Міністар адукацыі не знайшоў моўнага бар’еру ў мытным зьвязе

Міністар адукацыі Сяргей Маскевіч распавёў, якім чынам зьбіраецца зарабляць грошы на беларускай адукацыі. Ён прапануе прадаваць напісаныя ў Беларусі падручнікі і дзіцячую літаратуру і часопісы ў Расею і Казахстан, бо «ў нас няма моўнага бар’еру».

Як піша «Звязда», у час выступу перад журналістамі Сяргей Маскевіч заклікаў сябе і сваіх падначаленых «быць больш актыўнымі і нават агрэсіўнымі ў засваеньні зьнешніх рынкаў»:

«Чамусьці, калі мы гаворым пра нарошчваньне экспарту адукацыйных паслуг, то ў першую чаргу маем на ўвазе прыцягненьне ў нашу краіну для навучаньня студэнтаў-замежнікаў», — зьдзіўляецца міністар адукацыі.

Нагадаем, у бліжэйшыя гады мінадукацыі спадзяецца павялічыць колькасьць замежных студэнтаў у нашай краіне ў тры разы.

«А чаму б нам не экспартаваць нашу кніжную прадукцыю, нашы цудоўныя дзіцячыя часопісы, вучэбную літаратуру, тым больш што ў адзінай эканамічнай прасторы моўнага бар’еру не існуе? Мяркую, што гэта пакуль прабел у нашай рабоце…»

Заява аб адсутнасьці моўных бар’ераў паміж Беларусьсю і Казахстанам, а таксама Расеяй была агучаная разам з рашэньнем адмовіцца ад пераходу выкладаньня гісторыі і геаграфіі Беларусі ў школах на беларускую ў сувязі з адсутнасьцю сродкаў на друк падручнікаў.

Акрамя гэтага міністар адукацыі абвясьціў, што плянуе распачаць праект агучваньня «лепшых твораў літаратуры», дзеля таго, каб беларускія школьнікі маглі слухаць, а не чытаць іх. У партнэры дзеля стварэньня расейскамоўных аўдыёкніжак плянуецца прыцягнуць таксама расейскую кампанію. Ці будуць агучаныя творы беларускай літаратуры, альбо на гэта таксама ня хопіць грошай, не паведамляецца.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0642 seconds.