Беларускі студэнт праз суд дамогся аднаўленьня ў інстытуце

Малады навуковец Аляксей Паўлоўскі праз суд дамогся скасаваньня незаконнага загаду аб адлічэньні з асьпірантуры Інстытуту фізыялёгіі Акадэміі навук. Як лічыць студэнт, праз адлічэньне інстытут зводзіў зь ім рахункі за яго грамадзянскую пазыцыю: хлопец актыўна дамагаўся месца ў інтэрнаце. У выніку ён усё ж дамогся ад дзяржаўных структур выкананьня іх жа правілаў.


Цяпер зноўку асьпірант Аляксей Паўлоўскі. Фота «Народная воля»

Суд у Менску аднавіў маладога навукоўца з Магілёву Аляксея Паўлоўскага ў асьпірантуры Інстытуту фізіялёгіі НАНБ. Канфлікт паміж Паўлоўскім і кіраўніцтвам інстытуту ўзьнік з-за адмовы адміністрацыі вылучыць студэнту месца ў студінтэрнаце нягледзячы на адпаведнае абавязальніцтва навучальнай установы.

Паўлоўскі нават зьвярнуўся зь лістом у Адміністрацыю прэзыдэнта і запатрабаваў вылучыць месца і кампэнсаваць аплату арэнды жыльля ў Менску. 12 сьнежня 2011 года асьпіранта азнаёмілі з загадам аб адлічэньні. Кіраўніцтва навучальнай установы палічыла, што ягоныя паводзіны «не адпавядаюць маральнаму абліччу вучонага».

Пасьля гэтага Паўлоўскі зьвярнуўся з заявай у суд на неправамернае і нематываванае адлічэньне.

«На судзе я і мой прадстаўнік, юрыст прафсаюзу РЭП, прызналі, што я сапраўды спазьніўся адзін раз на паўгадзіны. Але сыстэматычных парушэньняў не было. І гэта суд прызнаў», — цытуе БелаПАН Паўлоўскага.

Акрамя гэтага, паводле Паўлоўскага, у доказах адказчыкаў былі неадпаведнасьці па датах і фактах. Загад аб адлічэньні выдалі яшчэ да праходжаньня ўсіх неабходных працэдураў.

Паўлоўскі і судзьдзя прапаноўвалі адказчыкам пайсьці на міравое пагадненьне. «Яны прадстаўлялі бок дырэктара, а дырэктар катэгарычна супраць міравой», — адзначыў ён.

Суд вырашыў прызнаць скаргу Паўлоўскага абгрунтаванай і адмяніць загад дырэктара Інстытуту фізіялёгіі аб адлічэньні маладога навукоўца з асьпірантуры. Акрамя гэтага, суд пакараў і старшыню прэзыдыюму Акадэміі навук, у адрас якога вынес прыватную пастанову аб парушэньні закону аб зваротах грамадзян.

На абскарджаньне рашэньня суда ў інстытута ёсьць 10 дзён.


Фота афіцыйнага парталу Менгарвыканкаму

Унікальны выпадак

Паўлоўскі — сын знакамітага маляра з Магілёву, што таксама падвяргаўся ганеньням з-за сваіх спробаў адстойваць справядлівасьць. Толькі не ў асяродку навукоўцаў, а паміж працоўных. І тыя, у адрозьненьні ад акадэмікаў, яго падтрымалі. Што да Паўлоўскага-малодшага, то ён плянуе і надалей дамагацца месца ў інтэрнаце, а таксама не спазьняцца на навучаньне. Інакш — дакладна адлічаць.

«Паколькі першая вымова ў мяне засталася, і калі я на хвіліну спазьнюся, то яны мяне могуць зноўку выгнаць. Я буду, канешне, старацца нават у такіх умовах. Паспрабую таксама пагутарыць з дырэктарам нармалёва», — сказаў асьпірант. Таксама ён мае намер надалей ставіць пытаньне аб вылучэньні яму месца ў інтэрнаце.

Выпадак Паўлоўскага — унікальны для Беларусі. Дзесяткі студэнтаў штогод становяцца ахвярамі палітычных адлічэньняў, аднак дамагчыся аднаўленьня праз суд амаль ніколі немагчыма. У чэрвені 2011 году актывіст прафсаюзнай групы «Студэнцкая Рада» Алесь Крот (таксама зьвязаны з РЭП) дамогся прызнаньня свайго адлічэньня з БНТУ незаконным.

А вось такія актыўныя ў свой час студэнты, як Тацяна Хома ў 2005, Тацяна Шапуцька ў 2009, Зьміцер Жалезьнічэнка ў 2007 — таксама зрабілі ўсё , каб аднавіцца праз суд, але толькі апошняму далі такую магчымасьць. Зрэшты, ужо на наступны дзень пасьля свайго аднаўленьня ў Гомельскім унівэрсытэце Жалезьнічэнка быў зноў адлічаны, але з выкананьнем усіх фармальнасьцяў. Цяпер усе пералічаныя актывісты працягваюць навучаньне за мяжой.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0742 seconds.