Пасьля 27 год разумовыя здольнасьці большасьці людзей пачынаюць пагаршацца
Разумовыя здольнасьці чалавека дасягаюць свайго піку ў 22 гады, а пасьля 27 год пачынаюць памяншацца, сьцьвярджаюць амэрыканскія навукоўцы ў выніку дасьледаваньня 2000 чалавек ва ўзросьце ад 18 да 60 год.
Па словах кіраўніка дасьледаваньня, якое было праведзенае ў амэрыканскім University of Virginia, прафэсара Timothy Salthouse, у 9 з 12 тэстаў для вызначэньня розных разумовых функцыяў сярэдні ўзрост людзей, якія паказалі найлепшы вынік, складае 22 гады.
Істотнае зьніжэньне вынікаў тэстаў на лёгіку, хуткасьць мысьленьня і прасторавае ўяўленьне назіраецца ў людзей старэйшых за 27 год. Памяць пачынае пагаршацца пасьля 37 год, а паказальнікі іншых інтэлектуальных функцый — пасьля 42.
Зьніжэньне інтэлекту з узростам аднак замаскіраванае вопытам (у тым ліку і ў праходжаньні тэстаў).
Пра вынікі дасьледаваньня, якія былі апублікаваныя ў часопісе Neurobiology of Aging, напісала ў нядзелю telegraph.co.uk