Студэнтам арганізуюць «самакіраваньне» пры Мінгарвыканкаме

Студэнцкую раду з кансультатыўнымі функцыямі пры мэрыі неўзабаве створаць у Менску. Яе сяброў ужо «папярэдне» выбралі ў сталічных ВНУ пры дапамозе БРСМ.

Аб рашэньні стварыць раду студэнтаў пры Мінгарвыканкаме заявіў БелТА кіраўнік аддзелу па справах моладзі мэрыі Аляксей Півавараў. Такім чынам у Менску будуць «ствараць умовы для разьвіцьця студэнцкага самакіраваньня».

Новую арганізацыю ў мэрыі называюць «органам студэнцкага самакіраваньня». Зоймецца яна абаронай правоў студэнтаў, рэалізацыяй праектаў, нават кантактамі зь бізнэсам. Але ўсё кіраваньне абмяжуецца рэкамэндацыйным характарам яе рашэньняў.

Каб трапіць у лік 33 сяброў рады, трэба было дамагчыся абраньня на сумесным пасяджэньні органаў студэнцкага самакіраваньня і грамадзкіх арганізацый ўнівэрсытэту. Такія паседжаньні ўжо прайшлі ў кожнай менскай ВНУ, а арганізаваць іх дапамог Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Праўда, «папярэдні» склад рады пакуль не абвешчаны.

Рада-2

Скарочана паўсталую структуру называюць «студрадай», але ў Беларусі ўжо ёсьць адна «Студэнцкая Рада» — арганізацыя студэнтаў, якая ўжо некалькі гадоў афіцыйна дзейнічае як суполка незалежнага прафсаюзу. Яна таксама абараняе правы студэнтаў, а таксама прадстаўляе іх інтарэсы ў замежжы. Праўда, уявіць прадстаўнікоў гэтай арганізацыі ў органе пры мэрыі наўрад ці магчыма.

Стваральнікі першай Студэнцкай Рады, якія цяпер пашырылі сваю дзейнасьць праз новую арганізацыю «Цэнтар разьвіцьця студэнцкіх ініцыятыў», кажуць, што новая «рада» выклікае «расчараваньне».

«Нас расчароўваюць паўнамоцтвы Студэнцкага савету г. Мінска, якія абмяжоўваюцца толькі рэкамэндацыйнымі функцыямі, што не дазваляе самастойна і незалежна прымаць рашэньні, — гаворыцца ў заяве Цэнтру. — Перасьцярогі выклікае таксама магчымая залежнасьць Студэнцкага савету г. Мінска […] ад Мінгарвыканкаму і іншых дзяржаўных органаў».

Таксама стваральнікі Студэнцкай Рады незадаволеныя працэдурай абраньня «папярэдніх» сяброў мэрскай рады і магчымым удзелам у ёй БРСМ.


Сашы Назарук на хапіла дзесятку галасоў, каб увайсьці ў Моладзевую палату пры Менгарвыканкаме

Палата-3

Яшчэ адзін моладзевы орган пры Мінгарвыканкаме — Моладзевая палата — сёлета перажываў трэцяе скліканьне. Складаецца палата з вучняў 9-11 клясаў менскіх школаў, якія зьбіраюцца, каб нешта рэкамэндаваць мэрыі.


Дэпутат Менгарсавету, першы сакратар менскага БРСМ Юры Чачукевіч (зьлева) на выбарах у Моладзевую палату

У сьнежні адбыліся выбары ўжо ў трэцюю Моладзевую палату. Іх паспрабавалі зрабіць дэмакратычнымі: з праграмамі кандыдатаў, старонкай Vkontakte і галасаваньнем ў Інтэрнэце. Праўда, ня ўсіх адпавядаючых фармальным крытэрам кандыдатаў дапусьцілі да інтэрнэт-выбараў, а самі яны аказаліся непрадуманымі. Некаторых кандыдатаў нават зьнялі «за накруткі». А імёны тых, хто ў выніку патрапіў у трэцюю палату, усё ж былі вызначаныя без удзелу Інтэрнэту і пад пільным даглядам адпаведных службовых асобаў.


Відэа-ролікі кандыдатаў у Моладзевую палату

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0578 seconds.