Тысячы студэнтаў зноў адпраўляюць «на бульбу»

На збор ураджаю ужо з панядзелку адправяць болей за 16 тысячаў навучэнцаў Віцебскай і Гарадзенскай абласьцей. За месяц працы студэнтам абяцаюць заплаціць каля 30 даляраў. Зрэшты, і гэтыя грошы застаюцца пад пытаньнем.


Ёсьць меркаваньне, што сярэдні беларус зьядае штодзень амаль кіляграм бульбы. Фота jamespiatt.com

Ужо ў панядзелак 6 100 віцебскіх і 10 000 гарадзенскіх студэнтаў, навучэнцаў сярэдніх спэцыяльных устаноў і прафэсійна-тэхнічных вучылішчаў адправяцца на бульбу. 1 800 зь іх — студэнты.

Што цікава, «на бульбу» адпраўляюць нават платнікаў:

«450 чалавек у нас сёлета адпраўляецца: і платнікі, і бюджэтнікі — і тыя, і тыя паедуць. Да трэцяга курса ўсе студэнты. Мы здымаем цэлы курс, і цэлы курс едзе», — распавёў Эўрарадыё кіраўнік студэнцкага прафкаму Віцебскай дзяржаўнай акадэміі вэтэрынарнай мэдыцыны Ўладзімір Аўдачонак. Гэта ВНУ направіць на палі найбольшую колькасьць студэнтаў. У тры разы меней за віцебскую Акадэмію ў калгасы адправіць Гарадзенскі аграрны ўнівэрсытэт, піша «Гродненская правда».

Пазьбегнуць сельгаспрацаў студэнтам складана: «Уборка сельскагаспадарчай прадукцыі — справа патрэбная. А калі студэнт зь нейкіх прычынаў ня можа выехаць, то мы яго пакідаем на працу ўнутры Акадэміі… Тут патрэбныя працоўныя рукі», — кажуць віцебскія прафсаюзьнікі.

300 тысячаў у месяц

У Віцебскай вобласьці за тыдзень працаў студэнтам абяцаюць 100 тысячаў рублёў. Аднак навучэнцы, якія мелі вопыт такой працы ў мінулым годзе, кажуць, што нават гэтыя мізэрныя грошы атрымалі ня ўсе.

Зрэшты, як піша «Комсомольская правда», большасьць хлопцаў будуць займацца зусім ня бульбай:

«З бульбай цяпер у асноўным спраўляюцца бульбаўборачныя камбайны, а хлопцы будуць занятыя на ўборцы гародніны, карняплодаў, лёну», — кажуць у віцебскай Акадэміі.

Студэнтаў прымусяць працаваць на палях да кастрычніка.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0628 seconds.