Мінадукацыі адмовілася ад пераходу выкладаньня гісторыі і геаграфіі на беларускую мову

Міністар адукацыі Сяргей Маскевіч ня здолеў рэалізаваць чарговую ініцыятыву: пераход выкладаньня гісторыі і геаграфіі Беларусі ў школах на беларускую мову. Яго намесьнік заявіў, што гэтыя прадметы і надалей будуць выкладацца на расейскай, бо на друк беларускамоўных падручнікаў няма грошай, і ўвогуле права выбару мовы навучаньня застаецца «за бацькамі».

Напрыканцы сакавіка гэтага году міністар адукацыі Сяргей Маскевіч заявіў пра жаданьне перавесьці выкладаньне двух школьных прадметаў — гісторыі Беларусі і геаграфіі Беларусі — выключна на беларускую мову. Цяпер гэтыя прадметы вывучаюцца пераважна па-расейску.

«Такая задача ўжо пастаўленая, і мы будзем імкнуцца да таго, каб ужо з новага навучальнага году беларуская мова вярнулася на ўрокі па гісторыі і геаграфіі роднага краю», — казаў тады Маскевіч.

Аднак учора яго намесьнік Казімір Фарыно заявіў аб адмове міністэрства ў пераходзе на мову тытульнай нацыі:

«На дадзены момант гісторыю Беларусі на беларускай мове ў нашай краіне вывучае каля 18% дзяцей, зь якіх толькі 5% пражывае ў гарадах», — сказаў Фарыно.

«Для таго каб гэта зрабіць [перавесьці выкладаньне на беларускую мову], неабходныя дадатковыя сродкі на выданьне ўсіх падручнікаў. Падручнікі выдаюцца пад замову. Да прыкладу, для таго каб выдаць падручнікі для усіх вучняў 5-х клясаў, трэба 1.3 млрд. рублёў», — цытуе яго словы interfax.by.

Агулам, па словах намесьніка міністра, на перавод усіх школаў на беларускамоўную гісторыю і геаграфію патрэбныя $1.224 млн.

Акрамя грошай перайсьці на нацыянальную мову ў выкладаньні толькі двух прадметаў з дзесяткаў міністэрству перашкаджае закон аб мовах і кодэкс аб адукацыі. Характэрна, што калі першы зьявіўся толькі ў мінулым годзе, то закон аб мовах функцыянуе ужо больш за 20 гадоў і раней ён не перашкаджаў выкладаць гісторыю і геаграфію Беларусі па-беларуску ва ўсіх школах.

«А наогул у канстытуцыі ў нас 2 дзяржаўныя мовы, і права выбару мовы навучаньня, у тым ліку „Гісторыі Беларусі“ і „Геаграфіі Беларусі“, — за бацькамі», — заявіў намесьнік міністра, дадаўшы, што вельмі турбуецца аб тым, як такі пераход «будзе ўспрыняты ўсімі». Аб гэтым піша tut.by.

Фарыно ня выключыў пераходу на беларускую ў дзьвюх названых дысцыплінах у будучыні.

Тым часам з кожным годам працягвае скарачацца і колькасьць абітурыентаў, якія на абавязковым іспыце па дзяржаўнай мове зь дзьвюх моваў выбіралі беларускую. У 2011 годзе расейскую мову пажадалі здаваць пад час ЦТ больш як 96 тысяч чалавек, а на беларускую мову зарэгістраваліся толькі крыху больш як 53 тысячы абітурыентаў.

На іншых дысцыплінах цэнтралізаванага тэставаньня колькасьць тых, хто пажадаў здаваць іспыт на беларускай мове, увогуле выглядала катастрафічна малой: па геаграфіі — 5.2%, матэматыцы — 6.2%, фізыцы — 5.6%, хіміі — 5.5%, біялёгіі — 7.2%, сусьветнай гісторыі — каля 8.7%, грамадазнаўстве — 2.5%. Можна меркаваць, што гэта статыстыка адлюстроўвае рэальную сытуацыю з колькасьцю вучняў, якія навучаюцца сёньня ў беларускамоўных школах.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1273 seconds.