Суд аднавіў студэнцкага актывіста ў БНТУ

Актывіст прафсаюзнай групы «Студэнцкая Рада» Алесь Крот дамогся прызнаньня свайго адлічэньня з БНТУ незаконным. Адпаведнае рашэньне вынес суд Савецкага раёну ў Менску. Сам Алесь называе рашэньне суда ўнікальным, але чакае працягу цяжбы з БНТУ ў вышэйшых інстанцыях.

Алесь Крот
Алесь Крот

Сэнсацыяй скончыўся працэс «Алесь Крот супраць Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту». Актывіст прафсаюзнай групы «Студэнцкая Рада» Алесь Крот, адлічаны, як ён лічыць, у сувязі зь яго грамадзкай дзейнасьцю з 2-га курсу завочнага аддзяленьня будаўнічага факультэту БНТУ, дамогся аднаўленьня праз суд.

Афіцыйнай падставай для адлічэньня ў лютым 2011 году стала «акадэмічная непасьпяховасьць».

«За некалькі дзён да адлічэньня ў мяне быў вобшук на кватэры, — кажа Алесь Крот. — Пасьля мяне выклікаў дэкан. Ён спытаў, чым я займаюся. Я адказаў, што вучуся-працую. Такім адказам дэкан не задаволіўся і пачаў цікавіцца маёй грамадзкай дзейнасьцю. Пытаўся, ці быў на Плошчы».

А празь дзень Алеся адлічылі з унівэрсытэту. Ён меў акадэмічныя запазычанасьці, але па правілах у яго яшчэ быў час іх даздаць. Чамусьці гэтага не дазволілі. А ў дэканаце хлопец толькі і пачуў, што галоўная праблема палягае «ў тваёй грамадзкай дзейнасьці».

«Справа была шытая белымі ніткамі, — лічыць Алесь. — І даказаць, што маё адлічэньне было неправавым, ня вельмі складана. Любы судзьдзя на працягу дня пацьвердзіў бы, што адлічэньне было незаконным».

Так і здарылася. Сёньня ў Менску суд пастанавіў аднавіць студэнта ў БНТУ, а з унівэрсытэту спагнаць 70 тысячаў рублёў на карысьць дзяржавы.


Алесь Крот. Фота Юлі Катаржынскай

Але цяпер Алесь чакае не вяртаньня студэнцкага білета, а новых цяжбаў з унівэрсытэтам — гледзячы па ўсім, БНТУ вэрдыктам не задаволіцца.

«Я ішоў на працэс, каб паказаць, што гэта магчыма — выйсьці пераможцам у такой сытуацыі. Каб хлопцы, што сутыкаюцца з падобнымі праблемамі, не адразу ірвалі кіпцюры за мяжу, а маглі абараніць свае правы тут. Гэта добры кейс, добры прэцэдэнт для нас. На яго падставе можна зрабіць шмат цікавых рэчаў», — кажа Алесь і адзначае, што яго бачаньне будучыні чарговы раз перамянілася.

Вынік працэсу сапраўды можа стаць унікальным для Беларусі. Намаганьні незаконна адлічаных з-за грамадзкай дзейнасьці студэнтаў амаль ніколі не прыводзілі да іх аднаўленьня. Тацяна Хома ў 2005, Тацяна Шапуцька ў 2009, Зьміцер Жалезьнічэнка ў 2007 — усе яны рабілі ўсё, каб аднавіцца праз суд, але толькі апошняму далі такую магчымасьць. Зрэшты, ужо на наступны дзень пасьля свайго аднаўленьня ў Гомельскім унівэрсытэце Зьміцер быў зноў адлічаны, але з выкананьнем усіх фармальнасьцяў. Цяпер усе пералічаныя актывісты вымушаныя вучыцца за мяжой, аднак не перарываюць сваю дзейнасьць у Беларусі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0675 seconds.