«Толькі 5 чалавек здавалі тэст па гісторыі Беларусі па-беларуску»
Моладзь усё меней цікавіцца беларускай мовай. Першы этап рэпэтыцыйнага тэставаньня па гісторыі Беларусі ў БДУ дэманструе шакуючыя лічбы.
Фота marketing.by
Нядаўна ў БДУ прайшоў першы этап рэпэтыцыйнага тэставаньня. Мову ўсіх тэстаў, акрамя моўных, могуць выбіраць самі абітурыенты. Папярэднія вынікі запісу на тэсты ў БДУ не суцяшальныя для беларускай:
«Адметнай асаблівасьцю зьяўляецца тое, што калі ў мінулым годзе знаходзіліся жадаючыя здаваць тэставаньне на беларускай мове, то ў гэтым годзе такіх няма. Толькі пяць чалавек здавалі тэст па гісторыі Беларусі на беларускай мове», — паведаміў парталу interfax.by дырэктар Навучальнага цэнтру вочна-завочнага і дыстанцыйнага навучаньня БДУ Вадзім Міцянкоў.
Агулам, па словах дырэктара, узровень ведаў у Белдзяржуніверсітэце, ужо праверылі каля 1 тысячы абітурыентаў.
З 2006 году ў многіх беларускіх школах гісторыя Беларусі выкладаецца па-расейску. Яшчэ ў 2010 годзе 40% абітурыентаў здавалі ЦТ па гісторыі Беларусі па-беларуску. У 2011 годзе суадносіны рускамоўных і беларускамоўных знаўцаў гісторыі былі прыкладна такім ж.
У 2011 годзе тэставаньне па беларускай мове пісалі 53 тысячы абітурыентаў, па расейскай — 94 тысячы. Пяць гадоў таму тых, хто здаваў беларускую, было на 12 тысячаў болей. Расейскую здавалі прыкладна столькі ж абітурыентаў.