Студэнты ўзьнялі кошты на праезд

Да канца году квіток на праезд у менскім транспарце можа каштаваць 1850 рублёў. Падвойны рост кошту мэрыя зьвязвае з адменай платы за праезд для студэнтаў, а таксама са складанымі эканамічнымі ўмовамі.


Як будуць расьці кошты на праезд у Менску (праект мэрыі)

«У Менску неабходна падвышаць кошт праезду да канца году ў 2 разы — да 1850 рублёў», — сказаў сёньня мэр Мікалай Ладуцька, перадае БелТА.

Паводле яго слоў, калі кошты не ўзьняць цяпер, то ў бюджэце зьявіцца дзірка памерам у $500 мільёнаў па цяперашнім курсе.

Паводле прапановы мэрыі, ужо ў гэтым месяцы кошты на праезд уздымуць да 1 300 рублёў, у лістападзе — да 1 600, а перад Новым годам менчукі будуць плаціць 1 850 за адзін квіток. Цяпер гэтыя лічбы ўзгадняюцца з Міністэрствам эканомікі.

Апошні раз праезд даражэў у верасьні — на 50 рублёў.

Падвышэньне платы за праезд у менскай мэрыі тлумачаць інфляцыяй, а таксама адменай платы для студэнтаў. Зь сярэдзіны верасьня па загадзе Лукашэнкі навучэнцам дзённай формы нечакана дазволілі езьдзіць бясплатна. У выніку вырасьлі і датацыі зь бюджэту на праезд. Па словах мэра — на ўсё тыя ж $500 мільёнаў. Акрамя студэнтаў дзённага, якіх у сталіцы 250 тысячаў, бясплатна па горадзе могуць езьдзіць і школьнікі (140 тысячаў).

Цяпер, як кажуць транспартнікі, менчукі аплочваюць толькі 45% кошту на праезд, бо насамрэч квіток мусіць каштаваць 2 500 рублёў.

Між тым у Менску ўжо тыдзень ходзяць чуткі аб верагодным вяртаньні платы за праезд для студэнтаў. Афіцыйных пацьверджаньняў гэтай інфармацыі не было.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0677 seconds.