Двое з пяці беларусаў хацелі б самі паехаць ці адправіць сваіх дзяцей на навучанне ў ЕС

41% беларусаў жадае павучыцца ў Еўрасаюзе альбо адправіць на навучанне туды сваіх дзяцей. У Расею на навучанне жадае ехаць толькі 12%. У іншую краіну даслаць сваіх дзяцей дзеля атрымання адукацыі альбо самім паехаць туды з гэтай мэтай хацелі б 17%.

Эміграцыя

Такія вынікі атрыманыя цягам апытання, праведзенага Цэнтрам інтэграцыйных даследаванняў Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР) сумесна з Міжнародным даследчым агенцтвам «Еўразійскі манітор». Апытанне праводзілася ва ўсіх краінах СНД і Грузіі і ахоплівала ад 900 да 2 000 чалавек.

Цалкам выехаць за мяжу паводле гэтага даследавання хацелі б 34% беларусаў. Нікуды не хочуць ехаць болей за палову беларусаў — 53% ад апытаных. 16% з усіх апытаных хацелі б з’ехаць на сталае жыхарства ў адну з краін Еўрасаюзу, 13% — у іншую краіну.


Вынікі апытання інтэграцыйнай структуры, што месціцца ў Маскве, адрозніваюцца ў больш пазітыўны бок ад тых высноўваў, да якіх прыйшлі незалежныя беларускія сацыёлагі. У прыватнасці, болей за двух трацінаў маладых людзей ад 18 да 24 гадоў жадаюць пераехаць у іншую краіну. Назаўжды. Аб гэтым кажуць дадзеныя, апублікаваныя Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД) у дакладзе «Рынак працы і працоўныя адносіны для жанчын і моладзі ў Беларусі».

Паводле гэтага ж апытання троху больш за палову не спяшаюцца пакаваць валізкі: 55.3% беларусаў адказалі адмоўна на пытанне пра магчымасць выезду за мяжу.
Сацыёлагі тлумачаць узрослы ўзровень жадання з’ехаць з краіны складаным эканамічным становішчам:

«Сённяшняя сітуацыя нагадвае канец 70-х — пачатак 80-х, так званы „росквіт застою“ часоў позняга Брэжнева. Сацыяльныя ліфтынгі, якія дазвалялі моладзі, любому новаму пакаленню выходзіць наверх, рабіцца ўплывовымі фігурамі ў бізнэсе, культуры і палітыцы — яны больш складаныя, чым пятнаццаць-дваццаць гадоў таму», — тлумачыў у пачатку 2012 году кіраўнік НІСЭПД Алег Манаеў.

Па словах сацыёлага, звычайна ў падобных апытаннях у жаданні з’ехаць на пастаяннае месца жыхарства прызнаюцца каля 60% маладых людзей. Але цяпер узровень патэнцыйных эмігрантаў дайшоў амаль да 70%.

Канешне, як кажа Манаеў, з’едуць ня ўсе, «але патэнцыял вельмі вялікі». Збольшага гэтыя людзі даволі хутка адаптуюцца на радзіме і зоймуць месцы сваіх бабулек. А грамадства ўсё роўна прайграе: кансервацыя яго непазбежная, а адзіны варыянт развіцця — праз аўтарытарную мадэрнізацыю.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2037 seconds.