Міністар адукацыі распавёў, для чаго насамрэч існуе прымусовае разьмеркаваньне

«Разьмеркаваньне існуе для таго, каб вырашыць канкрэтныя кадравыя пытаньні нашай беларускай эканомікі», — заявіў міністар адукацыі Сяргей Маскевіч у час онлайн-канфэрэнцыі на БТ.


Сяргей Маскевіч: Разьмеркаваньне — гэта для вырашэньня праблем уладаў. А вы што думалі? Фота БелТА

Акрамя гэтага, міністар адукацыі сказаў, што атрымаць разьмеркаваньне за мяжу немагчыма, бо «разьмеркаваньне існуе не для таго, каб проста малады чалавек мог зьехаць кудысьці і не вяртаць выдаткі на яго навучаньне».

Між тым у Кодэксе аб адукацыі адзначаецца, што беларускіх выпускнікоў прымусова накіроўваюць на працу з мэтай іх «сацыяльнай абароны». А чыноўнікі і кіраўніцтва ВНУ увеcь час паўтарае, што галоўнае ў разьмеркаваньні — магчымасьць выпускніка атрымаць «першае працоўнае месца».

Папярэднік Маскевіча на пасадзе міністра адукацыі Аляксандр Радзькоў меў троху іншае стаўленьне да прымусовага разьмеркаваньня. У прыватнасьці ён казаў, што выпускнікам падабаецца прымусовае разьмеркаваньне, а «ехаць на вёску прэстыжна».

Але з часам у Радзькова зьмяняўся пункт погляду. За пяць месяцаў да сваёй адстаўкі ён заявіў, што «Бясплатнай адукацыі ў нас няма». Гэтым былы міністар, а цяпер галоўны ідэоляг краіны хацеў падкрэсьліць, што ўсе бясплатнікі — гэта студэнты, што вучацца за кошт бюджэту, і ім рана ці позна прыйдзецца адпрацоўваць.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0355 seconds.