«Камяніца» на вольным паветры

Фэстываль беларускага фольку «Камяніца» ўжо ня першы год бярэ музэй у Строчыцах у аблогу. І кожным разам у музыкаў гэта атрымліваецца ўсё лепей. Сёлетняя дзея стала яскравым пацьверджаньнем гэтага: тысячы наведвальнікаў, добрая праграма і нават замежная зорка ў фінале аказаліся вельмі трапнай прапановай на выходныя.

Калі і ёсьць рэцэпт удалага беларускага фэстывалю ў часы валютна-мяснога дэфіцыту, то яго дакладна ведаюць арганізатары «Камяніцы». Ідэальная для песень нашых бабулек пляцоўка ў выглядзе музэю народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах, неверагодная блізкасьць да Менску (некаторыя ўдзельнікі нават без дапамогі бясплатных аўтобусаў лёгка пераадольвалі пяцікілямэтровы шлях да фэсту пешкі), танныя квіткі, пачатак працоўна-навучальнага сэзону і канешне ж свая музыка.

Апошні інгрэдыент, мабыць, ёсьць галоўным у мэню «Камяніцы». Лішнім пацьверджаньнем гэтага стаў іншы фэст «Вольнае паветра», што здарыўся за тыдзень да гэтага ў ста кілямэтрах ад сталіцы на хутары Шаблі. Яго таксама абвясьцілі фолькавым, паклікаўшы на дзьве сцэны фэсту ў тым ліку і замежных музыкаў.

Непазьбежна заўсёднікі беларускіх канцэртаў пусьціліся ў параўнаньні двух дзей. І адзначылі, што абодва фэсты атрымаліся: «Вольнае паветра» — стварэньнем атмасфэры фэстывалю, а «Камяніца» — масавасьцю прыемнага, вясёлага і нечакана «іншага» ва ўсіх сэнсах гледача. Сапраўды, на такіх канцэртах «на траве» ва ўмовах бруднаватых палявых сьцежак музэю ўсё становіцца прасьцей: адпадае неабходнасьць уважліва назіраць за формай чубку, можна нават зьяднацца з валасатымі аматарамі піва ў адной-адзінай чарзе на ўвесь музэй за хмельным напоем.

«Зьнікае нацыя, зьнікае мова»

Але галоўнай фішкай фэсту стала спроба замацаваць ужо даўна папулярную ў нашых суседзяў тэндэнцыю да пашырэньня ў масах нацыянальных строяў. Хлопцы ў вышыванках і дзяўчыны ў прыгожых строях, часам нават зробленых сваімі рукамі, атрымлівалі халяўны квіток на фэст. Ад чаго асабліва ў яго пачатку на полі перад сцэнай сабраўся значны натоўп з апранутай па ўсіх канонах дзевятнаццатага стагодзьдзя моладзі.

Праз гэта вышыванка галоўнай зоркі фэстывалю — украінца Алега Скрыпкі — выглядала вельмі нават дарэчнай. Скрыпка па замове аднаго з арганізатараў фэсту Алега Хаменкі прывёз на «Камяніцу» раней ня чутую ў Беларусі праграму ў стылі «этна-дыска». Алег Хаменка падкрэсьліў, што «доўга шукаў чалавека, які мог бы выканаць нешта падобнае ў нас», але знайшоў яго толькі за мяжой.

Скрыпка пакідае ўражаньне абаяльнага і ўпэўненага ў сабе шоўмэна, энэргія якога дазваляе знаходзіцца на двух кантынэнтах амаль адначасова. Яшчэ за пару дзён да «Камяніцы» ён дае канцэрт у Нью-Ёрку, праз суткі аказваецца ва ўкраінскіх Чарнаўцах на літфэсьце, а ўжо ў суботні вечар грае перад некалькімі тысячамі беларусаў у цені вялікага млыну.

Нейкім цудам Скрыпка пасьпявае выконваць ролю ратавальніка ўкраінскай нацыі (праз тэлебачаньне ва Ўкраіне, па яго словах, «адбываецца сапраўдны культурны генацыд. Зьнікае нацыя, зьнікае мова»), прадусара штогадовага кіеўскага фэсту «Краіна мрій» (Алег марыць пра пашырэньне фэсту на Беларусь) і фронтмэну «Вопляў Відоплясова», якія «амаль дапісалі» новы альбом. Па словах Скрыпкі, у працы над новай плыткай ВВ засталося дарабіць літаральна некалькі кампазыцый, праўда, зноўку з-за шчыльнага графіку пісаць іх няма калі: на аднаўленьне голасу перад запісам у студыі Скрыпцы трэба як мінімум два тыдні.

Дыскатэка ад O’SKRYPKA спрэс няроўная, быццам тое поле перад сцэнай. Пачынаючы з даволі цікавых электронных апрацовак галасоў аўтэнтычных бабулек, сэт украінскага сьпевака з часам коціцца кудысьці ў бок галя-канцэрту Славянскага базару, ад чаго сэнсу ў гэткім этна-дыска сэнсу становіцца ўсё меней і меней. Затое беларускай музыкі ў сэце Скрыпкі прыкладна пятая частка.

«Праблема ў тым, што на канцэртах не заўжды анансуецца, што будуць выступаць ня Воплі Відаплясава, а ды-джэй O’SKRYPKA, — кажа новасьпечаны герой электроннай сцэны. — І людзі чакаюць іншага. Але мне падабаецца тэндэнцыя ўплятаньня электроннай музыкі ў этна-фэсты».

«А дзе «Троіца?»

— гэта пытаньне ня раз задавалі тыя, хто знаёміўся з праграмай мінулатыднёвага фэсту на хутары Шаблі. І «Троіца» аказалася бліжэй, чым чакалася: на «Камяніцы» гурт толькі другі раз з часу выхаду свайго новага альбому «Зімачка» даў канцэрт у Беларусі. Кірчук і кампанія, у адрозьненьні ад таго ж гіперактыўнага Скрыпкі, дагэтуль ставяць на продажы сваіх дыскаў, ад чаго ўсе паўзы паміж кампазыцыямі запаўняе рэкляма новай плыткі, зьведзенай на польскай студыі намінантам на прэмію «Грэмі».

І, гледзячы па рэакцыі слухачоў, якія надалі выступу «Троіцы» максымальную ўвагу на фэсьце, «Зімачка» мае ўсе шанцы выйсьці ў топ продажаў CD гэтай зімой. Два бісы, на якія выходзіла каманда сівабародага зьбіральніка фальклёру Кірчука, сьведчаць аб гэтым найлепш.

Гл. таксама: фотарэпартаж з фольк-фэсту «Камяніца 2011»

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.078 seconds.