Gods Tower апублікаваў прэв’ю альбому «10-гадовай вытрымкі» (+mp3)

Легендарныя гомельскія мэталісты, якія сабраліся пасьля 10-гадовага перапынку, завяршаюць працу над альбомам «Steel says last». Рэліз абноўленага гурта чакаўся яшчэ ўвесну, аднак «гэты тайм-аўт пайшоў толькі на карысьць, бо зьявілася магчымасьць абдумаць многія дэталі больш старанна», — тлумачыць фронтмэнт гурта Lesley Knife.

Gods Tower

«Трэба сказаць, што нягледзячы на мноства непрыемнасьцяў, што нас перасьледавалі, і даволі суровыя абставіны, мы ўсё ж давялі наш альбом да фінальнай стадыі. Уся праца ў студыі завершана. Матэрыял адпраўляецца на зьвядзеньне і майстарынг», — піша Gods Tower, анансуючы прэв’ю да альбома.

Альбом насамрэч чаканы. «Steel says last» — чацьверты альбом гурта — меў выйсьці болей 10 гадоў таму. Тады Gods Tower меў за плячыма тры альбомы і болей чым 10-гадовую гісторыю актыўнай канцэртнай дзейнасьці па Беларусі і па сьвеце, будучы легендарнейшым мэтал-гуртом беларускай сцэны.

Аднак у 2002 годзе Gods Tower распаўся, а праз год памёр гітарыст, адзін з заснавальнікаў гурта, кампазытар Аляксандар Уракаў. Астатнія музыкі гурта перайшлі ў іншыя ці заснавалі свае праекты. Пры аднаўленьні Gods Tower у залатым складзе ў 2010, музыкі так і адзначалі: «Мэта цяпер — сыграць як Уракаў тое, што ім напісана, і запісаць тое, што не запісана ім».

Gods Tower

«Нягледзячы на тое, што гэта павінна было адбыцца яшчэ вясной, і затрымка здаецца каласальнай, мы тым ня менш, лічым, што гэты тайм-аўт пайшоў толькі на карысьць, бо ў нас зьявілася магчымасьць абдумаць многія дэталі больш старанна. У выніку, атрымалася нешта, што нас саміх зьдзівіла. І хутка прыйдзе ваша чарга зьдзіўляцца», — анансуюць цяпер альбом музыканты.

Прэв’ю да новага альбома Gods Tower:
generation.by/mp3/gods_tower_steel_says_last_preview.mp3

Дакладную дату выхаду і больш падрабязную інфармацыю пра альбом музыкі пакуль не раскрываюць — каб не сурочыць.

Чытайце таксама інтэрвію з Lesley Knife пасьля першага канцэрту адноўленага Gods Tower і глядзіце вялікі фотарэпартаж з другога менскага канцэрту.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0633 seconds.