Сэсія: 10 ідэяў па ўдасканальваньню памяці

Сэсія — час, калі амаль кожны студэнт пачынае шкадаваць, што не вучыўся на працягу сэмэстра. І так хочацца знайсьці чароўны рэцэпт, які дапамог бы ня толькі зьмясьціць вялікую колькасьць інфармацыі ў галаве, але ж і ўтрымаць яе там. Адзін вызначаны рэцэпт знайсьці не магчыма, ды й вучыць матэрыял варта ў час, а вось калі пачаць у комплексе разьвіваць свой мозг, дык можна ў будучыні нашмат палепшыць сваю памяць. 

Памятайце, памяць варта разьвіваць, бо ў любым выпадку прыйдзе яе занядбаньне, а ў старасьці — маразм. Некалькі ідэяў па ўдасканальваньню памяці дзеля таго, каб раней часу не стаць маразматыкам.

Завесьці нататнік і запісваць свае думкі

Гэта самы лёгкі шлях па ўдасканальваньню памяці, варта проста запісваць свае думкі, ідэі ў нататнік, скласьці пляны, завесьці блог. Тым самым ствараеш дадатковую нагрузку на мозг, практыкуеш яго, дакранаесься да іншага боку мысьленьня.

Падлічваць сумарны кошт прадуктаў

Перад тым, як вырашыш паміж завучваньнем матэрыялу пайсьці ў краму за прадуктамі — запішы іх на аркушы. Некалькі разоў прачытай сьпіс услых і ідзі ў краму. Зрабі пакупкі, не зазіраючы ў запіс. Перад касай правер — ці ўсё купіў. Адразу ў краме можна падлічваць сумарны кошт пакупак у розуме — праверку атрымаеш ў касіра. Гэта выдатна трэніруе і разьвівае памяць.

Даваць розуму вітамінаў

Калі ізноў вырашыш наведаць краму, то замест смачнай «хіміі» набывай арэхі, сухафрукты, якія спрыяльна ўплываюць на памяць (разынкі, курага), таксама бульба, бананы, памідоры, белакачанная капуста, лямінарыя (марская капуста), брокалі, яна багатая вітамінам К, а ён у сваю чаргу здольны палепшыць працу мозгу.

Запамінай замежныя словы

Замежныя мовы акрамя таго, што часам неабходныя, яшчэ і выдатная трэніроўка для розуму, падпампоўка для памяці, пашырэньне далягляду, словам, толькі станоўчыя моманты.

Слухаць музыку і таньчыць

Некаторыя для разьвіцьця памяці раяць слухаць музыку, калі вядома вам гэта падабаецца. Наведвайце клясычныя канцэрты ці рок тусоўкі — вынік не прымусіць сябе чакаць. Не толькі прыемна, але ж і карысна. Музыка добра стымулюе мозг і працу памяці. Дарэчы, калі вы яшчэ і натанчыцеся ад душы, карысьць для памяці і ўвагі будзе падвойнай. Танчыце сьмешна, карава, ды й ўвогуле як заўгодна. Рухайцеся як мага больш актыўна і натхнёна.

Сказаць сабе: запомні гэта

Напрыклад, калі вам прадставілі незнаёмага чалавека, прагаварыце пра сябе яго імя і загадайце сабе яго запомніць. Так вы несьвядома пераведзяце гэту інфармацыю ў статус важнейшай.

Пракручваць ў галаве ўсе падзеі за дзень.

Штодня раніцай і ўвечар трэба пракручваць у галаве ўсе падзеі мінулага дня, успамінаючы іх да самых падрабязнасьцяў і драбнюткіх дэталяў. Акрамя таго варта даць адзнаку ўласным учынкам, зробленым за гэты дзень, пытайце ў сябе: «Што я зрабіў сёньня? Што зрабіў не так як трэба? Якія ўчынкі заслугоўваюць асуджэньня? Якімі варта цешыцца і ганарыцца?»

Вучыць вершы і тэксты

Вазьміце ў звычку штодня вывучаць невялікі ўрывак тэксту (паэзіі ці прозы). Але гэта не павінна быць аўтаматычнае зазубрываньне. Унікайце ў сэнс тэксту, імкніцеся вывучыць яго не за адзін раз, некалькі разоў запар паўтарайце яго, а на працягу дня, вяртайцеся да тэксту час ад часу. Чым больш паўтораў тэксту вы ажыцьцявіце — тым лепш ваша памяць «зафіксуе» яго. З часам вы натрэніруеце памяць і пачнеце запамінаць тэкст са значна меншай колькасьці паўтораў. Тым больш у выніку Вы зможаце рабіць вялікае ўражаньне на людзей, цытатамі выбітных асоб. )

Чытаць ўголас

У гэтым выпадку зрокавае ўспрыманьне, як пры звычайным чытаньні і слухавое, як пры слуханьні лекцый, працуюць разам, такі падвойны эфэкт атрымліваецца.

Разгадваць крыжаванкі

Мэтад трохі архаічны, але ж і правераны. Імкніцеся як мага больш разгадваць крыжаванак, галаваломак. Прымушайце працаваць Ваш мозг. Надавайце гэтым практыкаваньням хаця б 10 хвілін у дзень.

І яшчэ цікавосткі пра памяць і розум:

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1351 seconds.