За 3 гады доля беларускамоўных зьменшылася на траціну

Сацыёлягі прэзэнтавалі паўторнае дасьледаваньне, якое дэманструе зьмены ў стаўленьне беларусаў да нацыянальнай культуры і мовы за апошнія тры гады. Беларусы па-ранейшаму бачаць крыніцу дзяржаўнасьці ў ВКЛ, роднай мовай лічаць найперш расейскую, а нацыянальнымі сымбалямі бачаць чырвона-зялёныя.

На канфэрэнцыі «Будучыня Беларусі», якая адбылася ў Вільні і была прысьвечаная 20-м угодкам незалежных дасьледаваньняў у Беларусі, Андрэй Адамовіч агучыў зьвесткі нацыянальнага апытаньня, праведзенага ў 2011 годзе сацыялягічнай лябараторыяй «Новак» сумесна з грамадзянскай кампаніяй «Будзьма» на тэму нацыянальнай ідэнтычнасьці. Аналягічнае дасьледаваньне было праведзенае ў 2009 годзе. Радыё Свабода прыводзіць некаторыя вынікі дасьледаваньня.

Паводле дадзеных сацыёлягаў, троху зьменшылася доля беларусаў, якія штодня карыстаюцца беларускай. Нас цяпер прыкладна 3.9% ці 370 тысячаў чалавек, што адпаведае колькасьці насельніцтва ў Магілёве. У 2009 тыя ж самыя сацыёлягі налічылі каля 5.8% беларускамоўных. У якасьці матыву, чаму людзі не гавораць па-беларуску, большасьць выбірае варыянт «няма беларускамоўнага асяродзьдзя».

Пры гэтым толькі 2.5% апытаных наагул не разумеюць беларускую мову, прыкладна чвэрць апытаных разумеюць гутарковую мову, але ня могуць чытаць, пісаць і размаўляць. 48% кажуць, што могуць чытаць па-беларуску, кепска пішуць, але ня могуць гаварыць, і 23.4% адказалі, што валодаюць мовай свабодна.

За тры гады доля тых, хто вольна валодае і думае па-беларуску, зьменшылася прыкладна на 8% ці на 76 тысячаў чалавек.

Цікавым ёсьць вынікі пытаньня аб роднай мове. У адказах на яго можна было пазначаць некалькі моваў. Вынікі атрымаліся наступныя: беларуская — 57.2%, расейская — 78.7%, польская — 1.1%, украінская — 1%. Прыкладна траціна апытаных назвалі роднымі беларускую і расейскую мовы. Паводле ж дадзеных нацыянальнага перапісу, для большасьці родная ўсё ж беларуская, але колькасьць такіх людзей імкліва скарачаецца.

У адказах на пытаньне пра першую беларускую дзяржаву ў гісторыі 25% назвалі Полацкае княства, ВКЛ — 44%, БНР — 10%, БССР — 18%, РБ — 16%. Тут стаўленьне беларусаў за тры гады амаль не зьмянілася.

Пры гэтым на некалькі адсоткаў вырасла доля тых, хто лічаць нацыянальнымі сымбалямі бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня». Такія погляды падзяляе дзесятая частка беларусаў. 73% апытаных аддаюць перавагу існым дзяржаўным сымбалям.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0621 seconds.