Гісторыю і геаграфію Беларусі будуць выкладаць у школах па-беларуску

Аб жаданьні перавесьці выкладаньне двух школьных прадметаў — гісторыі Беларусі і геаграфіі Беларусі — выключна на беларускую мову паведаміў «Звяздзе» міністар адукацыі Сяргей Маскевіч.

«Такая задача ўжо пастаўленая, і мы будзем імкнуцца да таго, каб ужо з новага навучальнага году беларуская мова вярнулася на ўрокі па гісторыі і геаграфіі роднага краю», — сказаў Сяргей Маскевіч.

Таксама Маскевіч заявіў, што ва ўсіх ВНУ краіны па-ранейшаму будзе выкладацца курс «Беларуская мова. Прафэсійная лексыка». І дадаў, што выкладаньне гісторыі Беларусі таксама будзе весьціся на беларускай.

Нагадаем, верагоднасьць зьнікненьня гэтага курсу з праграмы ВНУ паўстала ў сувязі з абвешчаным пераходам многіх праграм навучаньня з 5 гадоў на 4 і, як вынік, скарачэньня блёку гуманітарных дысцыплінаў, што выкладаюцца ў кожным унівэрсытэце.

Колькасьць жадаючых здаваць ЦТ па-беларуску катастрафічна падае

Выкладаньне гісторыі Беларусі на расейскую перавялі ў 2006 годзе, калі міністрам адукацыі быў Аляксандр Радзькоў. Тады ў вельмі хуткім часе беларуская амаль цалкам зьнікла з урокаў гісторыі ў расейскамоўных школах. А беларускамоўныя падручнікі былі замененыя новымі.

Арганізатары цэнтралізаванага тэставаньне заўважылі, што, пачынаючы з 2007 году, колькасьць ахвотнікаў здаваць тэст па гісторыі Беларусі на роднай мове з кожным годам зьмяншалася. І летась цэнтралізаванае тэставаньне па гісторыі Беларусі пісалі на беларускай мове толькі каля 33% з зарэгістраваных.

З кожным годам працягвае зьмяншацца і колькасьць абітурыентаў, якія на абавязковым іспыце па дзяржаўнай мове зь дзьвюх моваў выбіралі беларускую. У 2011 годзе рускую мову пажадалі здаваць падчас ЦТ больш як 96 тысяч чалавек, а на беларускую мову зарэгістраваліся толькі крыху больш як 53 тысячы абітурыентаў.

На іншых дысцыплінах цэнтралізаванага тэставаньня колькасьць тых, хто пажадаў здаваць іспыт на беларускай мове, увогуле выглядала катастрафічна малой: па геаграфіі — 5,2%, матэматыцы — 6,2%, фізыцы — 5,6%, хіміі — 5,5%, біялёгіі — 7,2%, сусьветнай гісторыі — каля 8,7%, грамадазнаўстве — 2,5%. Можна меркаваць, што гэта статыстыка адлюстроўвае рэальную сытуацыю з колькасьцю вучняў, якія навучаюцца сёньня ў рускамоўных і беларускамоўных школах.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0569 seconds.