Google захавае мовы, што зьнікаюць

Інтэрнэт-кампанія Google абвясьціла аб намеры ўнесьці ўласны ўнёсак ва ўратаваньне моваў невялікіх народаў, якія апынуліся на мяжы зьнікненьня.


Эўрапейскія мовы, што могуць хутка зьнікнуць. Чырвоныя і аранжавыя кнопкі пазначаюць мовы, што амаль зьніклі

Пошукавы гігант зьвярнуўся да пытаньня зьнікненьня моваў і стварыў «Праект па захаваньні моваў».

«Праз дакумэнтаваньне болей за 3 тысячаў моваў, што знаходзяцца на мяжы зьнікненьня (гэта каля паловы ўсіх моваў, што існуюць у сьвеце), мы спадзяемся зрабіць важны крок ў накірунку падтрыманьня культурнай разнастайнасьці, павагі да ведаў продкаў і разьвіцьця нашай моладзі», — гаворыцца ў допісе стваральнікаў праекту ў афіцыйным блогу Google.

Праз базу зьвестак праекту Google спадзяецца зьвязаць людзей, што займаюцца захаваньнем моваў па ўсім сьвеце. Карыстальнікі атрымаюць магчымасьць самастойна папаўняць інфармацыю пра мовы і дыялекты, якія могуць зьнікнуць у хуткай будучыні.

Сайт endangeredlanguages.com цяпер мае дакумэнты, што ўлучаюць як рукапісы XVIII стагодзьдзя, гэтак і сучасныя навучальныя дапаможнікі і навукова-папулярныя артыкулы.

Беларускай у сьпісе зьнікаючых моваў ад Google няма. Затое ў яго трапіла, напрыклад, гэльская мова Ірляндыі, якая паводле навукоўцаў знаходзіцца «пад сур’ёзнай пагрозай». Увогуле, пакуль адзін з найлепшых сэрвісаў праекту — мапа, на якой візуалізаваныя месцы, дзе ў бліжэйшыя гады мовы могуць зьнікнуць.

Пасьпяховасьць падобных праектаў чалавецтва атрымае магчымасьць пратэставаць ужо праз 88 гадоў: менавіта столькі засталося да зьнікненьня трох зь сямі тысячаў існых у сьвеце моваў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1032 seconds.