Беларусь апусьцілася на 25 пазыцый у рэйтынгу краін па хуткасьці Інтэрнэту

Рэсурс Net Index разьмясьціў Беларусь на 92 месцы ў рэйтынгу краін сьвету паводле сярэдняй хуткасьці Інтэрнэту, у якім лідзіруе Літва. За год наша краіна апусьцілася ў гэтым сьпісе на 25 пазыцый. Таксама арганізацыя назвала беларускія гарады з найбольш хуткім Інтэрнэтам і кампаніі, якія яго забясьпечваюць.

Беларусь — толькі 92 краіна ў сьвеце па сярэдняй хуткасьці шырокапалоснага Інтэрнэту. Такія дадзеныя ўтрымлівае рэйтынг, складзены амэрыканскай кампаніяй Ookla у супрацоўніцтве з рэсурсамі Speedtest.net і Pingtest.net. Паводле дадзеных кампаніі, сярэдняя хуткасьць загрузкі ў Сеціве ў нашай краіне — 3.31 мэгабіты ў сэкунду. Гэта значыць, што сярэдні юзэр можа разьлічваць на запампоўку 113 кілябайтаў інфармацыі ў сэкунду. То бок музычнай кампазыцыя ў 5 000 кілябайтаў будзе запампоўвацца 44 сэкунды.

Паводле рэйтынгу, краінай са шпарчэйшым Інтэрнэтам зьяўляецца Літва. Сярэдняя хуткасьць перадачы інтэрнэт-дадзеных у нашай суседкі складае 31.73 Мбіт у сэкунду. На другім і трэцім месцах — Паўднёвая Карэя (29.92 Мбіт) і Латвія (26.62 Мбіт).

Расея знаходзіцца на 39 месцы з хуткасьцю 11.17 Мбіт, ня моцна саступаючы ЗША (35 месца) і Канадзе (32 месца).


Гарады Беларусі паводле хуткасьці Інтэрнэту. Дадзеныя — Net Index

Сярод беларускіх гарадоў самы хуткі Інтэрнэт можна знайсьці ў Менску. Гэта адзінае месца, у якім хуткасьць Сеціва перавышае сярэдні паказчык па краіне. У астатніх гарадах Беларусі, у тым ліку першых чатырох у рэйтынгу, акрамя Менску — Маладзечна, Баранавічах, Барысаве і Воршы — хуткасьць не перавышае 3 мегабіт у сэкунду.

Кампанія таксама назвала правайдэр, якія прадастаўляюць найхутчэйшы доступ у Інтэрнэт. Першае месца ў гэтым сьпісе займае кампанія UNIBEL (22.15 Mbps), Qline (16.00 Mbps) і TCM (8.72 Mbps). Вялікія гульцы, такія як Белтэлекам, Velcom альбо МТС, займаюць апошнія радкі ў рэйтынгу правайдэраў па хуткасьці. Найлепшы зь іх — кампанія Solo — займае пяты радок.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0595 seconds.