Названыя ўсе беларускія гурты на Басовішчы-2012

Арганізатары фэстывалю музыкі маладой Беларусі назвалі імёны ўсіх беларускіх удзельнікаў, а таксама большасьці польскіх. Пры гэтым нечакана было заяўлена аб падрыхтоўцы да канцэрту ў Менску, удзел у якім возьмуць маладыя беларускамоўныя каманды, што жадаюць выступіць на «Басовішчы».


IQ48 зрабіліся адной з самых прыемных традыцыяў Басовішча

На сёлетнім «Басовішчы» выступяць шэсьць гуртоў зь Беларусі: IQ48, «Сьцяна», Znich, :B:N:, Terrakod і «Кальмары», а таксама польскія калектывы: беларускамоўныя Rima ды Ilo&Friends і польскамоўныя Fabien Lehre i Raggafaya. Апроч таго ўначы забаўляць прысутных будуць беластоцкія ды-джэі Majki ды Dtekk і гарадзенскія Kreep i Nobel.

Пры гэтым імя яшчэ аднаго польскага гурта пакуль не раскрываецца. З паведамленьня на афіцыйнай старонцы фэсту ў Фэйсбук вынікае, што ён і стане хэдлайнэрам фэстывалю. 

Конкурс маладых гуртоў адбудзецца ў Менску

«Сёлета конкурс беларускіх гуртоў адбудзецца ў Менску, — заявіла Эўрапейскаму радыё для Беларусі арганізатарка фэсту Ганна Пякарская».

Плянуецца, што адбор пройдзе напрыканцы чэрвеня ў сталічным Rocker Bar (былы Jolly Roger Cafe). Яго пераможца выступіць на «Басовішчы» разам з вышэй названымі гуртамі.

Каб далучыцца да конкурсу, маладым гуртам зь Беларусі трэба даслаць свае заявы, разам з адной песьняй у mp3 (або спасылку на гэты трэк) на адрас konkurs@basowiszcza.org да 20 чэрвеня (у тэме «Басовішча — Конкурс»).

Зь візамі як заўжды нічога няясна

Штогод паўстае пытаньне аб тым, ці атрымаюць беларускія слухачы магчымасьць трапіць на фэстываль. Галоўнай перашкода для іх звычайна выступаюць візавыя абмежаваньні:

«На гэты момант мы не можам нічога абяцаць, але выказваем глыбокую надзею, што ўсё будзе ісьці па нашай думцы і ў хуткім часе мы зможам абвясьціць яшчэ адну добрую навіну», — заявіла прадстаўніца арганізатараў фэсту Кацярына Максімец на пытаньне Generation.bY пра магчымасьць выдачы ахвотным трапіць на фэст візаў па-за чаргой.

Традыцыйны фэст музыкі маладой Беларусі адбудзецца 13–14 ліпеня ў Гарадку на Падляшшы.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0474 seconds.