існуе.

Хачу публікавацца на ёй

Пакуль што я выкарыстоўваю беларускую мову проста ў размовах з сябрамі і часам у ЛГБТ-групе МЭЙК-АЎТ, але я вельмі хачу публікавацца на ёй. Для гэтага трэба вывучыць яе лепш.

Парада замежнікам, што таксама вучаць беларускую

Замежнікам у мяне адна парада: чытайце вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа. Яны класныя паэты. А калі моўнага ўзроўню яшчэ не хапае на паэзію, то чытайце дзіцячую літаратуру. Я зараз чытаю Рабінзона Круза )

 → Болей беларускамоўных замежнікаў у серыі «Размаўляй са мной па-беларуску»

Дызайнер з Вялікабрытаніі вывучыў напамяць вершы Янкі Купалы
Беларускамоўны баск: «Нам таксама прыемна, калі замежнікі вывучаюць нашу мову»
Японец Юске Касівагі: «Беларуская мова заўсёды супакойвае мяне»


Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.1242 seconds.