Моладзевыя парлямэнтары будуць кантраляваць сваіх аднагодкаў

Склад моладзевых парлямэнтаў, утвораных у гэтым годзе ў некаторых абласных цэнтрах і Менску, нагадвае формулу савецкіх часоў: школьнікі і студэнты на выбарах у гэтыя дарадчыя органы прагаласавалі за «блёк камуністаў і беспартыйных». Альбо ў сучаснай вэрсіі даўніх выбараў — за БРСМаўцаў, піянэраў і актывістаў «навучальніцкага самакіраваньня».


Фота www.grodnonews.by

У прыватнасьці, моладзевы парлямэнт, што пачаў працаваць пры Гарадзенскім абласным савеце дэпутатаў, утварылі 59 школьнікаў. У іх ліку — 46 сяброў БРСМ, двое піянэраў і 11 актывістаў вучнёўскага самакіраваньня.

Як адзначае сайт Гарадзенскага аблвыканкама, парлямэнтарыі зоймуцца «ўдасканаленьнем прававога поля моладзевай палітыкі, у тым ліку ў пытаньнях супрацьпраўных паводзін школьнікаў».

Супрацьстаяць парушальнікам беларускіх законаў зь ліку сваіх аднагодкаў 59 БРСМаўцаў і актывістаў зьбіраюцца пераважна мэдыйнымі сродкамі: яны хочуць «стварыць рэгіянальную газэту і крэатыўны тэлеканал». І, вядома, весьці прапаганду ў сацыяльных сетках.

Займальна, што ў плянах парлямэнтарыяў няма ніводнага слова пра самакіраваньне. Між тым міністар адукацыі Сяргею Маскевічу «вельмі важна, каб студэнцкае самакіраваньне рэальна працавала, на ўзроўні ВНУ, прычым з карысьцю для студэнтаў». Аб гэтым ён заявіў на старонках «Народнай газэты».

Пры гэтым моладзевыя парлямэнты на думку міністра — выдатны прыклад такой мадэлісамакіраваньня. У прыклад ён прыводзіць моладзевы парлямэнт у Менску, які, «на думку многіх, працуе добра, эфэктыўна, з карысьцю для моладзі».

Зрэшты, Маскевіч разумее студэнцкае самакіраваньне троху адрозна ад эўрапейскай традыцыі. Для Мінадукацыі цяпер гэта найперш «студэнцкія ініцыятывы, якія накіраваныя на стварэньне спрыяльных умоваў для навучаньня, і тыя, што павышаюць сацыяльную актыўнасьць моладзі».

Сашы Назарук на хапіла дзесятку галасоў, каб увайсьці ў Моладзевую палату пры Менгарвыканкаме

Як абіралі моладзевую палату Менска

У сьнежні адбыліся выбары ўжо ў трэцюю Моладзевую палату. Іх паспрабавалі зрабіць дэмакратычнымі: з праграмамі кандыдатаў, старонкай Vkontakte і галасаваньнем ў Інтэрнэце. Праўда, ня ўсіх адпавядаючых фармальным крытэрам кандыдатаў дапусьцілі да інтэрнэт-выбараў, а самі яны аказаліся непрадуманымі. Некаторых кандыдатаў нават зьнялі «за накруткі». А імёны тых, хто ў выніку патрапіў у трэцюю палату, усё ж былі вызначаныя без удзелу Інтэрнэту і пад пільным даглядам адпаведных службовых асобаў.

У любым разе, у моладзевых парлямэнтарыяў яшчэ шмат працы, на вакацыі ня сыдзеш: хутка на хвалі папулярнасьці аналягічных арганізацый у Расеі будзе створаны «моладзевы саюзны парлямэнт». Ён дасьць моладзі магчымасьць «браць актыўны ўдзел у прыняцьці рашэньняў» у саюзнай дзяржаве Беларусі і Расеі. Ды і думаць, як зьберагчы аднаклясьнікаў ад «супрацьпраўных дзеяньняў», ужо час.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1699 seconds.