Бразілец Патэрсан: «Такія словы, як "гульня" і "ўвогуле", мне спачатку гучалі як рускі мат»

Патэрсан Франка

Беларуская — мова штодзённага ўжытку не толькі для беларусаў. У свеце нямала кропак, дзе можна знайсці беларускамоўных амерыканцаў і нарвежак, немцаў і італьянак. Мы апыталі некалькі знаёмых замежнікаў, што вывучылі ці пачалі вывучаць беларускую, каб даведацца, што натхніла на гэткі лінгвістычны эксперымент і што яны думаюць пра беларускую ў Беларусі. Першая гісторыя — пра хлопца-мару беларускамоўнай дзяўчыны: гарачы бразілец-лінгвіст, што дзеля каханай беларускі вывучыў яе родную мову амаль у ідэале.

Патэрсан (імя) Франка — студэнт лінгвістыкі ў Дзяржаўным універсітэце штата Баіі (UFBA), горад Салвадор, Бразілія. Працаваў у сферы турызму, настаўнікам замежных моў і перакладчыкам у розных краінах. Цяпер, як кажа сам, «пакутуе фігнёй». Патэрсан адказаў на пытанні Generation.by па-беларуску.

Як пачаў вучыць беларускую

Матывацыяй да вывучэння беларускай мовы стала мая жонка Воля, з якой я трапіў у Беларусь у студзені 2012. Мне здавалася вельмі сумным, што людзі ў Беларусі практычна не размаўляюць па-беларуску, але кажуць, што «разумеюць» яе. Гэта пасля 11 гадоў навучання ў школе.

Да гэтага я жыў у Рэспубліцы Удмуртыя ў Расіі, а там сітуацыя з роднай мовай яшчэ горшая, бо ўдмурцкая мова ўвогуле не падобная да рускай. І калі б чалавек мне сказаў, што на ўдмурцкай не размаўляе, але яе разумее, то гэта значыла б вельмі шмат.

Спачатку, я думаў, што не трэба вучыць беларускую, таму што ў Беларусі быў толькі месяц, а ўсе па-руску размаўляюць. Але я лінгвіст, мовы — гэта мая спецыяльнасць. Хоць сітуацыя з мовай у Беларусі нядобрая, у Бразіліі ўсё яшчэ горш: мовы нашых карэнных жыхароў практычна не існуюць — яны памерлі разам з сваімі людзьмі, калі прыехалі партугальцы, што прывезлі хваробы і зброю.

У вас, беларусы, яшчэ ёсць свая мова, культура й народ, а гэта трэба захаваць. У Бразіліі, на жаль, амаль нічога ўжо не можам зрабіць у гэтым плане. А ў вас такая магчымасць яшчэ ёсць, таму я і вырашыў вучыць беларускую.

Яшчэ да таго, як пазнаёміўся з сваёй жонкай, я чуў, што беларуская мова вельмі падобная да рускай. Але калі слухаў, як Воля размаўляе, я зразумеў, што гэта зусім не так. Можа замежнікі думаюць, што беларуская мова вельмі падобная да рускай, бо адзін вядомы беларус размаўляе на трасянцы. І людзі думаюць, што трасянка — гэта ёсць беларуская мова.

Я не думаю, што беларуская мова падобная да расейскай — гэта расейская мова падобная да беларускай, толькі з польскім акцэнтам і татарскімі словамі.

Шмат «год» ці «гадоў»?

Праз тыдзень пасля таго, як пачаў вучыць беларускую, я ўжо мог мець зносіны. Але асабліва цяжка было з правіламі наркамаўкі і тарашкевіцы (напрыклад, «шмат год/гадоў», «па-руску» ці «па-расейску» і г.д.). Я не знайшоў падручнікаў беларускай для замежнікаў, таксама як і сайтаў. А шукаць рэпетытараў беларускай мовы ў Бразіліі — смешна. Таму вучыўся я з жонкай, таксама радыё беларускае слухаю.

Пасля рускай мовы, якая, вядома, дапамагла вучыць беларускую, было вельмі цяжка НЕ размаўляць на трасянцы. Розніца паміж «г» і «х» для мяне практычна ніякая. Таму такія словы, як «гульня» і «ўвогуле», мне спачатку гучалі як рускі мат, а выраз «сардэчна запрашаем» мне здаваўся рускім «забараняем». Часам цяжка заўважаць розніцу паміж жаночым й сярэднім радамі.

Таксама складана тое, што беларуская — гэта не проста адна мова, а розныя мовы й дыялекты. Ёсць, напрыклад, наркамаўка, тарашкевіца, дзеясловіца й лацінка. А яшчэ як на Палессі размаўляюць — гэта не так, як у Полацку ці ў Гродна. Гэта паказвае, што беларуская мова і культура багатыя.

Патэрсан Франка — яшчэ і фанат беларускай музыкі. Для яго Беларусь — «краіна найлепшых артыстаў на свеце». У ягоны спіс улюблёных уваходзяць такія гурты, як «Тройца», Znich, «Садъ», «Сьцяна», «Нака», «Старогы Ольса», «Ляпіс Трубяцкі», NRM, «Камаедзіца», «Крамбамбуля», Drum Ecstasy, B_Side, «Разбітае Серца Пацана», Аддіс Абеба і «Крама». Бываў Патэрсан і на фэстах беларускай музыкі. «Калі вы хочаце вывучыць беларускую мову, абавязкова слухайце беларускую музыку — гэта вельмі прыемна», — кажа бразільскі хлопец.


Бразілец Патэрсан Франко нарэшце патрапіў на выступ аднаго сваіх улюбёных беларускіх гуртоў "Зьніч", на паган-мэтал фестывалі "Kilkim Žaibu" у Літве. 22 чэрвеня 2012

«Калі я размаўляў па-беларуску, людзі глядзелі на мяне крыва»

Калі я размаўляў па-беларуску ў Беларусі, людзі глядзелі на мяне крыва. І гэта не таму, што я замежнік, бо з маімі беларускімі сябрамі было дакладна тое самае. Мне здавалася, што людзям не падабалася слухаць беларускую. Цікава было размаўляць з сябрамі. Адна пара з Гомелю да нашага знаёмства карысталася толькі рускай. А пасля сустрэчы з намі яны загаварылі па-беларуску, бо пабачылі, што бразілец, які не ведаў нічога на іх мове, за тыдзень ўжо размаўляе лепш за многіх беларусаў. Калі я сустракаў беларусаў у Літве і Маскве, то часам рабіў выгляд, што «па-маскальску» не разумею.

Ва Украіне размаўляў з украінцамі па-беларуску, а яны — па-ўкраінску. І мы нармальна разумеліся. У Бразіліі мы з жонкай кожны дзень гаворым па-беларуску, асабліва калі не хочам, каб іншыя людзі нас разумелі.

Можа гэта ўсё таму, што ў вас толькі 50 сонечных дзён у годзе?

Шмат людзей таксама кажуць, калі хтосьці па-беларуску не выдатна размаўляе, то лепш па-руску размаўляць. А як тады чалавек будзе правільна размаўляць, калі ён не практыкуецца?

Ёсць два віды беларусаў. Тыя, хто пад дзяржаўным сцягам — размаўляюць і думаюць па-руску. І тыя, хто пад бел-чырвона-белым сцягам. Яны беларускамоўныя, звычайна званыя «апазіцыянерамі». Калі б я быў беларусам пад дзяржаўным сцягам, я сядзеў бы дома і абураўся на тое, што ўсё кепска. Хоць, я з майго лацінаамерыканскага пункту гледжання думаю, у вас усё файна — гэта проста беларуская душа любіць на ўсё абурацца. Можа таму, што ў вас бывае толькі каля 50 сонечных дзён у годзе. Калі б я быў беларусам пад бел-чырвона-белым сцягам, я б вам не распавядаў аб сваіх планах. Але магу сказаць, што гэта не было б мірнай акцыяй.

Беларуская — рэальна вельмі прыгожая мова. Гэта мова маёй каханай жонкі, гэта мова свабоды і самасвядомасці. Гэта ключ да іншага свету.

Нямецкі студэнт вывучыў беларускую мову, каб лепей разумець Статут ВКЛ
Дызайнер з Вялікабрытаніі вывучыў напамяць вершы Янкі Купалы
Беларускамоўны баск: «Нам таксама прыемна, калі замежнікі вывучаюць нашу мову»


Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0687 seconds.