Лукашэнка забіў апошні цьвік у моўную рэформу Маскевіча

Аляксандр Лукашэнка мяркуе, што чалавек мае права сам выбіраць, на якой дзяржаўнай мове яму вучыцца — расейскай або беларускай. Заява прагучала праз тыдзень пасьля агучваньня рашэньня Мінадукацыі адмовіцца ад плянаў па пераводу выкладаньня гісторыі і геаграфіі Беларусі на беларускую мову.

Стала зразумелым, хто стаяў за хуткай адмоваю міністра адукацыі Сяргея Маскевіча ад спробаў вярнуць беларускую мову ў школы.

«Навошта падымаць пытаньні, калі яны даўно вырашаныя альбо спакойна вырашаюцца самі па сабе», — заявіў Лукашэнка, наведваючы ў пятніцу Полацкі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Яго цытуе interfax.by

Гэтае пытаньне ўзьнікла ў час наведваньня Лукашэнкам бібліятэкі ВНУ, калі ён убачыў падручнікі па гісторыі на расейскай мове.

«Чаго вы вырашылі перайсьці на адну мову?», — спытаў Лукашэнка ў чыноўнікаў, якія суправаджалі яго.

«Навошта лезьці ў гэтыя пытаньні? Хоча Косінец [старшыня Віцебскага аблвыканкама] вывучаць на беларускай мове гісторыю сярэдніх вякоў — хай вывучае. Хоча Радзькоў [першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта] вывучаць на расейскай мове — хай вывучае», — сказаў ён.

Лукашэнка адзначыў, што ў свой час ён скончыў расейскамоўную сярэднюю школу. «Але я нармальна здаваў іспыты і на беларускай мове», — сказаў Лукашэнка.

Словы Лукашэнкі можна тлумачыць як канчатковую забарону на пераход на выкладаньне ў школах гісторыі і геаграфіі Беларусі на беларускую. З такой ініцыятывай у пачатку вясны выступіў Сяргей Маскевіч. Аднак нядаўна яго намесьнік Казімір Фарыно заявіў, што мову як і раней можна будзе выбіраць бацькам. На практыцы гэта значыць, што беларуская мова працягне губляць статус і станавіцца ўсё больш маргінальнай.

У 2011 годзе падчас ЦТ расейскую мову пажадалі здаваць больш як 96 тысяч чалавек, а на беларускую мову зарэгістраваліся толькі крыху больш як 53 тысячы абітурыентаў. На іншых дысцыплінах цэнтралізаванага тэставаньня колькасьць тых, хто пажадаў здаваць іспыт на беларускай мове, увогуле выглядала катастрафічна малой: па геаграфіі — 5.2%, матэматыцы — 6.2%, фізыцы — 5.6%, хіміі — 5.5%, біялёгіі — 7.2%, сусьветнай гісторыі — каля 8.7%, грамадазнаўстве — 2.5%.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1633 seconds.