ЭГУ сьвяткуе 20-годзьдзе і працягвае атрымліваць грошы

У гэтыя дні Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт адзначае 20-годзьдзе з часу заснаваньня. На афіцыйных мерапрыемствах унівэрсытэт вітаюць вышэйшыя чыноўнікі краін Эўразьвязу, а амэрыканскія ўрадоўцы робяць заявы аб вылучэньні новага фінансаваньня.


20-годзьдзе самы вядомы адукацыйны праект беларускіх інтэлектуалаў сьвяткуе ў кампаніі эўрапейскіх міністраў

У 1992 годзе Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт быў заснаваны ў Менску. Цяпер ён знаходзіцца ў Вільні, і круглую дату вітаюць літоўскія чыноўнікі. Такія, як міністар замежных справаў Літвы Аўдронюс Ажубаліс:

«Мы верым, што гэтыя маладыя людзі змогуць належным чынам удзельнічаць у працэсе разьвіцьця беларускага грамадзтва і будуць садзейнічаць большай адкрытасьці краіны ў дачыненьні да каштоўнасьцяў заходняга сьвету», — заявіў міністар, зьвяртаючыся да студэнтаў ЭГУ падчас аднаго са сьвяточных мерапрыемстваў. Аб гэтым паведамляе БелаПАН.

Паводле ягоных словаў, ЭГУ дае надзею на стварэньне ў Беларусі адкрытага грамадзтва, якое будзе грунтавацца на лібэральных і дэмакратычных каштоўнасьцях.

«Калі мы падтрымліваем ЭГУ, то мы ўдзельнічаем у пазытыўных зьменах у Беларусі. Гэта наш цьвёрды ўнёсак у будучыню беларускага грамадзтва», — кажа міністар.

Ажубаліс лічыць, што ЭГУ ўжо дасягнуў каштоўнасьцяў лібэральнага грамадзтва, таму заклікае замежных донараў працягнуць падтрымку ўнівэрсытэта «аж да вяртаньня ЭГУ ў Менск». Словы міністра перадае прэс-служба ўнівэрсытэту.

Цяпер да 70% сродкаў беларускі ўнівэрсытэт у выгнаньні атрымлівае ад спонсараў, якія пераважна месьцяцца ў краінах Паўночнай Эўропы і Амэрыцы.

Акрамя гэтага нядаўна стала вядома, што ЗША пералічыць ЭГУ яшчэ 1 мільён даляраў у бліжэйшыя два гады.

Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт быў заснаваны ў 1992 годзе ў Беларусі, аднак у 2004-м пад ціскам уладаў быў зачынены. Цяпер ВНУ налічвае каля 1 800 студэнтаў, большасьць зь якіх маюць беларускія пашпарты і вучацца завочна ў Беларусі. За апошнія гады колькасьць студэнтаў вырасла ў дзесяць разоў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0603 seconds.